Стогадовы юбілей

418Лізавета Пракопаўна Санько, якая пражывае ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання састарэлых “Святліца” ў Камені, нядаўна адзначыла 100-гадовы юбілей. Павіншаваць юбілярку прыйшлі родныя, блізкія і сябры.
У холе сабраліся ўсе жыхары “Святліцы”, самае пачэснае месца заняла імянінніца. Першымі павіншавалі бабулю ўнук Ігар Купрацэвіч, яго жонка Валянціна і іх сын, праўнук Лізаветы Пракопаўны, Антон. Яны падарылі Лізавеце Пракопаўне букет кветак і вялікі торт з адной свечкай — сімвалам пачатку новага этапу жыцця.
Інспектар аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Лепельскага РАУС лейтэнант міліцыі Анастасія Суворава ўручыла жанчыне новы пашпарт са словамі:
— Гэты дакумент выдаецца тэрмінам на 10 гадоў. Зычу вам моцнага здароўя і спадзяюся ў свой час уручыць новы пашпарт яшчэ раз!
Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Васіль Рававы таксама прыехаў, каб павіншаваць доўгажыхарку:
— Вельмі рады вітаць вас, Лізавета Пракопаўна, з выдатным юбілеем. Сто гадоў — гэта не толькі гонар за пражытае і перажытае. Гэта яшчэ і падстава для атрымання надбаўкі да пенсіі. Так, райвыканкамам прадугледжана даплата да пенсіі ўсім, хто перасягнуў гэты знакавы рубеж, у памеры пяці базавых велічынь. Добрага зда­роўя вам, Лізавета Пракопаўна, і паболей радасцяў у жыцці.
Не забылі юбілярку і яе колішнія калегі па працы. Ад Лепельскага ваеннага санаторыя цёплыя словы выказала намеснік дырэктара ўстановы Наталля Камарова. Яна распавяла:
— Лізавета Пракопаўна ўладкавалася да нас на працу 20 сакавіка 1975 года. З першага сакавіка 1984-га атрымлівала пенсію, але яшчэ працягвала працаваць. Канчаткова на заслужаны адпачынак пайшла 20 красавіка 1988 года. Працавала жанчына санітаркай у бювеце — спецыяльным памяшканні, дзе пацыенты пілі мінеральную ваду, што па трубах цякла са свідравін. За два з паловай дзесяцігоддзі працоўны калектыў санаторыя значна абнавіўся, цяпер у нас працуе Валянціна Баранава, якая памятае юбілярку.
Як распавялі потым унукі, Лізавета Пракопаўна нарадзілася і вырасла ва Украіне. На Лепельшчыну ж пераехала задоўга да Вялікай Айчыннай вайны, яшчэ ў 1930-ых гадах. Тут выйшла замуж за Данілу Санько з вёскі Гарані. У 1938-ым годзе ў маладых бацькоўнарадзіліся блізняты Мікалай і Раіса. Усё яе беларускае жыццё было звязана з Бароўкай.
У Лепельскім ваенным санаторыі пачаў працаваць галава сям’і, неўзабаве да яго далучылася і жонка. Сын Мікалай стаў мараком, пакінуў Лепельшчыну, а дачка Раіса пайшла на працу ў санаторый санітаркай. Зараз у аздараўленчай установе працуе трэцяе пакаленне сям’і — муж і жонка Ігар і Валянціна Купрацэвічы: ён — аператарам кацельні, а Валянціна — санітаркай.
Як расказвала Валян­ціна, бабуля сама выказала жаданне пераехаць у “Святліцу” пасля смерці дачкі. Маўляў, тут, сярод людзей такога ж узросту, ёй будзе камфортней, цікавей. Напэўна, так яно і ёсць: жыхары “Святліцы” заўсёды дагледжаныя, у памяшканнях — чысціня і парадак. Хіба што адзін клопат — заняць сябе да вечара.
Лізавета Пракопаўна на свяце трымалася бадзёра. Нягледзячы на свае сто, мае добрую памяць, разважлівасць у размове. Дарэчы, Валянціна адзначыла яе добразычлівасць, неканфліктнасць, жаданне пазбегнуць супярэчнасцей.
Працягвалася свята імправізаваным канцэртам мастацкай самадзейнасці. Пад кіраўніцтвам кампазітара Аляксандра Балотніка выступілі ўдзельнікі хору народнага клуба “Ветэран” Лепельскага ГДК, выканалі некалькі песень. Асаб­ліва юбілярцы і жыхарам “Святліцы” спадабалася песня “Ой, бярозы ды сосны”, многія шчыра падпявалі.
У цяперашні час у Лепельскім раёне жывуць толькі два чалавекі, якія дасягнулі стогадовага рубяжу. Акрамя Лізаветы Пракопаўны, у Лепелі, па вуліцы Чуйкова жыве яшчэ Лідзія Паўлаўна Ланько. Як ад­значыў Васіль Рававы, асабліва радуе той факт, што дэмаграфічная сітуацыя паступова паляпшаецца: колькасць смерцяў скарачаецца, а колькасць нараджэнняў — расце. У любым выпадку вельмі радасна бачыць на вуліцах і ветэранаў, і моладзь.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку:
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>