Славай авеяны подзвіг народа…

340Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь… Кожны год мы адзначаем гэта прыгожае ліпеньскае свята з асаблівым пачуццём радасці. Мы ганарымся сваёй роднай краінай, захапляемся яе непаўторнымі краявідамі, радуемся поспехам сваіх землякоў і разам, ­аб’яднаўшы сілы, ствараем светлую будучыню радзімы. Аднак гэты дзень нясе з сабой і сумныя ўспаміны аб жудасным ваенным ліхалецці. Мы ўшаноўваем памяць аб мужных франтавіках, партызанах і падпольшчыках, якія цаной сваіх жыццяў набліжалі светлы Дзень Перамогі. Мы ганарымся мужнасцю і самаадданасцю нашых салдат, сапраўдны патрыятызм і адвага якіх стануць прыкладам для многіх пакаленняў абаронцаў Айчыны.
З такімі ўзнёслымі думкамі крочу на свята. Выдатнае сонечнае надвор’е, якое ўсталявалася з самай раніцы, радавала шматлікіх гасцей. Па традыцыі святкванне Дня Незалежнасці пачалося з ускладання вянкоў да магіл загінулых воінаў. Прахожыя з цікавасцю сачылі, як па вуліцы Максіма Горкага, ад ваенкамата да плошчы Свабоды, прайшлі ваеннаслужачыя Заслонаўскага ваеннага гарнізона. Дзеці, трымаючы ў руках прыгожыя букеты кветак, рознакаляровыя шары, разам са сваімі бацькамі і настаўнікамі, пажылыя і моладзь спяшаліся на плошчу Свабоды, якая зазіхацела на вачах. Менавіта тут праз некалькі хвілін пачнецца святочны мітынг “Славай авеяны подзвіг народа!”.
Сёлета споўнілася 70 год, як Беларусь была вызвалена ад фашысцкай навалы, некалькі дзесяцігоддзяў мы не чуем страшэнныя выбухі, працяглыя кулямётныя чэргі, крыкі пакрыўджаных жанчын і дзяцей, але ўспаміны аб вайне будуць заўсёды хваляваць нашы сэрцы. Мы нізка схіляем галовы перад адвагай савецкіх салдат і адданасцю Радзіме. Гэта адзначыў у сваім выступленні старшыня Лепельскага райвыканкама Барыс Яфрэмаў. Пад пра­нікнёныя музычныя акорды дзеці ўзнялі ў неба шары, што сімвалізуюць росквіт, мір і дабрабыт на зямлі. Разам з вершаванымі радкамі вядучыя прачыталі цёплае прывітанне ў адрас ветэранаў і ўсіх гасцей ад імя членаў раённага савета ветэранаў. Ад імя маладога пакалення з цёплым віншаваннем да ўдзельнікаў мітынгу звярнулася вучаніца адзінаццатага класа сярэдняй школы №3, выдатніца вучобы Лізавета Гры­дзюшка. Яркім акордам стала паказальнае выступленне ўдзельнікаў духавога аркестра 19-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады з Заслонава. Прысутныя з цікавасцю сачылі за адточанымі рухамі афіцэраў, якія 341цудоўна выканалі папуры з вядомых песень.
Нікога не пакінуў раўнадушным момант, калі пад хвалюючыя гукі музыкі дзеці падарылі ветэранам кветкі.
Памяць аб подзвігах мужных франтавікоў была ўшанавана хвілінай маўчання.
Шмат яркіх уражанняў ва ўсіх гасцей пакінула паказальнае выступленне разведвальнага ўзвода механізаванага батальёна 19-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады, якая прадэманстравала складаныя прыёмы барацьбы з пра­ціўнікам.
З цёплым святочным віншаваннем да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, усіх гасцей звярнуўся начальнік Заслонаўскага ваеннага гарнізона гвардыі палкоўнік Мікалай Міклашэвіч. Гучыць зычны загад пачаць святочны парад — і пад бадзёрыя гукі маршу па плошчы стройнай калонай прайшлі афіцэры, прапаршчыкі і салдаты 19-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады.
Пасля завяршэння мітынгу свята набірала ўсё большы размах. Па вуліцы Ленінскай, перад уваходам у гарадскі парк раскінуліся багатыя гандлёвыя вітрыны філіяла “Каапгандаль” Лепельскага райспажыўтаварыства, дзе пакупнікам у шырокім асартыменце прапаноўваліся мясныя, кулінарныя і кандытарскія вырабы. Усіх жадаючых работнікі гандлю запрашалі пачаставацца апетытным шашлыком. Госці з задавальненнем набывалі смачнае лепельскае марожанае.
А колькі гледачоў сабралася ля выставы ваеннай зброі і тэхнікі, падрыхтаванай ваенна­служачымі Заслонаўскага ваенага гарнізона! Многія фатаграфаваліся на памяць з удзельнікамі разведвальнага ўзвода механізаванага батальёна 19-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады. Хлопчыкі адчувалі сябе сапраўднымі воінамі, седзячы ў баявой машыне пехоты БМП-2. Тут жа можна было пабачыць самаходную артылерыйскую зброю 2С9 ”Нона”, Р-145БМ “Чайка” — камандна-штабную машыну, здольную забяспечваць сувязь у часы руху і прыпынку.
