Злачынны ланцужок

images (2)У лютым у поле зроку праваахоўнікаў трапіў навучэнец аграрна-тэхнічнага каледжа. Паводле аператыўных даных, ён час ад часу ўжываў наркотыкі, але непасрэдна за гэтай справай работ­нікамі міліцыі заўважаны не быў. За маладым чалавекам было ўстаноўлена назіранне, і аднойчы яго затрымалі. Пры асабістым даглядзе ў яго было знойдзена 0,98 грама марыхуаны. Экспертыза паказала, што малады чалаввек знаходзіўся ў стане наркатычнага ап’янення. Суд прыгаварыў А. да двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна.
Аднак оперупаўнаважаныя групы па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі працягвалі работу, задавалі пытанні, дзе малады чалавек здабыў марыхуану. На адным з допытаў ён сказаў, што наркотык яму прадаў лепяльчанін С. За ім таксама назіралі. Доўга чакаць не давялося. Затрыманне, вобыск асабісты, вобыск дома, экспертыза — рэгламент дзеянняў адпрацаваны да дробязяў. Доказы былі ў наяўнасці — 7,6 грама марыхуаны, сляды наркотыкаў у аналізах, а таксама доказы збыту.
Разблытваючы злачынны ланцужок далей, аператыўнікі выйшлі на другога лепяльчаніна, які пражываў па вуліцы Валадарскага. У пачатку сакавіка з вобыскам наведалі і яго, выявілі 341 грам марыхуаны, а таксама даказалі факт яе продажу. На пытанне, адкуль наркотыкі, патлумачыў, што летась на адным з закінутых і непрыкметных участкаў паблізу вёскі Юркоўшчына вырасціў некалькі кустоў канопляў, з якіх і зрабіў сабе марыхуаны. Ужываў сам і прадаваў знаёмым. Прыгавор “наркаробу” ­— шэсць гадоў пазбаўлення волі.
— Марыхуана ўжо, можна сказаць, — традыцыйны наркотык, на змену ім прыходзіць новае пакаленне — сінтэтыка і спайс? — пытаю ў оперупаўнаважанага групы па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі РАУС маёра міліцыі Андрэя Бекеша
— На вялікі жаль, і Лепельшчыну не абмінае гэта зараза, хаця мы стараемся не дапусціць яе ўсімі сіламі. Сёлета вясной, напрыклад, затрымалі лепяльчаніна Л., у яго пры вобыску знайшлі 1,99 грама спайсаў. Малады чалавек ужываў наркотык. Затрыманы паведаміў, што набыў наркотыкі ў Мінску ў невядомага чалавека выключна для ўласнага спажывання — выяўленых спайсаў хапала на чатыры–пяць ужыванняў. За гэта Л. быў прыгавораны да двух гадоў зняволення ўмоўна.
Вялікі поспех паспрыяў нам напрыканцы мінулага года пры правядзенні сумеснай аперацыі з аператыўнікамі абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў. Тады высачылі лепяльчаніна, які вёз з Мінска буйную партыю спайсаў, — 50 грамаў, што хапіла на амаль 600 доз. Ён нават да дому не паспеў даехаць, узялі проста на выхадзе з аўтобуса. Суд яму адмераў восем гадоў турэмнага зняволення.
— Самае страшнае тое, што ў прыцэле гандляроў нароктыкамі — моладзь, падрастаючае пакаленне. — заўважае начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС маёр міліцыі Алег Міхно, — Навучэнцу каледжа А., напрыклад, незадоўга да затрымання толькі споўнілася 18 гадоў, астатнім фігурантам — ад 20 да 35. Такім чынам знішчаецца генетычны фонд Беларусі.
Хацелася б звярнуцца да бацькоў, каб тыя больш увагі ўдзялялі дзецям, назіралі за іх станам, паво­дзінамі. Прыкметы ўжывання наркотыкаў могуць быць розныя. Напрыклад, падлетак надзвычай вясёлы, узбуджаны, а алкаголем ад яго не нясе. А можа быць і, наадварот, нематывавана агрэсіўным. У любым выпадку я б параіў адвесці яго ў абл­псіхбальніцу і там зрабіць экспрэс-тэст на наяўнасць у арганізме наркотыкаў. Гэту працэдуру можна зрабіць ананімна. Калі бяда прыйшла ў сям’ю, то не варта апускаць рукі. Ёсць клінікі, дзе таксама на ананімнай аснове лечаць наркаманію. Галоўнае — своечасова заўважыць.
Аматарам лёгкай нажывы на чужым горы нагадваю, што Крымінальным кодэксам за зла­чынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў, прадугледжана пакаранне да дванаццаці гадоў пазбаўлення волі.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>