Камсамольскі парк

Лёгкія сняжынкі павольна падаюць з пахмурнага неба. Над Лепельскім возерам і ракой Ула клубіцца густы пар. Вецер пераносіць яго цераз пешаходны пантон, які злучае Цэнтральны і Камсамольскі паркі. Уяўляюць яны адзіны паркавы ансамбль, хоць па ўзросту розняцца на многія дзесяткі гадоў. Камсамольскі — малады, крыху болей за два дзесяцігоддзі мае ад нараджэння. Напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя заклалі яго камсамольцы па ініцыятыве райкама камсамола.

Цяпер ужо мала хто памятае, што было на мысе, утвораным возерам і вусцем Улы. А расло там дзікае кустоўе, між ім лапікі пусткі запаўняла трава, пасвіліся козы, каровы. Падысці да берага Улы скрозь густы вербалоз можна было толькі рэдкімі прагаламі.

Памятаецца, як роўнымі шэрагамі пачалі прыжывацца першыя саджанцы. Тады думалася, што не хопіць жыцця, каб дачакацца на гэтым месцы сапраўднага парку. Але не прайшло і пятай часткі стагоддзя, як парк вымахаў у сапраўдны гарадскі гушчар. Вялікую і адзіную ролю ў тым адыгралі таполі. Дрэвы гэтыя як хутка растуць, так доўга і не жывуць. Стрыжань таполяў ужо на другім дзесятку гадоў жыцця пачынае парахнець, дрэва засыхаць. Слабая і размешчаная пад самай паверхняй зямлі каранёвая сістэма не вытрымлівае гайдання разлапістых шатаў, і ўрэшце рэшт чарговы парыў ветру вырывае дрэва з коранем.

У Камсамольскім парку спрабую абхапіць тоўстую таполю. Дзе там! Яшчэ адзін чалавек патрэбен, каб рукі сашчапіць. На вершаліну зірнуць — шапка валіцца. А такіх веліканаў большасць. Многія быццам па камандзе пад аднолькавым вуглом нахіліся ў бок Улы — вось-вось упадуць. Некаторыя спілаваны. Іншым абрэзалі тоўстыя адгалінаванні — на адным дрэве аж чатыры, большае 35 сантыметраў у дыяметры мае. Зрэзы — трухлявыя. Такім чынам таполі даглядалі і адначасова лячылі камунальнікі.

У парку даволі шмат беластволых бяроз, асабліва з боку пешаходнага мастка. Ёсць клёны. Аднак гэтым дрэвам не даюць росту гіганцкія таполі — зацяняюць, “з’ядаюць” пажыўныя рэчывы, сціскаюць каранёвую сістэму.

Міжволі прыходзіць думка, што таполі пэўную станоўчую ролю сыгралі — хутка ўтварылі парк. Цяпер яны павінны саступіць месца больш прыгожым дрэвам — бярозам, клёнам, ліпам, каштанам… Нездарма ў некаторых рэгіёнах свету таполям абвясцілі вайну — тапаліны пух выклікае алергію ў людзей.

Увогуле ж парк дагледжаны. З-пад першага снегу не тырчыць пажухлая трава — своечасова скошана. З боку дарожкі на пляж растуць выключна дэкаратыўныя кусты. Некалькі лазнякоў і альховы зараснік на беразе Улы толькі паляпшаюць краявід. Уздоўж возера пастаўлены лаўкі і ля іх сметніцы. Некалькі б іх устанавіць і ў самім парку, бо вельмі ўжо пустым ён выглядае.

Цярэнцій ЭСЕНСКІ.

На здымку: Камсамольскі парк.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>