Пад зялёнымі шатамі

449Кожны чалавек па меры сваіх магчымасцей і здольнасцей шукае такое месца працы, каб яно не толькі дазваляла зарабляць грошы, але і прыносіла асабістае задавальненне. Па такім прынцыпе абраў прафесію і ляснік Слабадскога лясніцтва ДЛГУ “Лепельскі лясгас” Аляксандр Логавін. Ён нарадзіўся ў 1960 годзе ў вёсцы Адамаўка Лепельскага раёна. Аляксандр Цімафеевіч дзяцінства і школьныя гады правёў у гэтым цудоўным краі маляўнічых лясных бароў і непаўторных па сваёй прыгажосці рэк Эса, Байна, Юраўка, азёр Оч і Безадэннае. З маленства захапляўся рыбнай лоўляй, “ціхім” паляваннем. Яшчэ ў юнацтве ўступіў у шэрагі мясцовага аматарскага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Побач знаходзілі­ся абшары Бярэзінскага біясфернага запаведніка. І не выпадкова таму Аляксандру Логавіну, калі ён у студзені 1992 года прыйшоў працаваць лесніком Слабадскога лясніцтва лясгаса, даверылі абход №6 у ваколіцах вёскі Велеўшчына, што ўшчыльную мяжуе з тэрыторыямі запаведніка, якія асабліва ахоўваюцца. Гэта вельмі адказны, добрасумленны чалавек, які любіць прыроду і вельмі ашчадна адносіцца да яе багаццяў.
— У абавязкі лесніка ўваходзіць перш за ўсё ахова лесу, абарона яго ад браканьераў, догляд лясных насаджэнняў, папярэджанне ўзнікнення пажараў, — адзначыў ляснічы Слабадскога лясніцтва ДЛГУ “Лепельскі лясгас” Дзмітрый Каротчык. — Зразумела, што ляснік не знаходзіцца ў баку і ад правядзення работ па лесанарыхтоўках на строга вызначаных плошчах, у тым ліку ажыццяўляе пастаянны кантроль за якасцю іх правя­дзення, своечасовай рэкультывацыяй лясных угоддзяў, пасадкай на месцах высечкі старых дрэў маладых саджанцаў з лясных пітомнікаў. З усім гэтым Аляксандр Цімафеевіч паспяхова спраўляецца. Неаднаразова ўзнагароджваўся Ганаровымі граматамі абласнога лесагаспадарчага аб’яднання і ДЛГУ “Лепельскі лясгас”, заахвочваўся грашовымі прэ­міямі. А сёлета за добрасумленную плённую працу ў лясной гаспадарцы Аляксандр Логавін ушанаваны Падзякай Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь і грашовай прэміяй.
— Жыву з жонкай Таісіяй у вёсцы Велеўшчына, дзе ўласнымі рукамі пабудаваў дом сядзібнага тыпу, — паведаміў Аляксандр Цімафеевіч. — У асабістай гаспадарцы трымаем карову, свіней і курэй. Апрацоў­ваем зямельны надзел плошчай каля аднаго гектара, вырошчваем разнастайную садавіну і гародніну. Лічу, што ў маладым узросце грэх жыць у сельскай мясцовасці і не мець агарод, не садзіць градкі пад вокнамі жылой пабудовы, не трымаць хатнюю жывёлу.
Старэйшы сын Арцём вырашыў звязаць свой лёс з лясной гаспадаркай, працуе памочнікам ляснічага ў адным з лясніцтваў Лёзненскага лясгаса. Мае сваю сям’ю, трымае прысядзібную гаспадарку, выхоўвае сына.
Малодшага сына Максіма пацягнула ў стыхію меліярацыйнага будаўніцтва, зараз ён выконвае абавязкі майстра меліярацыі ў Бачэйкаве.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.
На здымку: ляснік Слабадскога лясніцтва Аляксандр Логавін не ўяўляе свайго жыцця без лесу, адчувае сябе ў ім як рыба ў вадзе.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>