Камбрыг Слаўка

Нашы землякі вызначаліся ў Вялікую Айчынную вайну сваёй асаблівай мужнасцю і гераізмам у змаганні супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў на самых розных франтах і ў глыбокім тыле ворага. Яскравым прыкладам гэтага з’яўляецца цікавы і змястоўны баявы шлях, які прайшоў у гады ліхалецця ўраджэнец вёскі Антавільна Лепельскага раёна Вячаслаў Квяцінскі. Аб гэтым распавядаецца ў кнізе “Памяць. Лепельскі раён”. Перш за ўсё ўражвае высокі адукацыйны ўзровень Вячаслава Антонавіча. Яшчэ ў даваенны час ён закончыў Кіеўскі дзяржаўны ўніверсітэт. Удзельнічаў у савецка-фінляндскай вайне 1939-1940 гадоў. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны ваяваў на Паўднёва-Заходнім фронце. З кастрычніка 1941 года быў членам Наваград-Валынскай падпольнай антыфашысцкай арганізацыі, затым — кулямётчыкам, кіраўніком дыверсійнай групы 1-га Валынскага партызанскага атраду. Пазней быў прызначаны камандзірам дывер­сійнага атраду, які дзейнічаў ва Украіне і Беларусі, у Польшчы і Чэхаславакіі.
Вось толькі каротная вынятка з архіўных дакументаў пра Вячаслава Антонавіча: “З мая 1943 года — камандзір дыверсійнага атраду, які дзейнічаў ва Украіне і Беларусі, у Брэсцкай вобласці. Са студзеня па красавік 1943 года атрад зрабіў дыверсіі на чыгунках Брэст — Ковель, Брэст —Пінск, падарваў 19 эшалонаў праціўніка, пашкодзіў кабель, які звязваў Берлін з гітлераўскім камандаваннем на фронце. Дзесяць разоў партызаны выводзілі са строю тэлефонную сувязь на лініі Роўна-Кіеў, узарвалі тры чыгуначныя масты”.
…Прыкарпацце не вельмі ветліва сустрэла людзей з-за лініі фронту. І ўсё ж парашутысты прызямліліся ўдала. Праз гадзіну-паўтары ўсе дваццаць тры байцы былі ў зборы. Камандзір атраду Вячаслаў Квіцінскі пастроіў іх і хуткім крокам павёў у глыб лесу.
Спыніліся ў глухім зручным месцы, зрабілі прывал. Стомленыя байцы валіліся на зямлю і тут жа засыналі. Не да адпачынку было толькі Вячаславу Антонавічу.
Дыверсійны атрад Квіцінскага ў 1944 годзе пачаў рэйд па паўднёва-ўсходніх раёнах Польшчы. Рабілі засады на дарогах, узрывалі масты, пускалі пад адхон эшалоны ворага з жывой сілай і тэхнікай.
Мясцовыя падпольныя антыфашысцкія арганізацыі аказвалі атраду вялікую дапамогу: паведамлялі аб размяшчэнні варожых гарнізонаў, давалі надзейных праваднікоў, забяспечвалі прадуктамі харчавання, накі­роўвалі ў атрад савецкіх людзей, якія ўцякалі з фашысцкай катаргі.
6 жніўня 1944 года з Украінскага штаба партызанскага руху ў атрад паступіла радыёграма: “…паскорце выхад у раён Прошава. Арганізуйце баявую і дывер­сійную дзейнасць. У вызначаным раёне зрабіце пляцоўку. Радзіруйце, груз даставім. Рэгулярна паведамляйце аб сваім месцазнаходжанні”.
У ноч на дзявятае жніўня атрад перайшоў польска-чэхаславацкую мяжу і трапіў на тэрыторыю Славакіі. Праз некалькі дзён група падрыўнікоў пусціла пад адхон воінскі эшалон — знішчыла паравоз і тры вагоны. Было забіта 70 фашыстаў. Адначасова партызаны вялі масава-растлумачальную работу сярод насель­ніцтва, сотні патрыётаў уключаліся ў барацьбу. Напрыклад, падпаручык Ян Джунда прывёў з сабой цэлае падраздзяленне славацкай арміі ў складзе 116 чалавек. У верасні партызанскае злучэнне ўжо налічвала 360 узброеных народных мсціўцаў і было ператворана ў брыгаду. На працягу верасня партызаны правялі 58 баявых аперацый. Узарвалі 17 эшалонаў з баявой тэхнікай і войскамі, знішчылі 20 паравозаў, 77 вагонаў, 12 платформ, 38 аўтамашын, танк, два склады, сем мастоў, вывелі са строю больш за адну тысячу варожых салдат і афіцэраў.
У ходзе баёў папаўняліся шэрагі народных мсціўцаў, загартоўвалася іх воля да перамогі. У кастрычніку брыгада ўжо налічвала 760 чалавек. Ёй была прысвоена назва — Асобная партызанская брыгада імя Клемента Готвальда.
Аб смелых і выніковых дзеяннях брыгады ведалі па ўсёй Чэхаславакіі. А яе камандзіра Вячаслава Квіцінскага ласкава называлі “камбрыг Слаўка”.
За гераічныя подзвігі, праяўленыя пры выкананні баявых заданняў, асабістыя заслугі ў развіцці партызанскага руху ва Украіне і ў Чэхаславакіі 2 мая 1945 года В. А. Квіцінскі быў удастоены ганаровага звання Героя Савецкага Саюза. Яго грудзі ўпрыгожылі два ордэны Леніна, ордэн Чырвонага Сцяга і некалькі медалёў.
М. АЗЁРНЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>