Разведка боем

Лепельская зямля нарадзіла і выхавала шмат патрыётаў Айчыны, гераізм і мужнасць якіх у барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў прынеслі Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне. Да іх ліку адносіцца і Герой Савецкага Саюза Мікалай Тамашэвіч, які ўпершыню пабачыў гэты свет у 1921 годзе ў вёсцы Новыя Валосавічы. З 1941 года Мікалай Мікалаевіч быў на фронце. Змагаўся з ворагам у Эстоніі, Запаляр’і. Камандзір танка гвардыі малодшы лейтэнант вызначыўся ў баях за вызваленне Ленінградскай вобласці. Званне Героя Савецкага Саюза яму было прысвоена ў жніўні 1944 года.
У кнізе “Памяць. Лепельскі раён” змешчаны звесткі пра Мікалая Тамашэвіча, яго слаўны баявы шлях, у тым ліку паведамляецца аб Ленінградска-Ноўгарадскай наступальнай аперацыі нашых войскаў, якая разгарнулася ў студзені 1944 года з мэтай прарыву блакады горада на Няве. У ходзе наступлення было загадана авалодаць вёскай Кшэнціцы. Тут гітлераўцы стварылі моцны апорны пункт. Па папярэдніх даных разведкі, у вёсцы знаходзілася каля 25 супрацьтанкавых гармат, некалькі мінамётных батарэй. Але дзе яны размяшчаліся, было невядома. Выявіць іх вырашылі разведкай боем. Гэтую складаную задачу даручылі Мікалаю Тамашэвічу — камандзіру танка 7-й гвардзейскай танкавай брыгады 8-й арміі Ленінградскага фронту.
Танк Тамашэвіча рушыў у патрэбным кірунку, за ім астатнія баявыя машыны падраз­дзялення. Праз некаторы час яны спыніліся на палянцы сярод лесу. Далей у вёску панёсся толькі адзін танк, у якім Мікалай Тамашэвіч асабіста заняў месца наводчыка гарматы. І не таму, што не давяраў гэтаму члену экіпажа, а па той прычыне, што сам лічыўся ў батальёне “танкавым снайперам”, бо лепш за ўсіх трапляў у цэль. Танк уварваўся ў Кшэнціцы. У гэты час фашысты абедалі. Баявая машына на поўным хаду наехала на палявую кухню і салдат ля яе. Некалькі немцаў паспелі кінуцца да гарматы, але Мікалай Мікалаевіч двума снарадамі знішчыў яе разам з разлікам.
Танкісты працягвалі баявы рэйд. Праскочылі ў канец вёскі, развярнуліся, падмяўшы пад сябе яшчэ адну супрацьтанкавую гармату, потым — другую. Камандзір танка ў гэты час вёў агонь па іншых цэлях.
Скіраваўшы ўсю сваю ўвагу на адзінкавую баявую машыну, якая бясстрашна атакавала іх, фашысты не заўважылі, як да вёскі ўшчыльную наблізілася танкавая рота гвардзейцаў. Яна практычна без бою захапіла варожую батарэю, затым — другую, знішчыла гарматы.
Хаця праціўнік панёс вялікія страты, аднак сілы ў яго яшчэ хапала. Разгарэўся бязлітасны бой, у ходзе якога атрымалі пашко­джанні некаторыя нашы танкі. Пад вечар была падбіта і баявая машына Мікалая Тамашэвіча, загінуў механік-вадзіцель. Мікалай Мікалаевіч сам сеў за рычагі. У гэты момант снарад разбіў правую гусеніцу. Агнём ад выбуху апаліла твар камандзіра. Мікалай Тамашэвіч падняўся ў вежу, агле­дзеў мясцовасць. Заўважыў хлеў, у сцяне якога было выстаўлена бервяно, і ўспышку ад выстралу. Зразумеў, што там замаскіравана гармата. Дакладнымі выстраламі знішчыў агнявую кропку.
Толькі ноччу, калі скончыўся боезапас, танкісты пакінулі баявую машыну, вярнуліся ў часць. Заданне было выканана.
У многіх баях удзельнічаў танкіст. Але гэтае баявое сутыкненне з ворагам яму запомнілася на ўсё жыццё.
Горад на Няве захоўвае добрую памяць аб лепяльчаніне. Яго імя высечана на мармуровай дошцы, якая знаходзіцца ў Памятнай зале велічнага манумента, створанага ў гонар гераічных абаронцаў Ленінграда.
М. АЗЁРНЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>