На старце года

На жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі з дакладам “Удасканаленне сістэмы адукацыі Лепельскага раёна: вынікі і перспектывы” выступіў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Валерый Быкаў. Сетка і структура дашкольнай адукацыі захавалася без змяненняў.
У 25 установах выхоўваецца і навучаецца 1200 дзяцей. Укараняюцца сучасныя адукацыйныя тэхналогіі. На высокім прафесійным узроўні арганізаваны адукацыйны працэс у гарадскіх установах дашкольнай адукацыі, Заслонаўскім, Горскім, Бароўскім, Чарэйшчынскім, Стайскім, Поўсвіжскім і іншых дзіцячых садах раёна. З 1 верасня 2014 года Поўсвіжская сярэдняя школа рэарганізавана ў базавую, Пышнянская дзіцячы сад-сярэдняя школа — у дзіцячы сад-пачатковую школу, закрыта базавая школа №4 горада Лепеля.
У мінулым навучальным годзе ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі набываў веды 3101 вучань. Сярэдняя напаўняльнасць класаў у гарадскіх школах склала 19,7, сельскіх — 8,3.
У СШ №1, СШ №3, Бароўскай і Домжарыцкай сярэдніх школах арганізавана вывучэнне асобных прадметаў на павышаным узроўні. Адкрыта сем груп фізіка-матэматычнага, хіміка-біялагічнага і філалагічнага накірункаў. Працэнт ахопу вучняў вывучэннем асобных прадметаў на павышаным узроўні склаў 33.
Адным з самых масавых накірункаў работы па забеспячэнні якасці адукацыі з’яўляецца алімпіядны рух. Асаблівае задавальненне выклікае паспяховае выступленне каманды раёна на III (абласным) этапе рэспубліканскай алімпіяды, дзе нашы вучні заваявалі атрымалі дзевяць дыпломаў, што з’яўляецца лепшым вынікам за апошнія гады. Па выніках III этапу ў складзе зборнай каманды Віцебскай вобласці навучэнка дзявятага класа гімназіі імя І. Ерашова Аляксандра Галіновіч прыняла ўдзел у заключным этапе рэспубліканскай алім­піяды па нямецкай мове, дзевяцікласнік СШ №1 Мікіта Павец — па астраноміі.
На пастаянным кантролі знаходзяцца пытанні якасці адукацыі. Згодна з ма­ніторынгам паспяховасці вучняў па вы­ніках 2013 — 2014 навучальнага года сярэдні бал па раёне складае 7,1, якасць ведаў — 61 %. У 2014 —2015 навучальным годзе ўстановам адукацыі належыць прадоўжыць работу па забеспячэнні на III ступені якасці ведаў вучняў на высокім і дастатковым узроўнях не менш за 70 %.
У 2014 годзе 13 выпускнікам выдадзены атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі асобнага ўзору з узнагароджаннем залатым медалём, 16 выпускнікам — пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі з адзнакай.
Якасць ведаў, атрыманых выпускнікамі школ, знайшла сваё падцвярджэнне ў выніках цэнтралізаванага тэсціравання (ЦТ) 2014 года. Наш раён займае першае месца ў вобласці. Па выніках ЦТ вызначаны рэйтынг устаноў адукацыі раёна. Першае месца належыць гімназіі імя І. Ерашова, другое — СШ №1, трэцяе ж — сярэдняй школе №3.
Штогод у раёне назіраецца рост паступлення вучняў ва ўстановы вышэйшай адукацыі. У 2014 годзе гэты паказчык склаў 69%. Нашы выпускнікі будуць вучыцца ў вышэйшых навучальных ўстановах тэхнічнага, эканамічнага, медыцынскага, сельскагаспадарчага профіляў, акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь. У сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы паступілі 26 працэнтаў выпускнікоў дзявятага класа, у прафесійна-тэхнічныя — 14 %.
У 2014 — 2015 навучальным годзе неабходна прадоўжыць сістэмную прафарыентацыйную работу. Трэба арганізаваць дзейнасць па інфармаванні вучняў, настаў­нікаў і бацькоў аб прафесіях, запатрабаваных на рынку працы, і магчымасцях іх атрымання.
Сёння ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі працуюць 83 працэнты педагогаў вышэйшай і першай кваліфікацыйных катэгорый. З мэтай пастаяннага ўдасканалення прафесійнага майстэрства ў раёне функцыянуе метадычная сетка, якая ўключае ў сябе больш за трыццаць фарміраванняў.
