Камбайны на вясковых сотках

Акрамя вялікіх, у тысячы гектараў палёў, патрабуецца зжаць збажыну і на вясковых сотках. У параўнанні з прамысловымі плошчамі яны, вядома, выглядаюць мізэрнымі і малазначнымі, аднак пры гэтым іх сацыяльнай важнасці немагчыма перабольшыць. Каб пераканацца, варта пагутарыць з любым старшынёй сельвыканкама, які мае звесткі аб усіх агародах і ўчастках вяскоўцаў. Яны ведаюць, якую чакаць рэакцыю сельскіх жыхароў, калі нязжатая збажына перастаіць у каласах, пачне абсыпацца.
З мэтай даведвання аб стане спраў з абмалотам вясковых сотак сабраў інфармацыю з усіх сельвыканкамаў. Так, на землях Баброўскага сельсавета за апошні год значна, ледзь не ўдвая скарацілася агульная плошча пасеваў зерневых у прыватным сектары. Гэта звязваюць найчасцей са скарачэннем свінапагалоўя ў прыватных гаспадарках у сувязі з недапушчэннем з’яўлення афрыканскай чумы свіней. Паколькі ўласнага камунальнага ўнітарнага прадпрыемства па аказанні паслуг насельніцтву пры сельвыканкаме няма, то тут асноўная функцыя ўскладаецца на камбайны двух мясцовых сельгаспрадпрыемстваў — КУВСГП “Баброва” і ААТ “Ладасна”. Па традыцыі іх працаўнікі ўключаюцца ў малое жніво адразу пасля завяршэння вялікага. Аднак жыхарам вёскі Суша сёлета крыху пашанцавала. Працаўнікі ААТ “Ладасна” хутка, за некалькі дзён управіліся з уборкай азімых збожжавых культур і атрымалі невялікую аператыўную паўзу, пакуль паспеюць культуры яравыя. Гэтыя дні выкарысталі для дапамогі вяскоўцам, абмалацілі больш за паўтара гектара агародаў.
У населеных пунктах Горскага сельсавета збажына сёлета расце на 67 агародах, увесь клін не перавышае 20 гектараў. Здавалася б, аднаму камбайну — на два дні няспешнай работы. Аднак не варта забываць, што ўчасткі вяскоўцаў часта не перавышаюць 10–20 сотак, а паміж імі трэба рабіць перагоны. У КУП “Горкісельгаспаслугі” камбайна няма, таму вяскоўцы спадзяюцца на дапамогу мясцовых сельгасарганізацый — падсобнай гаспадаркі “Караевічы” і ААТ “Лепельскі райаграсэрвіс”. Як паказвае шматгадовая практыка, да першага верасня агароды вяскоўцаў убіраюцца. У Караевічах ужо дзе-нідзе прыступілі да абмалоту.
Зерневы клін вёсак Домжарыцкага сельсавета яшчэ меншы — каля шасці гектараў. Паводле статыстыкі сельвыканкама, збожжавымі засеяны не больш за 30 агародаў. Паколькі камбайнаў ні ў прыватных гаспадарках, ні ў ДПУ “Бярэзінскі біясферны запаведнік” няма, то жыхары Домжарыцаў і навакольных вёсак спадзяюцца на дапамогу КУП пры Слабадскім сельвыканкаме “Свяда”. Ужо некалькі гадоў пасля абмалоту сваіх участкаў работнікі “Свяды” дапамагаюць і суседзям.
Пры Каменскім сельвыканкаме працуе старэйшы КУП — “Каменьаграсэрвіс”, дзесяць гадоў там эксплуатавалі два збожжаўборачныя камбайны яшчэ савецкай вытворчасці. Як успа¬мінае старшыня сельвыканкама Мікалай Сініцын, больш пакутавалі, чым працавалі: тэхніка старая, зношаная, пастаянна патрабавала грашовых укладанняў у рамонт. Абмалот агародаў заўсёды характарызаваўся адмоўнай рэнтабельнасцю. Таму камбайнаў у КУП зараз няма. Затое два камбайны — ва ўласнасці ў вяскоўцаў. Аляксандр Ладзік жыве ў Губіне, ужо абмалаціў некалькі агародаў у сваёй вёсцы, а таксама ў Макараўшчыне і Катоўшчыне. А Марат Чувілін дапамагае вяскоўцам Чарэйшчыны. Да канца жніўня павінны завяршыць жніво і працаўнікі адкрытых акцыянерных таварыст¬ваў “Чарэйшчына” і “Ладасна”, пасля чаго абавязкова пераключацца і на вясковыя соткі.
У вёсках Лепельскага сельсавета засеяны 251 участак агульнай плошчай звыш за 55 гектараў. Старшыня сельвыканкама Адам Ташліковіч распавядаў, што каля пяці гадоў таму зерневы клін даходзіў да 250 га, таму абмалот сёлетніх плошчаў не павінен скласці якіх-небудзь цяжкасцей. Тым больш, што, напрыклад, ААТ “Лядна” набліжаецца да экватара жніва. У бліжэйшы час абмалот будзе завершаны, і камбайны гаспадаркі рушаць на вясковыя соткі, як і камбайны КУВСГП “Лепельскае”.
КУП “Салют-Агра” пры Стайскім сельвыканкаме займаецца толькі зборам малака ад кароў вяскоўцаў. Між тым, менавіта ў Стайскім сельсавеце самыя вялікія плошчы, занятыя вяскоўцамі пад збажыну, — 369 агародаў на 111 гектарах. Як запэўніў старшыня сельвыканкама Анатоль Залатуха, сёлета ні адзін агарод не застанецца неабмалочаным. На гэтых землях працуюць камбайны СФГ “Азімка” і СВФ “Заазер’е” ААТ “Лепельскі МКК”. У бліжэйшы час яны завершаць абмалот сваіх плошчаў і прыйдуць на дапамогу вяскоўцам. Аднак, паколькі перад аграрыямі ляжыць вялікі аб’ём працы, жніво сотак можа быць завершана ў першыя дні верасня, што не нашмат выходзіць за межы агратэхнічных тэрмінаў.
У цяперашні час камбайны на ўзбраенні маюць толькі два КУПы — “Аграпамочнік” пры Валосавіцкім сельвыканкаме і “Свяда” пры Слабадскім.
У Валосавічах жніво на сотках пачалося першага жніўня, эксплуатуюць “Дон-1500” 1996 года выпуску. Натуральна, што камбайнеру Уладзіміру Круку патрабуецца шмат намаганняў, каб пастаянна падтрымліваць тэхніку ў спраўным стане. Штодня ён да абеду рамантуе камбайн, каб апоўдні, як абсохне раса, выехаць на працу. За дзень ён апрацоўвае да дзесяці–пятнаццаці агародаў. Расцэнка за абмалот адной соткі — 11 тысяч рублёў.
У КУП “Свяда” камбайн крыху навейшы — КЗС-10. Там таксама жніво распачата першага жніўня. Ужо зжаты некалькі агародаў у Слабадзе, Свядзіцы, Даліках. Абмалот адной соткі каштуе 11 тысяч рублёў. Паводле ацэнак бухгалтара сельвыканкама, гэта цана дазваляе кампенсаваць расходы, даючы магчымасць працаваць рэнтабельна.
Увогуле, абмалот агародаў — адна з самых цяжкіх аперацый камбайнераў. Калі на вялікіх палях магутны камбайн можа ісці ў любым напрамку, то на малых палетках даводзіцца ўмела манеўраваць, абмінаючы ўзмежкі, а часам і пладовыя дрэвы.
Васіль МАТЫРКА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>