За трыцікале — пшаніца

378Чарговы выезд у пошуках інфармацыі пра палявыя работы быў скіраваны ў СВП “Пражэктар”. Згодна з раённай зводкай, на раніцу 25 ліпеня ў гаспадарцы было ўбрана 70 гектараў азімага трыцікале, намалочана 145 тон зерня, ураджайнасць пры гэтым склала 20,7 цэнтнера з гектара — на той час самы нізкі паказчык.
На поле за вёскай Далікі дабраліся пасля абеду, якраз у гэты ж час сюды прыехалі і шэсць камбайнаў, яшчэ два рамантавалі невялікія паломкі ў майстэрні ў Слаба­дзе. Да абеду зводны мехатрад заканчваў жніво на полі за вёскай Сталюгі, там расло трыцікале. Новае поле — пшаніч­нае.
Вось магутныя машыны з’ехалі з дарогі, апусцілі жняяркі і адна за адной сталі ўразацца ў масіў. Пакуль камбайны аб’язджалі круг, гутару з галоўным аграномам гаспадаркі Аляксеем Полаўцавым.
— Колькі ўсяго гектараў падлягае ўборцы?
— Зерневых у гаспадарцы — 1700 гектараў. З іх азімага трыцікале — 229 га, азімай пшаніцы — 126, 345 га — жыта. Яравы клін таксама даволі вялікі: 200 га яравой пшаніцы, 287 гектараў ячменю, 310 гектараў аўса, 132 гектары сумесі аўса з вікай і 101 гектар грэчкі. А з улікам рапсу набярэцца 2105 гектараў.
— Якая атрымлі­ваецца нагрузка на камбайн?
— Паводле папярэдніх падлікаў, на кожны з васьмі камбайнаў прыпадае па 270 — 280 гектараў. Аднак калі ўлічыць, што ў працэсе працы непазбежныя паломкі, то нагрузка на некаторыя машыны можа быць і перабольшана. За дзень камбайн, у залежнасці ад мадэлі і магутнасці, можа зжаць ад дзесяці да пятнаццаці гектараў. Атрымліваецца, што нашы камбайнеры павінны ўправіц­ца са жнівом на працягу 20 — 25 дзён. Самае галоўнае, каб надвор’е не падвяло, тады ўсё паспеем зрабіць.
— У чым вам бачыцца самая значная цяжкасць сёлетняй уборачнай кампаніі?
— У мінулыя гады СВП “Пражэктар” выдзелілі землі ў наваколлях вёсак Валосавічы, Грыгаравічы. Калі глядзець па карце, то не так і далёка, у межах дзесяці кіламетраў. Калі ж праехаць туды па дарозе — атрымліваецца пад 50. На прамой дарозе непераадольнай перашкодай цячэ рэчка, таму ў Валосавічы дабіраемся аб’язной, праз Лепель. Вось так атрымліваюцца 50-кіламетровыя перагоны. І сёлета асноўныя пасяўныя плошчы зерневых сканцэнтраваны якраз у тым баку.
— Ураджайнасць 20,7 ц/га для трыцікале зусім нізкая, у чым прычыны?
— Непрывычная зіма адмоўным чынам адбілася на ўсіх азімых культурах. Праўда, найбольш пацярпеў рапс, з 280 гектараў увесну пера­аралі і перасеялі 100, астатнія 180 га далі ўраджайнасць толькі 6,5 ц/га. Не лепшая сітуацыя і са збожжавымі. Па-другое, слаба спрацавалі ў плане абароны ад пустазелля, ды і палегліцы было шмат. Спадзяёмся на іншых культурах атрымаць ура­джайнасць. Пшаніца, напрыклад, не палягла.
Тым часам на дарозе ля поля стаялі чатыры грузавыя аўтамашыны ў чаканні запоўненых бункераў. Падышоў да бліжэйшага МАЗа. Як аказалася, гэты аўтамабіль з ААТ “АТП-14”.
— Уладзімір Генадзьевіч Кулько, вадзіцель МАЗа, — прадставіўся суразмоўца.
— Даўно тут працуеце?
— Сёння першы дзень. А ўвогуле на ўборачных работах — чацвёрты сезон. За мінулыя гады дасканала вывучыў мясцовыя вёскі, палі, таму сёлета, калі надышла пара, мне ў пуцявым лісце адразу запісалі: “Пражэктар”.
— Не часта сустракаў аўта­транспартнікаў на палявых работах…
— Сёлета для нас увогуле напружаныя часы. У дарожнікаў і будаў­нікоў працы няшмат, адпаведна, і мы ад іх заказаў мала атрымлівалі. Вось кіраўніцтва і шукае працу, заказы ўсюды, дзе толькі магчыма.
— Якая ў вас аплата, табліцу з расцэнкамі вам выдавалі?
— У мяне аплата пагадзінная. “Пражэктар” пераводзіць грошы на АТП-14, а адтуль налічваюць заробак мне.
— Колькі зерня ўмяшчаецца ў кузаў вашага МАЗа?
— Грузападымальнасць машыны — да 20 тон жвіру. Зерне значна лягчэйшае. Умяшчаю па два бункеры, атрымліваецца каля 12 тон.
Вось, зрабіўшы круг, пад’язджае камбайн, падымаюся на мосцік. У кабіне — адзін камбайнер, без памочніка. Аляксей Шэпель з 1983 года працуе на камбайнах, пачынаў яшчэ на СК-5 “Ніва”. На сваім цяперашнім “Палессе GS-12” працуе пяты сезон. Сам яго атрымліваў, абкатваў. Кажа, што ўжо пяты сезон абыходзіцца без памочніка, выконвае абавязкі за дваіх, атрымліваючы адпаведную аплату. Дарэчы, лісты з расцэнкамі на ўборачных работах камбайнерам выдалі яшчэ да першых выездаў у поле, так што людзі ведаюць, за што працуюць.
Паколькі камбайн эксплуатуе адін чалавек, ён яго вельмі старанна даглядае, не дапускае паломак і няспраўнасцяў. Сеў у кабіну — нібы ў іншае вымярэнне перайшоў. Навокал спякота, пыл, гул рухавікоў, а ў кабіне прахалода, шумаізаляцыя, не хапае хіба што магнітолы. Літаральна пару дзён таму прыехалі спецыялісты, заправілі кандыцыянеры, так што ўмовы працы сталі камфортныя.
Аднак у камбайне Уладзімі­ра Альхімовіча кандыцынер пакуль што не працуе, таму даводзіцца адчыняць дзверы. Вось бункер яго GS-12 напоўніўся, хуценька пад’ехаў МАЗ, пачалася выгрузка.
Зерне налітае, аднак вільготнасць усё ж завышаная, да 16 — 18 працэнтаў. У далейшым яго курс — на сушыльны комплекс.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: вадзіцель Уладзімір Кулько.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>