Бацькі ахвотна набывалі дзецям цацкі, шматлікія сувені­ры. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем каталіся на каруселях, скакалі ў паветраных замках. Шмат гледачоў сабралася на летняй танцавальнай пляцоўцы. Работнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі прапанавалі ўсім жадаючым прыняць удзел у літаратурным лабірынце “Дарога да Перамогі”. Шматлікіх чытачоў зацікавіў стэнд “Мір. Вайна. Перамога”, дзе былі прадстаўлены плакаты даваеннага часу, перыяду Вялікай Айчыннай вайны, якія ўзнімалі дух народа, натхнялі на подзвіг салдат. Побач была прадстаўлена выстава літаратуры аб ваенных падзеях. Сярод іх — кніга Барыса Далгатовіча “Военачальнікі зямлі беларускай”, рэспубліканская кніга “Памяць Беларусі”, твор “Краіна Саветаў ад Кастрычніка да нашых дзён” Г.А. Куманёва, “Успаміны і развагі маршала Г.К. Жукава” і многія іншыя.
А колькі яркіх, непаўторных работ можно было пабачыць на выставе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Мая Радзіма — Беларусь!”. Немагчыма было адвесці вачэй ад яркіх, шыкоўных вырабаў, створаных умелымі рукамі выхаванцаў аб’яднанняў па інтарэсах Лепельскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Прыгожыя вырабы з гліны вынеслі на суд гледачоў выхаванцы гуртка “Кераміка” аграгарадка Старое Лядна. Уразілі шыкоўныя пано, вышытыя карціны, упрыгажэнні і іншыя работы. Гледачоў у чарговы раз захапілі творы з бісеру, вырабленыя юнымі выхаванцамі аб’яднання па інтарэсах “Студыя дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Калейдаскоп” пад кіраўні­цтвам Людмілы Хадакоўскай. Радавалі вока яркія ўпрыгажэнні, карціны з сухога лісця, саламяныя капелюшы, змайстраваныя кіраўніком аб’яднання па інтарэсах “Прырода і фантазія” Марынай Арцеевай і яе вучнямі. Прыцягвалі ўвагу гледачоў таксама цудоўныя работы майстроў раённага Цэнтра рамёстваў, народных умельцаў Лепельшчыны. Вабілі вока вышываныя ручнікі і паясы, разнастайныя сувеніры, вырабы з бісеру, саломкі, мяккія цацкі і іншыя вырабы. Ярка і каларытна выглядалі работы Вольгі Ганчар, выкананыя ў тэхніцы “Роспіс па шкле”, майстроў лозапляцення Розы, Уладзіміра Смірновых і г.д. Для ўсіх жадаючых тут жа працавала бяспройгрышная латарэя. За прымальную плату многія аматары дэкаратыўна-прыкладной творчасці атрымлівалі сувеніры.
Вядома, ні адно свята немагчыма ўявіць без паходнай кухні і смачнай салдацкай кашы, якой ахвотна частаваліся і дарослыя, і дзеці.
Шчымлівыя гукі музыкі паклікалі ўсіх у летні амфітэатр, дзе работнікамі гарадскога Дома культуры была падрыхтавана тэматычная тэатралі­заваная праграма “Дзякуй вам, што мы вайны не ведалі!”. Са сцэны былі паказаны расстанне маладой сям’і, маці з сынам, закаханых, якіх разлучыла вайна. Арганічна дапоўнілі сцэнічную дзею песні ваенных гадоў у выкананні хору народнага клуба “Ветэран”, вядомай спявачкі Наталлі Мацюш, выступленне ўзорнага ансамбля танца “Лілея”. Закранулі гледачоў песні ў выкананні Людмілы Шыпулі, Ганны Міхно, Таццяны Грыдзюшкі і іншых вакалістаў.
Выдатная святочная праграма ўзняла настрой гасцям свята і ў вячэрні час. Пакінулі яркія ўражанні ў гледачоў артысты тэатра песні Ірыны Дарафеевай” з эстраднай канцэртнай праграмай “Светлае імя тваё, Беларусь!”. Пасля завяршэння канцэрта артысты і гледачы разам прынялі ўдзел у акцыі “Праспяваем гімн разам!”. Шмат станоўчых эмоцый гледачам падарыў феерверк.
Святочная дзея працягвалася на плошчы Свабоды. Пры ўваходзе ў ГДК для ўсіх жадаючых быў паказаны фільм вытворчасці Расіі “Саракапятка”. Моладзь ад душы весялілася на летняй танцавальнай пляцоўцы, дзе праходзіла тэматычная праграма дыскатэкі “У святочных рытмах”.
Пакідаю свята з выдатным настроем і не магу стрымаць свайго захаплення: “Як цудоўна, што кожны год мы сустракаем Дзень Незалежнасці краіны пад сонечным мірным небам! Вялікі дзякуй вам, дарагія ветэраны, за падоранае жыццё, за тое, што мы можам вучыцца, працаваць у свабоднай і квітнеючай дзяржаве!”

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

На здымках: яркія моманты свята.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>