Узровень прафесіяналізму педагогаў дазваляе ўстановам адукацыі раёна працаваць у інавацыйным рэжыме. У 2013-2014 навучальным годзе працягвалася работа над двума рэспубліканскімі інавацыйнымі праектамі: у СШ №1 — “Укараненне праграмы факультатыўных заняткаў “Праваслаўныя святыні Беларусі” і ў гімназіі імя І. Ерашова — “Укараненне мадэлі фар­мі­равання абагульненых вучэбных уменняў вучняў сродкамі міжпрадметнай інтэграцыі”. Арганізавана рэалізацыя абласных даследчых праектаў на базе СШ №3, Старалядненскай, Бароўскай і Стайскай сярэдніх школ.
Адной з мер сацыяльнай абароны непаўналетніх з’яўляецца арганізацыя падвозу іх ва ўстановы адукацыі. У 2013 — 2014 навучальным годзе ён здзяйсняўся ў 23 установах агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі. Усяго падвозілася 504 (16,5%) навучэнцаў, якія пражываюць у сельскіх населеных пунктах. Агульная сума сродкаў, якія за сем месяцаў былі патрачаны на падвоз, склала адзін мільярд 32 мільёна рублёў.
Харчаванне навучэнцаў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з натуральнымі нормамі. У студзені-ліпені на харчаванне зрасходавана чатыры мільярды 130 мільёнаў рублёў.
Вялікая ўвага надаецца фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай рабоце. Больш за адну тысячу навучэнцаў прыцягнута ў работу гурткоў, секцый, аб’яднанняў па інтарэсах спартыўнай накіраванасці.
Па выніках XXVI абласной спартакіяды каманда Лепеля заняла сёмае месца.
У 2014 го­дзе на функцыянаванне сістэмы адукацыі, спорту і турызму раёна затрачана больш за 120 мільярдаў рублёў, у тым ліку на правядзенне бягучых рамонтных работ — каля двух мільярдаў, на капітальны рамонт і мадэрнізацыю — больш за чатыры мільярды, на набыццё — 2,5 мільярда рублёў.
На жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі не абышлося без спрэчак па дакладзе, у якіх прынялі ўдзел дырэктар Стайскай сярэдняй школы Наталля Тухта, дырэктар Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Валян­ціна Шкунцік, намеснік загадчыцы дзіцячага сада №9 горада Лепеля Святлана Шкіндзер, дырэктар раённага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Рымантас Стрыпейкіс, настаў­ніца нямецкай мовы гімназіі імя І. Ерашова Святлана Шакура, а таксама начальнік цэнтра абласнога інстытута адукацыі Іда Сітнікава.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў жнівеньскай педага­гічнай канферэнцыі звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Нікіцін. Ён адзначыў станоўчыя вынікі дзейнасці ўстаноў адукацыі раёна ў 2013 —2014 навучальным годзе, а таксама звярнуў увагу на тое, што на іх функцыянаванне накі­роўваецца каля паловы ўсіх фінансавых сродкаў мясцовага бюджэту. Мікалай Мікалаевіч аддаў належнае высокім паказчыкам, якія дасягнулі вучні Лепельшчыны на абласных прадметных алімпіядах, аднак паставіў задачу больш паспяхова выступаць на рэспубліканскіх алімпіядах. Была выказана заклапочанасць ростам у грамадстве такіх адмоўных з’яў, як п’янства, алкагалізм, наркаманія, таксікаманія, ужыванне так званых “курыльных” сумесяў, падкрэслена неабходнасць правядзення пастаяннай прафілактычнай работы ў гэтых адносінах ва ўстановах адукацыі.
Асобна была звернута ўвага на важнасць строгага выканання Дэкрэта № 18 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па захаванні мацярынства і дзя­цінства, узмацнення выхаваўчай работы з дзецьмі і падлеткамі, нейтралізацыі негатыўнага ўплыву на іх у сувязі з пэўнымі падзеямі, якія зараз адбываюцца ў навакольным свеце, асабліва ва Украіне.
Былі дадзены адказы на пытанні, якія прагучалі ў дакладзе і спрэчках. У прыватнасці, мяркуецца ў 2015 годзе набыць спецыялізаваны транспарт для падвозу навучэнцаў у Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, аказаць дапамогу раённаму фізкультурна-аздараўленчаму цэнтру ў выкананні рамонтных работ, набыцці спартыўнага рыштунку, адкрыцці ў гэтай дзяржаўнай установе пункта медыцынскага абслугоўвання.
Мікалай
ГАРБАЧОЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>