Фарсіраванне Дняпра

У вёсцы Суша знаходзіцца брацкая магіла, дзе пахаваны 13 савецкіх воінаў і дзевяць партызан, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. У 1966 годзе на ёй быў абуладкаваны мемарыял — скульптура воіна. А зусім непадалёк, усяго праз дарогу, на мясцовых могілках ужо ў пасляваенны час знайшоў свой апошні спачын наш зямляк, Герой Савецкага Саюза Павел Ялугін. На месцы яго пахавання ўстаноўлены невялікі помнік з фотаздымкам, на якім можна пабачыць вобраз Паўла Уладзіміравіча ўжо ў сталым узросце, калі ён жыў у Маскве. Аднак у якасці свайго апошняга прытулку герой усё ж абраў родныя мясціны, дзе ён упершыню пабачыў гэты свет. Дарэчы, тут на надмагільнай пліце заўсёды ляжаць вянкі і кветкі як сведчанне светлай памяці нашчадкаў аб адным з сапраўдных патрыётаў Лепельшчыны.
У кнізе “Памяць. Лепельскі раён” змешчаны звесткі пра Паўла Ялугіна. Нарадзіўся ён у верасні 1910 года ў вёсцы Янова Лепельскага раёна. Закончыў ваеннае пяхотнае вучылішча. Змагаўся супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў на Паўночна-Заходнім, Сталінградскім, 3-м Украінскім франтах, удзельнічаў у абароне Севастопаля. Гвардыі капітан, камандзір стралковага батальёна, Павел Ула­дзіміравіч вызначыўся ў баях пры фарсіраванні Дняпра каля Днепрапятроўска.
— Вайна застала мяне ў Новарасійску, — успамінаў Павел Уладзіміравіч. — А 29 чэрвеня нас перакінулі ўжо да Літвы. Назаўтра давялося сустрэцца з фашыстамі і прыняць бой. Там мяне параніла першы раз. Лячыўся я ў Краснадары. Пасля ваяваў у Крыме, дзе быў паранены другі раз. Зноў падлячыўся. Трапіў на Сталін­градскі фронт. Трымалі абарону. Удзельнічаў у ліквідацыі акружанай варожай групоўкі. Нашу 39-ю гвардзейскую стралковую дывізію перакінулі пад Калач, і адтуль мы пагналі фашыстаў да Сталінграда. Яны ж вельмі хацелі туды, а цяпер спрабавалі вырвацца з акружэння. Далей былі Арлоўска-Курская дуга, Днепр…
Павел Ялугін расказаў пра некаторыя абставіны фарсіравання Дняпра і ўтрымання плацдарма, за што ён быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза.
— У той час я быў начальнікам штаба батальёна, — адзначыў Павел Уладзіміравіч. — Цэлы дзень назіраў за праціўнікам, які замацаваўся на правым беразе магутнай ракі, вышукваючы больш зручнае месца для пераправы. А вечарам выклікалі да камандзіра палка. Атрымаў загад ноччу пачаць пераправу.
Выдзелілі мне 42 чалавекі, некалькі кулямётаў. Пагрузіліся ў дзве фанерныя лодкі і, калі добра сцямнела, пачалі перапраўляцца. Спачатку шанцавала. Да супрацьлеглага берага заставалася якіх-небудзь метраў семдзесят, як вораг нас заўважыў. Вада вакол лодак закіпела ад выбухаў і куль. Так-сяк дабраліся да берага, страціўшы лодкі, а разам з імі — нямала зброі і боепрыпасаў. Схавацца ад агню было амаль немагчыма, заляглі прама ў вадзе. Над намі ў тым месцы толькі з паўметра выступаў бераг. Гэты выступ і стаў нашым прытулкам.
Раніцай, калі ледзь заняўся золак, гітлераўцы спынілі страляніну, заварушыліся ў акопах. “Рус, капут!” ­­— пачуліся іх выкрыкі. Мы маўчалі, і гэта, бачна, было адзіным нашым шанцам. Цікаўнасць фашыстаў пагля­дзець, што з намі здарылася, прымусіла іх пакінуць акопы. Вось яны ўжо набліжаюцца да калючага дроту, які раздзяляў нас…
Я загадаў падрыхтавацца.
— Ура! За Радзіму! Наперад! — падаў каманду ў зручны момант.
Байцы дружна ўзняліся з вады і рынуліся на варожыя ўмацаванні. Бой быў кароткі, але жорсткі. Праз некалькі хвілін мы выбілі фашыстаў з першай лініі абароны.
Падлічылі свае сілы. Нас засталося 18 чалавек. Занялі абарону. У хуткім часе немцы пайшлі ў атаку. Адбілі мы яе, затым — другую…
Ноч прайшла спакойна. Перад світаннем дабраўся да нас сувязіст з тэлефонам, але падмацавання чамусьці не далі. Днём гітлераўцы зноў пачалі чарговую атаку. Выходзілі яны з кукурузнага поля колькасцю звыш роты, а ў нас — жменька байцоў. Звязаўся з камандзірам палка, далажыў абстаноўку. Папрасіў падтрымаць “кацюшамі”.
У хуткім часе пачуўся магутны гул. Быццам бы ветрам здзьмула немцаў з поля.
Толькі на трэцюю ноч пачало паступаць папаўненне. Аказваецца, камандзір нашага батальёна звярнуў не туды, дзе мы трымалі абарону.
Не чакаючы галоўных сіл, самі перайшлі ў наступленне. Захапілі аэрадром, на ім — шэсць спраўных баявых самалётаў. І сёння дзіву даюся: чаму яны не ўцяклі? Бачна, фашысцкія ваякі яшчэ верылі свайму фюрэру, што дняпроўскі вал непрыступны…
М. АЗЁРНЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>