Зелле ў лясным масіве

Днямі старонкі газет і інтэрнэт-форумы абляцела вестка аб тым, што ў Лепельскім раёне знойдзена і канфіскавана вялікая колькасць наркотыкаў. За каментарыямі і тлумачэннямі мы звярнуліся да начальніка групы па супрацьдзеянню незаконнаму абароту наркотыкаў і гандлю людзьмі РАУС маёра міліцыі Аляксандра Калінічэнкі.

— Па аператыўных каналах нам паступіла інфармацыя, што ў лясным масіве паблізу Бароўкі вырашчаны і падрыхтаваны да продажу каноплі, дакладней, наркотык расліннага паходжання — марыхуана. Была выяўлена схованка, наркатычнае зелле канфіскавана, падазроныя арыштаваны. Вядзецца следства.

— Інфармацыя больш чым сціплая. А можна падрабязней, як вы даведаліся пра наркотыкі?

— Пакуль што, да завяршэння следства і суда, гэта інфармацыя закрытая. Магу сказаць толькі, што супрацоўнікі міліцыі маюць на ўзбраенні шэраг прыёмаў і метадаў выяўлення падобных фактаў, хаця справа гэта цяжкая, спецыфічная.

— Якая колькасць наркотыкаў выяўлена?

— Больш 11 кілаграмаў.

— 11 кг марыхуаны – гэта колькі?

— Гэта два вялікія бульбяныя мяхі, набітыя масай па тыпу тытуню.

— Колькі за такую колькасць зелля можна было атрымаць на чорным рынку?

— Па самых прыблізных падліках, калі здаць оптам, то можна было выручыць не менш 20 тысяч долараў. У нашым выпадку наркотык быў падрыхтаваны да рознічнага продажу, расфасаваны на ўпаковачкі па 10 – 15 грамаў. Кошт адной такой дозы вагаецца каля 25 тысяч рублёў. Нескладана падлічыць, што за рэалізацыю такім чынам можна было атрымаць да 50 тысяч долараў.

— А зараз колькі “свеціць” падазроным?

— Ад васьмі да трынаццаці гадоў. І то калі ўлічыць, што гэта маладыя людзі, якія трапілі ў поле зроку міліцыі ўпершыню.

— Адкуль былі прывезены наркотыкі?

— Затрыманая партыя – “айчыннай” вытворчасці, дакладней – вырошчвання. У лесе пад Бароўкай гора-аграрыі засеялі плантацыю плошчай прыблізна адну сотку. Лета выдалася анамальна спякотнае, спрыяльнае для вырошчвання канопляў, таму ўраджай атрымаўся неблагі.

— Дзе меркавалася рэалізацыя зелля?

— У Бароўцы, Лепелі, Мінску – усюды, дзе знайшлі б патэнцыйных пакупнікоў. Што самае страшнае, — іх мэтавы спажывец – моладзь.

— У нашым раёне падобныя выпадкі здараліся?

— Здараліся, і не раз. Сёння вам, так бы мовіць, “пашанцавала” – мы затрымалі жыхара Зялёнкі – наркамана з багатым стажам. Па іх класіфікацыі, Іваноў – класічны шпрыцавы наркаман-натурал. Гэта значыць, што ён трывала сядзіць на ігле, ужывае так званыя цяжкія наркотыкі расліннага паходжання, перш за ўсё гераін. Зелле ён вырабляе сам. Мае ўжо  восем судзімасцяў, з іх тры – за злачынствы, звязаныя з вырабам, захоўваннем, распаўсюджваннем і ўжываннем наркотыкаў.

Мы спусціліся на першы паверх будынка РАУС, там у адным з пакойчыкаў сядзеў затрыманы. Адразу і не скажаш, што мужчыну няма яшчэ і 50 гадоў. На пытанне, як даўно ўжывае наркотыкі, ён адказаў цэлай слоўнай тырадай:

— Не, начальнік, я ўжо не па гэтай часці. Ужо паўгода як не калюся, толькі п’ю. Але ўсё роўна не хапае чагосьці, — і тут жа звярнуўся з дзіўнай у падобным месцы просьбай. – Слухай, прынясі мне маленькую вінца…

Вярнуліся ў кабінет маёра Калінічэнкі.

Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>