ФАП у Сушы

387— Фельчарка-акушэрскі пункт (ФАП) у вёсцы Суша знахо­дзіцца ў асобным аднапавярховым будынку, дзе ёсць пячное ацяпленне. Аднак візуальна добра бачна, што ва ўнутраных пакоях медыцынскай установы зладкаваны металічныя батарэі і трубы, якія дазваляюць падтрымліваць належны тэмпературны рэжым і з дапамогай качагаркі з вадзяным катлом.
— У зімовы час для ацяплення выка­рыстоў­ваю толькі звычайную сялянскую печку, якой не выпадкова аддавалі перавагу нашы продкі на працягу стагоддзяў як найбольш эканамічнай і стабільнай крыніцы цяпла, — адзначыў загадчык ФАПа Уладзімір Улас. — Вельмі зручна атрымліваецца: кінуў адзін раз за суткі добры ахапак сухіх дроў у топку, спаліў іх — і на працягу дзясяткаў гадзін радуйся цяплу, якое дазваляе весці прыём і лячэнне хворых у нармальных умовах, нават калі на вуліцы лютуюць моцныя маразы.
На стале прама перад Уладзімірам Сяргеевічам ляжыць танометр — прыбор для вымярэння крывянога ціску. Бачна, што вяскоўцы, як і жыхары гарадоў, таксама пакутуюць ад сардэчна-сасудзістых захворванняў.
— Пры медыцынскім абследаванні хворых, якія звяртаюцца да мяне, звычайна пачынаю з вымярэння тэмпературы цела і вызначэння параметраў крывянога ціску, таму што без уліку гэтых аб’ектыўных паказчыкаў стану здароўя цяжка бывае вызначыцца з канчатковым дыягназам захворвання, — патлумачыў Уладзімір Улас. — Калі магу аказаць чалавеку медыцынскую дапамогу прама на месцы дзякуючы простаму медыкаментознаму лячэнню, раблю гэта. Калі ж паправіць здароўе хвораму можна толькі ва ўмовах стацыянарнага знахо­джання ў раённай бальніцы, накіроўваю яго туды.
— Якія асаблівасці работы фельчарска-акушэрскага пункта?
— Па панядзелках, аўторках, чацвяргах і суботах у асноўным займаюся лячэннем хворых, прафілактычнай работай у Сушы і бліжэйшых навакольных населеных пунктах. А па серадах і пятніцах удзяляю больш увагі стану здароўя жыхароў больш аддаленых вёсак — такіх, напрыклад, як Заслаўкі, Зямцы, Заазёрная, Атокі, Хвашчова. Наогул, у ФАПе маецца ў наяўнасці неабходны мінімум медыкаментаў для аказання ў выпадку неабходнасці першай медыцынскай дапамогі.
— Ці даўно тут працуеце?
— З 2005 года. А да гэтага рупіўся ў Лепельскім ваенным шпіталі.
— Як абстаяць справы ў сям’і?
— Разам з жонкай Ганнай вырасцілі і выхавалі дваіх дзяцей. Дачка Кацярына — філолаг па адукацыі, жыве ў горадзе Сургут (Расія). Зараз знахо­дзіцца ў водпуску па доглядзе за дзіцяці. На летнія месяцы муж прывёз яе з сынам, нашым любімым ўнукам Ільёй, якому споўнілася яшчэ толькі паўтара года, да нас у Лепель на адпачынак.
Наш сын Яўген атрымаў вышэйшую адукацыю, закончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках, працуе выкладчыкам у Лепельскім аграрна-тэхнічным каледжы.
Мікалай
ГАРБАЧОЎ.
На здымку: Уладзімір Улас на рабочым месцы.
Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>