Рукатворная прыгажосць

384У вёсцы Матырына здалёк кідаецца ў вочы добраўпарадкаваны, дагледжаны жылы дом па вуліцы Прыазёрная, 19. Не змог мінуць такой сапраўднай прыгажосці і я.
Тым больш, што гаспадыня ўзорна-паказальнай вясковай сядзібы Валянціна Юрчанка ў гэты час руп­ліва працавала ў двары, паднаўляла свежай фарбай добра ашаляваныя і з густам абуладкаваныя сцены жылой пабудовы, уздоўж якіх паміж вокнамі былі падвешаны гліняныя гаршочкі з жывымі кветкамі. Разнастайныя вялікія і малыя клумбы з кветкамі буялі ў самых розных месцах прысядзібнага зямельнага ўчастка, гарманічна абрамлялі выкладзеную пліткай шырокую пешаходную дарожку, якая вяла да ўваходу ў дом. А побач з ёй раскінуўся сад са шматлікімі пладовымі дрэвамі, на якіх чырванелі, набіраліся моцы яблыкі розных памераў і гатункаў. З-за засені дрэў выглядала водная роўнядзь сажалкі, а крыху далей віднелася ладная драўляная пабудова лазні. З другога ж боку пешаходнай дарожкі, адразу за рознакаляровымі зарасцямі жывых кветак размясціліся градкі з клубніцамі, цыбуляй і памідорамі ў адкрытым грунце.
— Адразу за домам на прысядзібным участку зладкаваны два парнікі, дзе таксама растуць памідоры, — паведаміла Валянціна Міхайлаўна. — З жыўнасці трымаем 45 курэй-бройлераў, 20 курэй-нясушак і 15 качак. Вартуе ўсю гэтую ладную гаспадарку сабака Джэк, а ад мышэй, пацукоў выратоўвае кошка Каця.
Унутранае ўбранства жылых пакояў дома ўразіла прысутнасцю разнастайных, патрэбных у паўся­дзённым побыце рэчаў і дываноў, з густам размешчаных па перыметры памяшканняў, а таксама арыгінальным аздабленнем сцен, столі і падлогі, своеасаблівым дызайнерскім афармленнем навакольнай жыццёвай прасторы.
— Нядаўна замянілі звычайныя драўляныя рамы ў вокнах на шклопакеты, — адзначыла гаспадыня. — Яны не толькі знешне больш прыгожа выглядаюць, але і лепш утрымліваюць цяпло ў пакоях у асенне-зімовы ацяпляльны сезон, а зараз у летнюю спёку добра за­хоўваюць прахалоду ўнутры дома, дазваляюць зручна і хутка праветрываць жылыя памяшканні.
— Дзе працуеце?
— Санітаркай у Лепельскім ваенным санаторыі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, а муж Аляксандр — ва­дзіцелем у КУВСП “Баброва”.
— Ці вялікая сям’я?
— Вырасцілі дзвюх дачок. Маем ужо трох унукаў.
Пасля наведвання вясковай сядзібы сям’і Юрчанкаў патэлефанаваў кіраўніку справамі Баброўскага сельвыканкама Галіне Гумоўскай.
— Домаўладанне Юрчанкаў лічыцца ў нашым сельсавеце эталонным па добраўпарадкаванні, — сказала Галіна Мікалаеўна. — У ім жывуць добрыя працавітыя людзі, якія за свае асабістыя сродкі, уласнымі рукамі пабудавалі жылы дом, падтрымліваюць яго ва ўзорным парадку. Пажадана, каб паболей такіх сем’яў было ў нашай мясцовасці, тады б нашмат лепш вырашаліся эканамічныя і сацыяльныя праблемы!
Мікалай
ГАРБАЧОЎ.
На здымку: Валянціна Юрчанка паднавіла свежай фарбай сцены свайго дома ў Матырыне.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>