Школьная субота ў гімназіі

500Спрэчкі на карысць і супраць шостага школьнага дня не заціхаюць. Магчыма, яны маюць пад сабой глебу. Аднак школьная субота — рэальнасць. І таму цікава, як яна выкарыстоўваецца? На гэту тэму гутарым з намеснікам дырэктара гімназіі па выхаваўчай рабоце Святланай Новікавай.


— Святлана Міхайлаўна, у вас немалы вопыт выхаваўчай работы. На ваш погляд, патрэбен шосты дзень у школе ў тым выглядзе, у якім ён існуе зараз, ці не?
— Пытанне неадназначнае. У шостага школьнага дня ёсць свае плюсы і мінусы.
— Відавочна тое, што за кошт яго школа надта перагружана ў астатнія пяць, у дзяцей — па восем урокаў. Гэта безумоўны мінус. Мінус і тое, што не ўсе вучні маюць магчымасць удзельнічаць у мерапрыемствах шостага школьнага дня, прынамсі, тыя, хто на падвозе. Аднак ёсць і плюсы. Дзецям цікава. Думаеце, у суботу прыходзяць толькі таму, што дзеці ў гімназіі дысцыплінаваныя, высокаматываваныя? Не толькі. Дзякуючы школьнай субоце адкрываюцца шырокія магчымасці для самарэалізацыі. Ды і нам, выхавальнікам, зручна. Напрыклад, праводзіць рэпетыцыі да розных мерапрыемстваў, бо куды ўжо ў буднія дні пасля ўрокаў пакідаць яшчэ і на рэпетыцыю. А ў суботу вольнага часу дастаткова.
— З чаго складаецца шосты школьны дзень?
— Са спартыўных мерапрыемстваў, прысвечаных здароваму ладу жыцця, з экскурсій, паездак, адукацыйна-забаўляльных мерапрыемстваў, прафарыентацыйнай работы, гендарных даследаванняў (работа з бацькамі і сем’ямі), працоўнага і экалагічнага выхавання, з факультатыўных заняткаў і аказання платных адукацыйных паслуг, работы псіхалагічнай службы, спартыўных клубаў, секцый і г.д.
— Якія з гімназічных субот з пачатку гэтага навучальнага года аказаліся найбольш яркія і запамінальныя?
— Першыя асеннія месяцы былі цёплыя і надзвычай насычаныя рознымі спартыўнымі мерапрыемствамі. Запомніўся асенні крос у верасні, у кастрычніку — першынство па настольным тэнісе. Адбыліся свята ўраджаю “Багач” і піянерская гульня “Піянер заўсёды наперадзе”, у якіх гімназія не проста прыняла ўдзел, але і дасягнула пэўнага поспеху. Правялі аперацыю “Чысты двор”, пад час якой навялі парадак на прылеглай тэрыторыі. Вельмі спадабалася дзецям тэматычная дыскатэка, прысвечаная Дню псіхалагічнага здароўя, “Пазітыўны настрой”. Удзельнічалі ў ёй вучні малодшых класаў. Малюнкі, смайлікі малявалі, калажы да відэаролікаў. Натанцаваліся ды і абселі, як верабейкі, на лесвічнай пляцоўцы, стомленыя. І было забаўна бачыць іх такімі, нашу неўгамонную малечу.
— Чым была занятая мінулая субота?
— Турнір па тэнісе праводзілі. Ушчыльную заняліся рэпетыцыяй агульнашкольнага мерапрыемства “Віват, гімназія!” На ім, звычайна, прымаем у гімназісты пяцікласнікаў, а пасвячаюць іх вучні шостага класа. Цікава ж усёй школе.
— А пра далейшыя планы думалі?
— Будзем рыхтавацца да фестывалю “Сузор’е талентаў” — кшталту тэлевізійнага “Моманту славы”, які па традыцыі праходзіць у гімназіі маштабна, з удзелам бацькоў. Задумак шмат і планаў таксама. Будзем іх рэалізоўваць.
Гутарыў
Уладзімір МІХНО.
На здымку: субота ў гімназіі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>