Працоўны аптымізм

395Пачатак жніўня не прынёс доўгачаканую прахалоду, па-ранейшаму захоўвалася моцная спёка — на небе не было ні аблачынкі, а слупок тэрмометра ўдзень упэўнена пераадольваў рысу ў 30 градусаў цяпла. Нялёгка было працаваць у такіх экстрэмальных умовах будаў­нікам ДКУБП “Лепельская ПМК-75” на ўзвядзенні 40-кватэрнага жылога дома па вуліцы Калініна ў мікрараёне аграрна-тэхнічнага каледжа. Аднак работа кіпела. Брыгада цесляроў Віктара Місніка заканчвала выраб драўлянай апалубкі для выканання бетонных работ, абуладкоўвала пліты перакрыццяў, завяршала ўзвядзенне падвальных памяшканняў. Тут рупіліся цясляр Андрэй Халімоненка, іншыя працаўнікі, занятыя на выкананні работ так званага “нулявога” цыкла.
— З усходняй часткі дома дванаццаць муляраў брыгады Аляксандра Аношкі ўжо вядуць цагельную кладку першага паверха: узняліся ў вышыню ўжо некалькі сцен, — паведаміў Андрэй Васільевіч. — Мы і надалей будзем імкнуцца працаваць згодна з вытворчым графікам, ствараць неабходны фронт работы для муляраў, каб яны не прастойвалі, аператыўна ўзводзілі сцены дома. І, наогул, у нас зла­джана дзейнічае ўвесь будаўнічы канвеер. Каб не было і далей ніякіх затрымак, з боку аграрна-тэхнічнага каледжа да шматпавярховага дома нават ужо пачалі пракладваць цеплатрасу. Для гэтага завезены неабходныя трубы, вядуцца земляныя работы. Там задзейнічаны наш электрагазазваршчык Леанід Махняцоў, іншыя спецыялісты.
На вытворчай базе ПМК-75 сустрэўся з вядучым інжынерам прадпрыемства, старшынёй прафкама Віктарам Аношкам.
— Наша будаўнічая арганізацыя ў Лепелі — самая буйная і шматпрофільная, у ёй працуюць сотні людзей, якія дасягаюць добрых вытворчых здабыткаў, — адзначыў Віктар Рыгоравіч. — Таму з нагоды Дня будаўніка многія працаўнікі будуць заахвочаны маральна і матэрыяльна не толькі кіраўніцтвам нашага ПМК-75, але і вышэйстаячымі органамі. Напрыклад, за шматгадовую добрасумленную працу ў будаўніцтве, вялікі асабісты ўклад у вынікі работы працоўнага калектыву Ганаровай граматай Камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Віцебскага аблвыканкама ўзнагароджана начальнік вытворчага аддзела Ніна Судас. Ганаровымі граматамі нашага трэста “Полацксельбуд” адзначаны цясляр Яўген Камека, вадзіцель Васіль Крывалап, станочнік дрэваапрацоўчых станкоў Аляксандр Макараў, Падзякі атрымалі прараб Міхаіл Мурашка і цясляр Сяргей Пшонка. Ганаровай граматы абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу ўдастоена казначэй прафкама, начальнік планава-эканамічнага аддзела прадпрыемства Аліна Міснік, Падзякі — старшыня рэвізійнай камісіі прафсаюзнай арганізацыі, сакратар прыёмнай прадпрыемства Алена Белавусава.
Дырэктар ДКУБП “Лепельская ПМК-75” Яўген Дзівін толькі што вярнуўся з водпуску — адразу апынуўся ў віры самых розных праблем працоўнага калектыву, якія патрабуюць свайго неадкладнага вырашэння.
— Праграма будаўніча-мантажных работ на 2014 год вельмі напружаная, — сказаў Яўген Уладзіміравіч. — У Лепелі вя­дзём будаўніцтва 100-кватэрнага жылога дома па вуліцы Школьная і 40-кватэрнага — па вуліцы Калініна. Гэтыя аб’екты плануем ужо сёлета ўвесці ў эксплуатацыю. Да канца бягучага года ў мікрараёне новай гарадской забудовы мяркуем пачаць будаўніцтва яшчэ аднаго шматпавярховага жылога дома — на гэты раз ужо 60-кватэрнага. Акрамя таго, па вуліцы Савецкая вядзём рэстаўрацыю помніка архітэктуры XIX стагоддзя пад краязнаўчы музей, ажыццяўляем мадэрнізацыю даху дзіцячага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы. Усяго ў студзені-ліпені ДКУБП “Лепельская ПМК-75” ужо выканала будаўніча-мантажных работ уласнымі сіламі на 21 мільярд 727 мільёнаў рублёў. На жаль, узвядзенне аб’ектаў стрымліваецца адсутнасцю належнага фінансавання, іншымі сацыяльна-эканамічнымі праблемамі. Аднак за справу бярэцца дзеяздольны працоўны калектыў, маецца належнае тэхнічнае ўзбраенне, таму не апускаем рукі, мэтанакіравана вырашаем вытворчыя задачы і з аптымізмам глядзім у будучыню.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.
На здымку:  нягледзячы на больш чым 30-градусную жнівеньскую спёку рупліва кладзе цагліны сцяны жылога дома муляр Алег Пшонка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>