Сто год пражыць — не поле перайсці

Кажуць, што калі народзіцца чалавек, на небе загараецца яркая зорка-анёл, якая спадарожнічае яму ўсё жыццё, дорачы веру і ўпэўненасць у сваіх сілах. Бачна, пад такой шчаслівай зоркай нарадзілася Зінаіда Канстанцінаўна Урбан, якой у студзені наступнага года споўніцца 100 год.

Бабуля поўная жыццёвай энергіі і аптымізму. Яе даглядаюць дачка і зяць, якія жывуць разам з Зінаідай Канстанцінаўнай ва ўтульным доме ў вёсцы Закаліўе.

Разам з начальнікам аддзялення па грамадзянству і міграцыі Лепельскага РАУС, работнікамі Пышнянскага сельсавета мы наведалі бабулю напярэдадні яе стогадовага юбілею.

Зінаіда Канстанцінаўна сустрэла нас як жаданых гасцей светлай усмешкай і ветліва запрасіла:

— Праходзьце, калі ласка, даражэнькія! Заўсёды прыемна, калі прыходзяць госці.

— Моцнага здароўя вам, Зінаіда Канстанцінаўна, выдатнага настрою і дабрабыту, — ад душы жадае Васіль Міснік і ўручае бабулі новы пашпарт.

Цёплыя пажаданні Зінаідзе Канстанцінаўне выказала таксама старшыня сельсавета Валянціна Навагран.

Жанчына прымае цёплыя віншаванні, а на яе вачах выступаюць слёзы…

* * *

Нямала цяжкасцей прыйшлося перажыць у жыцці Зінаідзе Канстанцінаўне. Нарадзілася яна ў 1911 годзе ў вёсцы Закаліўе, у сям’і наёмных работнікаў пана. Акрамя Зінаіды, у сям’і было яшчэ шасцёра дзяцей. Змалку дзяўчынка зведала, што такое нялёгкая праца ў сельскай гаспадарцы, тым больш, што яна была старэйшая ў сям’і. Паспявала Зінаіда і бацькам дапамагчы, і малодшых брацікаў, сястрычку дагледзіць.

У 1937 годзе Зінаіда выйшла замуж за хлопца з суседніх Пруднікаў. Там жа маладыя і пачалі сваё жыццё. У 1939 годзе нарадзілася дачушка Ніна. Маладыя гаспадары працавалі ў калгасе “Новае жыццё”. Здавалася б, жыць ды жыць, ды пачалася вайна.

Мужа Зінаіды Канстанцінаўны прызвалі ў армію. Жанчына засталася адна з двухгадовай дачушкай на руках. У час вайны фашысты спалілі палову вёскі. На другім канцы вёскі застаўся будынак старой лазні. Яго перавезлі на месца разбуранай хаты. Зінаіда Канстанцінаўна з гліны сама вырабіла цэглу, абклала будынак. У ім і жылі маці з дачкой.

Муж Зінаіды Канстанцінаўны загінуў на фронце.

Нялёгкія былі і пасляваенныя гады. Жанчына працавала ў калгасе з раніцы і да позняга вечара, каб зарабіць на жыццё. Пасля заканчэння дзесяці класаў дачка Ніна пайшла працаваць у лясгас. Уладкавалася туды на працу і Зінаіда Канстанцінаўна.

Праз некаторы час руплівым працаўніцам быў выдзелены лес для будаўніцтва новага дома. Актыўна дапамагалі ва ўзвядзенні дома родныя і суседзі. У Зінаіды Канстанцінаўны і Ніны Іванаўны з’явіўся свой, уласны дом у вёсцы Закаліўе. Праз некаторы час калгас выдзеліў пяць сотак зямлі.

У 1964 годзе Ніна Іванаўна стварыла сваю сям’ю. 25 год Ніна Іванаўна адпрацавала даяркай на ферме, а муж Васіль Цярэнцьевіч Юхнавец быў трактарыстам.

* * *

З усёй вялікай сям’і, дзе нарадзілася Зінаіда Канстанцінаўна, застаўся яе малодшы брат. На працягу ўсяго жыцця Васіль дапамагаў сястры спраўляцца з гаспадаркай, выконваў усю мужчынскую работу. Усё жыццё адпрацаваў вадзі­целем у калгасе, а яго жонка Марыя Мікалаеўна была аграномам, касірам. Зараз яны знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Аднавяскоўцы вельмі паважаюць Васіля Канстанцінавіча і Марыю Мікалаеўну за чуласць, узаемаразуменне, жаданне прыйсці на дапамогу. Марыя Мікалаеўна ўжо не першы год з’яўляецца старэйшынай вёскі.

— Маё жыццё было нялёгкім, але я шчаслівая тым, што мае дарагія і блізкія людзі жывуць у мірны час. У нашай краіне створаны выдатныя ўмовы для пажылых, састарэлых людзей. Мы своечасова атрымліваем пенсію, можам купіць усе неабходныя прадукты, — кажа Зінаіда Канстанцінаўна.

На развітанне моцна паціскаю руку бабулі і ад душы жадаю: “Няхай не згасае ваша светлая зорка!”

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

На здымку: Зінаіду Канстанцінаўну Урбан віншуе з надыхо­дзячым стогадовым юбі­леем старшыня Пышнянскага сельсавета Валянціна Навагран.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>