Пад вераснёўскім сонцам

Пакупнікоў было не вельмі шмат. Магчыма, з-за таго, што шмат людзей завіхалася на сваіх сотках — убіралі ураджай гародніны.
Не вельмі шмат было і прадаўцоў. У кропках, дзе прадаюць разнастайны інструмент і запчасткі да тэхнікі, працавала не больш за дзесяць чалавек. Гэтага і варта было б чакаць: мотакосы, скутары ці веласіпеды паступова перастаюць цікавіць патэнцыйнага пакупніка да вясны.
А вось на сельгаспляцоўцы, наадварот, было шмат разнастайных тавараў. Больш за дзесяць чалавек прывезлі бульбу, цана на яе ўстанавілася ў межах 40 тысяч рублёў за дзесяцілітровае вядро. А вось кошты на збожжа крыху знізіліся. Калі ў канцы лета ячмень прадавалі па 25 тысяч рублёў за вядро, то ў мінулую нядзелю — па 22 і ніжэй.
Даволі шмат было і гародніны. Прывезлі і капусту па чатыры тысячы за кілаграм, і буракі па пяць — сем тысяч. Па аналагічных коштах прапаноўвалася морква. Цыбулю можна было набыць ад дзесяці да пятнаццаці тысяч рублёў за кілаграм. Вядома, прыведзеныя цэны не канчатковыя, можна было і патаргавацца.
Аднак усё ж лепяльчане набывалі няшмат гародніны, па адным — два вядры бульбы, тры — чатыры качаны капусты. Нарыхтоўчы перыяд не распачаўся. Магчыма, людзі чакаюць кірмаш, калі сваю прадукцыю прывозяць і сель­гас­арганізацыі.
Сёлетні год багаты і ўрадлівы на яблыкі, вельмі шмат іх было прывезена на базар. Увазе пакупні­коў — і чырванабокія, і зялёныя, ёсць мяккія, а ёсць і такія цвёрдыя, што раскусіць цяжка, затое захоўваюцца ледзь не да вясны. Пяцілітровае вя­дзерца каштавала пятнаццаць тысяч рублёў, а трохлітровае — на пяць тысяч танней.
У мясным павільёне ў дзвюх кропках прапаноўвалі свініну, а ў адной — ялавічыну. Максімальныя цэны на паляндвіцу дасягалі 110 — 120 тысяч рублёў за кілаграм.
Малочныя шэрагі сустрэлі цэнамі і асартыментам амаль такім жа самым, як і ў мінулае наведванне. Заўважым толькі, што цэны на сёлетні мёд крыху знізіліся. Так, калі ў жніўні за паўлітровы слоік лекавага ласунку прасілі 60 тысяч рублёў, то цяпер — 55 — 50 тысяч.
Сярод гародніны на крытым рынку не заўважыў агуркоў. А вось памідоры, напрыклад, каштавалі дзевяць — трынаццаць тысяч. Кошты на кавуны і дыні спыніліся на шасці і 20 тысячах рублёў адпаведна. Прывазная капуста прадавалася па шэсць тысяч рублёў, буракі — па шэсць, морква — па восем тысяч.
Напрыканцы зайшоў і ў рэчавыя рады. Пагутарыў са знаёмым прадаўцом, якая ўжо не першы год гандлюе спецвопраткай і абуткам.
— У восеньскія дні, па маіх назіраннях, лепяльчане звычайна звяртаюць больш увагі на ваш тавар, — звяртаюся да жанчыны.
— Сезоннае павышэнне цікавасці ёсць, але не такое ўжо істотнае, каб можна было на ім акцэнтаваць увагу. Хаця да гэтай пары стараемся падвезці больш разнастайны тавар. Самымі таннымі і папулярнымі з’яўляюцца рабочыя штаны, бо яны часцей зношваюцца. Прадаём іх па 110 — 120 тысяч рублёў. А самы дарагі тавар — уцеплены камплект — каштуе 740 тысяч. Заўважу, што лепяльчане ў апошнія гады сталі актыўней звяртаць увагу на больш якасны тавар, гатовы і плаціць больш за якасць. Так, нядаўна заказалі ў Оршы камплекты з якасных тканін, будуць каштаваць каля мільёна рублёў. Упэўнена, што і гэты тавар знойдзе свайго пакупніка.
Б. САНЕЎ. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>