Аддзяленне гемадыялізу

З кожным годам усё больш умацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база цэнтральнай раённай бальніцы. Ва ўсіх аддзяленнях створаны выдатныя ўмовы для пацыентаў, устаноўлена сучаснае медыцынскае абсталяванне.

Як ні цяжка ўсведамляць, але як у нашым, так і ў суседніх раёнах ёсць людзі з хранічнымі захворваннямі нырак, якім некалькі разоў у тыдзень неабходна праходзіць працэдуру гемадыялізу. Раней для таго, каб прайсці такую працэдуру, жыхарам Лепельшчыны патрэбна было наведваць аддзяленне гемадыялізу Полацкай гарадской бальніцы.

Адкрыццё такога аддзялення ўжо даўно наспела ў нашым раёне. У цэнтральнай раённай бальніцы было падрыхтавана патрэбнае памяшканне, з рэспубліканскага бюджэту былі выдзелены сродкі на набыццё абсталявання. Паколькі працаваць трэба з высокатэхналагічнай апаратурай, на базе нефралагічнага аддзялення Віцебскай абласной клінічнай бальніцы прайшлі двухразовую падрыхтоўку на рабочым месцы двое ўрачоў, два інжынеры-тэхнікі і трое медсясцёр.

Адкрыццё аддзялення стала значнай падзеяй як для медыцынскіх работнікаў, так і для ўсіх жыхароў нашага раёна.

Цёплымі вершаванымі радкамі сустрэла ўсіх прысутных вядучая мерапрыемства Таццяна Невядомская. Аб развіцці медыцынскай сеткі нашага раёна, важных паказчыках развіцця сацыяльнай сферы ўсе даведаліся з выступлення старшыні райвыканкама Пятра Шыкшняна. З цёплымі словамі прывітання да ўсіх гасцей звярнуўся галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Іван Скур’­ят. Ад душы павіншавалі калег са значнай па­дзеяй намеснік начальніка ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Андрэй Андрушкін і галоўны пазаштатны няфролаг упраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Павел Вяршынін.

І вось наступае доўгачаканы і хвалюючы момант. Ганаровыя госці пераразаюць чырвоную стужку, і ўсе прысутныя запрашаюцца ў ад­дзяленне.

Разам з гасцямі праходзім па ўтульных палатах. Сцены, пафарбаваныя ў светлы колер, сучаснае абсталяванне — усё зроблена для таго, каб пацыенты адчувалі сябе ўтульна і камфортна. У адной з палат знаходзіліся дзве жанчыны, абедзве — жыхаркі нашага раёна.

— Так склалася, што працэдуру гемадыялізу я праходжу на працягу 15 год, — адзначае адна з пацыентак. — Калі раней некалькі разоў у тыдзень для прахо­джання гэтай працэдуры мне прыходзілася прыяз­джаць у Полацк, то зараз выдатныя ўмовы для пацыентаў створаны ў новым аддзяленні нашай бальніцы. Прафесіяналізм, дабрыня і ўвага медыцынскіх работнікаў дапамагаюць нам хоць на некаторы час забыць аб сваёй хваробе і ўзнімаюць настрой.

— Калектыў аддзялення — гэта маладыя і вельмі адказныя, высокакваліфікаваныя спецыялісты, — расказвае намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Вольга Хамічонак. — Работнікі аддзялення выдатна ведаюць сваю справу і маюць добрую падрыхтоўку. Значнага прафесійнага ўзроўню дасягнулі загадчыца аддзялення Таццяна Шандалесава, урач Вольга Громава, хутка і аператыўна выконваюць свае абавязкі старшая медсястра Таццяна Міснік, медсёстры Наталля Чарнышова, Таццяна Патупікава. Добрасумленна выконваюць сваю работу інжынеры-тэхнікі па абслугоўванню медыцынскай апаратуры.

Вядома, што работа з навейшым, высокатэхнічным абсталяваннем патрабуе глыбокіх практычных і тэарэтычных ведаў. У будучым годзе ўрачы пройдуць перападрыхтоўку на ўрачоў-няфролагаў на базе Беларускай акадэміі паслядыпломнай адукацыі ў Мінску.

— Як арганізавана работа аддзялення?

— Спецыялісты працуюць у дзве змены, з панядзелка па суботу. Пры павелічэнні колькасці пацыентаў ад­дзяленне будзе працаваць у тры змены. Пацыенты аддзялення — людзі з хранічнай паталогіяй нырак — знаходзяцца ў нас на ўліку. Сярод іх людзі, якія прахо­дзяць працэдуру гемадыялізу на працягу аднаго года, а таксама сямі, 12 і 15 год. Працэдура займае чатыры гадзіны. Акрамя лепяльчан, у нас запланаваны прыём пацыентаў з Чашнікаў і Новалукомля. Вельмі прыемна заўважаць, што людзі, якія прыходзяць да нас, не падаюць духам, упэўнена змагаюцца з жыццёвымі цяжкасцямі. Работнікі аддзялення ў сваю чаргу робяць усё магчымае, каб пацыенты ўспрымалі жыццё ва ўсёй яго прыгажосці.

Пакідаю аддзяленне з цеплынёй на сэрцы і шчыра жадаю яго наведвальнікам здароўя і ўпэўненасці ў сваіх сілах.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

На здымках: урачыстае адкрыццё аддзялення гемадыялізу.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>