Яхта на Доўгім

Яхта! — міжволі выгукваю пры выглядзе сапраўднага судна, прычаленага да берага возера Доўгае.

— Яхта ў Абрамовіча, — папраўляе Мікалай Войстрык. — А па Доўгім вазіць гасцей аграсядзібы “Вастрыкоўка” будзе баркас.

Прамаўчаў, каб не пярэчыць чалавеку, хоць з Інтэрнэта ведаў, што яхта — любое паруснае ці маторна-паруснае судна, прызначанае для спартыўных ці турыстычных мэтаў, а баркас — самаходнае судна невялікіх памераў, прызначанае для розных перавозак у гаванях і на рэйдах.

Так што судна ў “Вастрыкоўцы” ніяк не цягне на баркас. Ды Мікалай Паўлавіч і сам тое выдатна ведае, бо значную частку жыцця праплаваў мараком гандлёвага флоту, больш як у чатырох дзесятках краінаў свету пабыў, 20 дзён у Іраку распаўсюджваў савецкую прапагандысцкую літаратуру, у Самалі дастаўляў паўстанцам гарматы са снарадамі, 20 дзён чакаў выгрузкі судна на Цэйлоне, больш двухсот сутак у агульнай складанасці правёў у Індыі, двойчы ў Эль-Кувейце быў.

Алег, сын Мікалая Паўлавіча, лёгка з хісткай лодкі перабіраецца на яхту-баркас. Мы ж, больш старэйшыя, спачатку ускараскваемся на меншых памераў судна, затым, падцягваючы адзін другога за рукі, у рэшце рэшт трапляем на яхту. Усё, як на сапраўдным судне — трум, палуба, трапы, лееры, рубка.

— Як можна было такую махіну зацягнуць у замкнутае Доўгае?

— Тут збіралі баркас, — кажа Мікалай. — Зварвалі, змацоў­валі асобныя часткі. Пакуль няма матора. Будзем ставіць мачты, парусы. Без іх судна нязграбным здаецца. Летам запрашаем у аграсядзібу адпачыць, тады і на баркасе пакатаем.

Язык не паварочваецца называць прагулачнае судна баркасам. Лічу яго яхтай, аднак капітану ў тым не прызнаюся, баюся пакрыўдзіць. Моўчкі слухаю выпадкі з яго марскога жыцця.

Цікава распавядаў Мікалай Войстрык. Аднак у Крыўцы я прыехаў пісаць пра аграсядзібу “Вастрыкоўка”, зарэгістраваную на Яўгенію Войстрык, жонку Мікалая. Гэта ўжо па ходу гутаркі цікавасць выклікаў іх не зусім звычайны лёс. Таму ў асноўную тэму вырашыў уставіць і аповед аб іх жыцці.

Пасля заканчэння школы Жэня Размысловіч з Пышна не магла выехаць у цывілізаваны свет з-за забароны выдаваць вяскоўцам пашпарты. Падалася без дакументаў пагасцяваць да брата ў Адэсу. Там нейкім чынам узялі на будоўлю — вельмі патрэбныя былі працавітыя рукі. У 1963 годзе сяброўкі-будаўніцы праз ваенкамат уладкаваліся на службу ў Армію. Жэня трапіла ў войскі сувязі радыётэлеграфісткай. Атрымала званне сяржанта. Там праходзіў тэрміновую службу начальнікам радыёстанцыі Коля Войстрык з Мікалаеўскай вобласці. Закахаліся адзін у другога беларуска і ўкраінец. Пажаніліся. Пасля звальнення ў запас Мікалай падаўся ў гандлёвы флот. Яўгенія зацяжарала і нараджаць паехала да бацькоў у Пышна. Звестка аб з’яўленні на свет першынца Алега заспела маладога бацьку ў Чырвоным моры. Эмацыйныя віншаванні маракоў, мабыць, чутны былі і ў Афрыцы, і ў Азіі. Пасля Яўгенія падарыла Мікалаю другога сына — Аляксандра.

