Валанцёры

501Дзяніс Капытаў, вучань дзявятага “В” класа гімназіі імя М. Ерашова, нядаўна вярнуўся з паездкі ў Германію.
— Дзяніс, як ты трапіў у Германію?
— Спансіравала нашу паездку, наколькі мне вядома, міжнародная арганізацыя “Экадом”, пад патранажам якой мы займаемся рознай дабрачыннай дзейнасцю.
— Хто вы і якой дабрачыннасцю займаецеся?
— Мы — моладзь Беларусі і Германіі, разам дапамагаем пажылым адзінокім людзям.
— Якім чынам?
— Вось улетку па вуліцы Савецкай у Лепелі дом дзядулю фарбавалі, а затым у Бараўлянах малазабяспечанай сям’і дапамагалі рабіць рамонт: клеілі шпалеры, лінолеум слалі, плінтусы прыбівалі.
— Ты ўпершыню ў гэтай арганізацыі? Як ты ў яе трапіў?
— Так, упершыню. Сяброўка Кацярына Докіш, якая таксама ў гімназіі вучыцца, прапанавала папрацаваць. Я згадзіўся. Нас трое з Лепеля — я, Анатоль Севярын, Улад Сімановіч і яшчэ дзяўчынка з Ліды.
— Ты згадзіўся працаваць бясплатна? Чаму?
— Час вольны трэба было неяк заняць.
— Аднак жа ты мог знайсці сабе працу іншую і падзарабіць улетку.
— Грошы пакуль для мяне не самае істотнае.
— Раскажы пра паездку.
— Паехалі мы на восем дзён. Спыніліся ў мястэчку Бюндэ, пад Білефельдам. Там для валанцёраў здымаюць дом. Жылі разам восем беларусаў, дванаццаць немцаў і перакладчыца.
— Дзе харчаваліся?
— Немцы нам самі ежу гатавалі, вельмі смачна, дарэчы. Ну, а мы посуд мылі.
— Што запомнілася ў паездцы?
— Экскурсія ў канцлагер Берген-Белсэн. Спачатку ён быў пабудаваны для рабочых. У Першую сусветную там размяшчаліся ваеннапалонныя, затым — яўрэі. А ў Вялікую Айчынную гэта быў звычайны канцэнтрацыйны лагер. Нам паказалі саракахвілінны дакументальны фільм. Было жудасна бачыць горы трупаў і жывыя шкілеты.
Яшчэ мы наведалі забаўляльны цэнтр, пагулялі ў футбол.
— Паглядзелі шмат. А сябе паказалі?
— Адзін дзень быў прысвечаны нашай самапрэзентацыі. Мы абаранялі свой праект, праўда, па-руску. Затое невялікую казку “Калабок” паставілі на нямецкай мове. Паказвалі слайды. Гледачам спадабалася. За сваё выступленне мы сабралі паўтары тысячы еўра.
— Якім чынам?
— Нам проста плацілі за канцэрт. Хтосьці з гледачоў плаціў, хтосьці — не. А потым яшчэ нам праспявалі пра Беларусь. Апошнія два дні былі вольным часам. Ездзілі на склад цацак. Я сабе набыў верталёт. У Дортмундзе хадзілі па магазінах. Купіў шорты, майку, быў на стадыёне сваёй любімай футбольнай каманды.
— Трэба так разумець, штэ гэтая паездка стала для вас своеасаблівым бонусам за вашу валанцёрскую працу. Табе падабаецца быць валанцёрам?
— Так. Гэта высакародна.
Гутарыў Уладзімір МІХНО.
На здымку: Дзяніс Капытаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>