Падмурак будучага ўраджаю

447Амаль не было перапынку ў вяскоўцаў: ледзьве паспелі завяршыць жніво, як распачалася кампанія пасяўная. Аптымальны тэрмін сяўбы пшаніцы паводле шматгадовай практыкі — да дзясятага верасня. Крыху пазней, да 15 верасня, трэба пасеяць трыцікале. Найбольш жа часу адводзіцца пад сяўбу азімага жыта — да 20 — 25 верасня.
Зіма 2013/2014 гадоў была вельмі суровай, зацяжной, шмат пасеваў азі­мых культур моцна пацярпелі ці ўвогуле загінулі. Некалькі палеткаў, якія былі засеяны пазней агульнапрынятых тэрмінаў, як ні дзіўна, перазімавалі са значна меншымі стратамі, далі неблагі ўра­джай. Аграномы гэта тлумачылі тым, што парасткі былі невысокія, таму для перазімоўкі ім не патрабавалася шмат пажыўных рэчываў.
— Магчыма, не абавязковая такая жорсткая прывязка да агратэхнічных тэрмінаў сяўбы? — пытаю ў намесніка начальніка райсельгасхарчу па раслінаводстве Любові Плігаўкі.
— Тая зіма, як вы заўважылі, была сапраўды анамальнай, рэдкай, а агратэхнічныя нарматывы выпрацаваны на вопыце дзясяткаў гадоў вырошчвання розных культур, выкарыстання разнастайных методык. Прыведзеныя агратэхнічныя тэрмі­ны даведзены пакаленнямі хлебаробаў, выпрабаваны дзясяткамі навуковых доследаў. І калі, напрыклад, жыта, можна было б пасеяць і дзён на пяць — сем пазней, то пшаніца такіх вольнасцяў не даруе. У пшаніцы фаза кушчэння, калі з зярнятка ўтвараецца тры — пяць парасткаў, адбываецца восенню, да выпадзення снегу. Менаві­та тады закладваюцца асновы будучага ўраджаю. У жыта ж парасткаў значна менш, і калі працэс кушчэння не завяршыўся да зімы, ён можа завяршыцца вясной. Таму жыта можна пасеяць крыху пазней.
У апошнія гады, дарэчы, у гаспадарках больш увагі сталі ўдзяляць жыту — найбольш характэрнай для мясцовых прыродна-кліматычных умоў культуры. Калі летась было засеяна 1629 гектараў, то сёлета пад яе адводзіцца 2385.
1715 гектараў плануецца выдзеліць пад азімае трыцікале. Пасевы азімай пшаніцы ў параўнанні з мінулым годам не скараціліся — 3600 гектараў. Менавіта азі­мая пшаніца традыцыйна вызначаецца самай высокай ура­джайнасцю. Сёлета, напрыклад, асобныя палеткі ўрадзілі да 50 — 60 цэнтнераў з гектара. Усяго азімымі збожжавымі будзе засеяна 7700 гектараў.
Гаспадаркі пад патрэбу забяспечаны ўласным якасным пасяўным матэрыялам. Паступова праводзіцца і абнаўленне сартоў. Сёлета плануецца засеяць элітным насеннем са спецыялізаваных насенняводчых арганізацый больш за тысячу гектараў. Патрэбна каля 230 тон насення.
Каля 130 тон пастаўляе Віцебскі занальны інстытут сельскай гаспадаркі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У аплату паставак сельгасарганізацыі выдзелілі сваё збожжа, а атрымалі элітнае насенне ў прапорцыі 2:1. Яшчэ сто тон на аналагічных умовах пастаўляе ДСГУ “Лепельская сортавыпрабавальная станцыя”. Пры мяркуемай сярэдняй ураджайнасці 40 цэнтнераў з гектара плануецца атрымаць каля чатырох тысяч тон зерня, якое ў далейшым стане пасяўным матэрыялам для наступных ураджаяў.
Амаль пад патрэбу забяспечаны гаспадаркі і мінеральнымі ўгнаеннямі. Аднак, варта зазначыць, што каштуюць яны даволі дорага. Толькі на калійныя трэба выдаткаваць больш за шэсць мільярдаў рублёў. Часткова набываюцца за крэдытныя сродкі.
Фосфарных тукаў у наяўнасці таксама каля 80 працэнтаў, заключаны дамовы на пастаўку неабходнага. Азотныя тукі часцей уносяцца больш увесну, таму з іх набыццём можна не спяшацца, аднак зусім забываць не варта.
Васіль
МАТЫРКА.
На здымку: сяўба ў полі ля Чэрцаў.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>