Нарэшце завяршыў Мікалай марскую адысею. Перасяліўся ў Мінск. Узначаліў аддзел у Міністэрстве працы. Забраў Яўгенію з дзецьмі. Абсталявалі дачу пад Мінскам. Так і дацягнулі да пенсіі.

Аднак цягнула Яўгенію на родную Пышняншчыну. У Крыўцах купілі Войстрыкі хатку як бы пад дачу. Агарод збягаў у возера Доўгае. Лес блізка. Хараство! Давялі будыніну да ладу. Як прыехала Яўгенія ў яе на лета пяць гадоў таму, так назад у тлумную сталіцу і не вярнулася. Хіба што ў госці да мужа наведвалася.

*   *   *

Прырос да бацькаўшчыны і Алег — нездарма нарадзіўся ў Пышне. Ажаніўся. Жонка ў Пышнянскім сельсавеце бухгалтарам працуе, а ён у Крыўцах побач з матчынай хатай свой вялікі дом будуе, у якім мяркуе асобную аграсядзібу стварыць. А “Вастрыкоўка” — агульны, сямейны пачатак, калі можна так выразіцца. На ім сумесна завіхаюцца ўсе Войстрыкі, у тым ліку і Аляксандр-мінчанін, малодшы брат Алега.

Працавітыя рукі трэба мець, каб гэтулькі набудаваць і яшчэ болей на перспектыву запланаваць. Алегава сядзіба ў неба рвецца драўляным гмахам. Побач з матчынай хатай белую будыніну ўзвялі пад будучую міні-гасцініцу. Непадалёк вясковую хату набылі, быццам ляльку з яе зрабілі, унутры аздобілі і абставілі пад даўніну — кампанію з шасці, а пры неабходнасці з васьмі турыстаў прыняць могуць. Нават зімой. А для лета на беразе возера паставілі дзве лёгкія хаткі для пары турыстаў кожная.

Усю аграсядзібу паказалі бацька з сынам — і гатовыя “апартаменты”, і будучыя. Павялі на прычал, які знаходзіцца ўбаку ад яхты. Мабільны ён. З двух плытоў на пантонах складаецца. Хочаш, купайся ці рыбу вудзь з яго. А хочаш, перамяшчайся ў любы куток возера і там адпачывай. Маскоўскія турысты ўлетку так упадабалі начлег пасярод возера, што ўвечары адплывалі на пароме, ставілі на ім палатку і жылі да раніцы.

— Шмат турыстаў прыязджалі летам?

— Былі і масквічы, і піцерцы, і мінчане, — пералічваюць Войстрыкі. — Як не дзіўна, але самыя капрызныя пастаяльцы — жыхары нашай сталіцы. Іх мала цікавіць побыт беларускай вёскі, асаблівасці мясцовай прыроды, а болей — вясёлы адпачынак. Турысты ж з расійскіх мегаполісаў кожную дробязь лічаць экзотыкай, захапляюцца вясковым ладам жыцця. Пара піцерцаў адпачыла два дні, пакурсіравала па іншых аграсядзібах Беларусі, вярнулася назад і нашу адзначыла як найлепшую. Двое магілёўцаў правялі выхадныя, а на наступныя завіталі іх сябры. Аршанцы прыязджалі, хоць бліжэйшых аграсядзіб шмат. Значыць — у нас лепей. На Новы год усе месцы забраніраваны праз Інтэрнэт.

— Мікалай Паўлавіч, вы ўкраінец. Чым прыцягнула вас зямля беларуская?

Зірнеш раніцай у акно, і азёрная сінеча на ўвесь дзень настрою надае. Але не горшая прырода і на роднай Мікалаеўшчыне. Маё маленства прахо­дзіла на берагавой кручы аднаго з рукавоў дэльты Паўднёвага Буга. Да гэтага часу прыцягваюць да сябе дняпроўскія краявіды. Так што ў Беларусь мяне завабіла пышнянка Жэня Размысловіч. За гэта я ёй буду да канца дзён сваіх удзячны.

Уладзімір ШУШКЕВІЧ,

На здымку: Мікалай і Алег Войстрыкі на беразе Доўгага.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>