Мадэрнізацыя — патрэба часу

532Па выніках ідэалагічнай работы ў мінулым годзе ААТ “Лепельскі малочнакансервавы камбінат” прызнаны лепшым сярод прамысловых прадпрыемстваў вобласці. Напярэдадні свята мы сустрэліся з генеральным дырэктарам прадпрыемства Аляксандрам Міхайлоўскім.
— Аляксандр Мікалаевіч, якія надзённыя задачы вырашаеце сёлета?
— На парадку дня — далейшая мадэрнізацыя прадпрыемства, без якой мы не зможам быць канкурэнтаздольнымі ва ўмовах рынку. За мінулы і гэты год асвоена каля ста пяцідзесяці мільярдаў рублёў інвестыцый. Інвестыцыі — наш асноўны патэнцыял, гэта льготныя крэдыты банкаў і ўласныя сродкі прадпрыемства.
— Што зроблена?
— Уведзена ў строй новая кацельня — на прыродным газе. Асвоена выпрацоўка электра­энергіі. Зараз цяпло ўтылізуецца на вытворчыя патрэбы. Устаноўлена лінія па крышталізацыі сыроваткі, якая дазваляе больш эфектыўна яе сушыць. Прадпрыемства набыло шэраг механізмаў для энергазберажэння, якія ўвайшлі ў склад тэхналагічнай лініі вытворчасці, — помпы, электрарухавікі і г.д.
— Як яшчэ дасягаеце эканоміі?
— Каб не будаваць, як кажуць, з нуля, задзейнічалі пад падсобную вытворчасць практычна ўсе будынкі, якія ёсць у наяўнасці: старую кампрэсарную, майстэрню, гаражы — рамонт і пера­прафіляванне ў якіх ужо завяршаем. Добраўпарадкавалі тэрыторыю прадпрыемства.
— Будуць у бліжэйшы час адкрывацца новыя цэхі, пашырацца вытворчасць?
— Бліжэйшая наша глабальная задача — будаўніцтва цэха па вытворчасці сухога малака і далейшая рэканструкцыя сучаснай вытворчасці для вырабу ўсіх відаў сыроваткі і сыроватачна-тлушчавых канцэнтратаў.
— Навошта такія канцэнтраты?
— Яны з’яўляюцца асновай для вытворчасці замяняльнікаў цэльнага малака, патрэбных для таго, каб паіць цялят. Некаторыя ж віды такіх канцэнтратаў, харчовыя, выкарыстоўваюць у кандытарскай вытворчасці.
— На якім этапе будаўніцтва цэха?
— Праведзены тэндар. Заключана дамова з фірмай NDT (Данія) на суму 13,8 мільёна еўра. Адкрыты акрэдытыў у ААТ “Банк развіцця РБ” на першую выплату ў суме чатырох мільёнаў еўра. Па-сутнасці, пачата ўжо будаўніцтва. Вядзецца рэканструкцыя старой кацельні пад склад. У будучым правя­дзём яшчэ шэраг тэндараў па другой чарзе, зробім даўкамплектацыю абсталявання па сушцы сыроваткі і малочна-тлушчавых канцэнтратаў.
— І якіх вынікаў чакаеце пасля ўвядзення ў эксплуатацыю дадзенага цэху?
— Па-першае, энергазберажэння. Па-другое, будзе новая тэхналогія вытворчасці малака з нізкай тэмпературнай апрацоўкай. Па-трэцяе, зможам наладзіць выраб хуткарастваральнага малака, якое карыстаецца попытам ва ўсім свеце.
— Раскажыце пра мадэрнізацыю ў філіялах…
— На Талачынскім устаноўлена лінія па згушчэнні сыроваткі на аснове мембранных тэхналогій: выпарваецца вада і часткова адбываецца мінералізацыя — нітрыты, нітраты выдаляюцца. Зроблена рэканструкцыя малочнага сховішча, абсталявана новая халадзільная ўстаноўка. Паралельна правялі рэканструкцыю маслацэха, падвальных камер для выспявання сыру. Гэта дазволіла вырабляць сыры працяглага тэрміну выспявання, такія як “Гройцэр”, “Маасдамер”, “Грунталлер”, апошні — з хлебным зернем. Дарэчы, гэтыя сыры можна купіць і ў Лепелі. Устанавілі дапрасоўку, што дазволіла павялічыць аб’ём вытворчасці сыру з пяці да васьмі тон у суткі.
Прывялі ў адпаведнасць будынкі на тэрыторыі Докшыцкага вытворчага цэху. Устанавілі новую лінію прыёму малака, пабудавалі новыя халадзільныя кампрэсары, вытворчую лабараторыю. Пачалі работу па падрыхтоўцы вытворчых будынкаў і збудаванняў для ўстаноўкі абсталявання па вытворчасці мяккіх сыроў. Вялікі аб’ём працы праведзены таксама ў Бешанковіцкім філіяле: паклалі асфальт, плітку, упарадкавалі бытавыя памяшканні.
— Акрэсліце рынак збыту…
— У выніку ўсіх вышэйпералічаных мерапрыемстваў мы сертыфікуемся на вядучых прадпрыемствах Расійскай Федэрацыі і постсавецкай прасторы. Трымаемся і на Венесуэльскім рынку, куды паставілі сёлета трыста тон прадукцыі.
— Якую работу праводзіце на вашых сельскагаспадарчых філіялах?
— Кожны год будуем там адзін-два аб’екты. У Звяздзе аднавілі старую ферму, пабудавалі робатызаваную ферму ў Юркоўшчыне на тысячу галоў і паставілі шлейф па ўзнаўленні жывёл асноўнага статка на 960 галоў. Летась правялі глабальную рэканструкцыю жывёлагадоўчых памяшканняў з будаўніцтвам робатызаванай фермы на чатырыста галоў у Старым Лепелі. Адной з праблемных галін з’яўляецца кормавытворчасць. У гэтым месяцы бу­дзе ўведзена ў эксплуатацыю зернесховішча ў Стаях на дзесяць тысяч тон зерня. Плануем таксама ў далейшым пераапрацоўваць зерне на грануляваны камбікорм. Будзем будаваць у Стаях міні-камбікормавы завод магутнасцю да дзесяці тысяч тон за змену. Набылі новы корма­ўборачны камбайн “Крона” для закладкі грубых кармоў. Нам сёння не хапае траншэй, таму пабудуем яшчэ тры-чатыры сянажныя траншэі змяшчальнасцю дзесяць — дванаццаць тысяч тон.
Гутарыў Уладзімір МІХНО.
На здымку: Аляксандр Міхайлоўскі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>