Рэйтынг узрос на 10 пунктаў

korovi+na+pole+98548839690У нумары 55 за 20 мая “Сельскай газеты” (былой “Беларускай нівы”) на восьмай паласе змешчаны матэрыял “Пара мяняць мінусы на плюсы”. У ім даецца табліца, дзе змешчаны статыстычныя даныя аб вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі за першы квартал, у прыватнасці прадукцыі жывёлагадоўлі. Адным з галоўных паказчыкаў узяты сярэдні надой малака ад адной каровы, прырост адносна адпаведнага перыяду мінулага года.
У рэйтынгу раёнаў рэспублікі Лепельшчына мае неблагія пазіцыі. Так, на працягу першага квартала працаўнікамі фермаў было атрымана па 1070 кілаграмаў малака ад кожнай каровы. Прырост адносна першага квартала мінулага года склаў 62 кілаграмы. Сярод 118 раёнаў рэспублікі Лепельшчына займае 45 месца, за год адваяваўшы дзесяць пунктаў. Сярод іншых раёнаў Віцебскай вобласці вышэй асталяваліся толькі Верхнядзвінскі (33 месца) і Бешанковіцкі (44 месца). Пры гэтым абодва раёна знізілі ўдзельныя надоі адносна мінулагодняга перыяду: Верхнядзвіншчына — на 67 кілаграмаў, Бешанковіччына — на дзевяць. Лепельскія ж працаўнікі здолелі стварыць станоўчую дынаміку, якая дае неблагія шанцы на рост пазіцый у далейшы перыяд гаспадарання.
Мы папрасілі даць каментарый, распавесці пра фактары, якія спрыялі поспеху, начальніка раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Васіля Чарэдніка:
— Дасягнутыя паказчыкі з’яўляюцца вынікам цэлага комплексу мер, прымаемых усімі працаўнікамі жывёлагадоўчай галіны раёна — ад пастухоў і даглядчыкаў да спецыялістаў і кіраўнікоў сельгасарганізацый. Найперш усё ж варта сказаць пра плюсы, атрыманыя ў апошнія гады ад кампаніі па мадэрнізацыі вытворчых магутнасцяў. У рамках яе былі пабудаваны комплексы ў Старым Лепелі і Горках, рэканструяваны комплекс у Слаба­дзе. Слабадскі комплекс разлічаны на ўтрыманне 340 дойных кароў, старалепельскі — на 400, горскі — на 750. А новы комплекс — гэта не толькі павелічэнне агульнай колькасці буйной рагатай жывёлы, а і значнае паляпшэнне ўмоў працы для даярак, жывёлаводаў, паляпшэнне ўмоў утрымання кароў, цялят. З пачатку года пагалоўе­ дойнага статка павялічылася на тры працэнты.
Другі, не менш важны, чыннік — павышэнне колькасці і якасці кармоў. Памятаеце старую прымаўку аб тым, што малако ў каровы на языку? Ужо некалькі гадоў раён не мае праблем па аб’ёмах кармоў. Кожную вясну застаецца так званы пераходны запас — колькасць кармоў, нарыхтаваная ў мінулым го­дзе, якая будзе выкарыстана ў наступным стойлавым перыя­дзе. Некаторыя гаспадаркі, такія як ААТ “Лядна”, увесну нават прадавалі лішкі кармоў.
Значна палепшылася якасць, энергетычная каштоўнасць кармоў. Летась, напрыклад, было нарыхтавана 30 кармавых адзі­нак на адну ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы. З іх не было ні адной няякаснай, хаця ўсе добра памятаюць, якія неспрыяльныя ўмовы надвор’я былі летась. І ўсё роўна працаўнікі вёскі насушылі дастаткова сена, заклалі ў патрэбнай колькасці сенажу, кукурузнага сіласу, намалацілі фуражнага збожжа.
У апошнія гады асаблівая ўвага ўдзяляецца тэхналогіям. Ад таго, як правільна бу­дзе пакрыта цялушка, прыняты ацёл, праве­дзены раздой, залежыць далейшая прадукцыйнасць жывёлы. Гэта толькі тры важнейшыя этапы, але ж іх нашмат больш. Хаця і не такія заўважныя, тым не менш пры розных умовах адхіленні ад тэхналагічнага працэсу могуць самым негатыўным чынам адбіцца як на аб’ёмах надояў, так і на якасці малака. Працаўнікі сельгасарганізацый Лепельшчыны паступова асвойваюць перадавыя тэхналогіі, тым самым павышаючы эфектыўнасць гаспадарання.
Ветэрынарная служба выбрала галоўным напрамкам прафі­лактыку захворванняў, бо толькі здаровая карова здольна даваць якаснае, смачнае малако ў вялікай колькасці. Вельмі шмат ро­біцца ў плане забеспячэння спецыялістаў якаснымі, эфектыўнымі прэпаратамі. У гэтай справе значную дапамогу аказвае ААТ “Лепельскі малочнакансервавы камбінат”, напрамую зацікаўлены ў атрыманні ў дастатковай колькасці якаснай сыравіны для сваёй вытворчасці.
Вынікам напружанай працы стала павышэнне рэнтабельнасці — галоўнага паказчыка эфектыўнасці працы ўсяго вытворчага комплексу. Так, у першым квартале мінулага года рэнтабельнасць продажаў малака склала 15,2 працэнта. Сёлета ж гэты паказчык узрос на 2,5% і склаў 17,7 працэнта. Разам з гэтым мяняецца і светапогляд, стыль працы на вёсцы. Замест валавых паказчыкаў дзейнасці на першае месца выходзіць фінансавая эфектыўнасць. А сельская праца настолькі ўзаема­звязаная, што поспех залежыць ад укладу кожнага. Кожны працаўнік, ад пастуха да старшыні, ведае, што грашовая выручка іх прадпрыемства залежыць толькі ад аб’ёмаў прадукцыі і яе якасці.
Я шчыра ўдзячны ўсім работнікам, задзейнічаным у сельскагаспадарчай вытворчасці. Наш поспех — агульнае дасягненне. Кожны прыклаў да яго сваю часцінку працы, часцінку душы. Дзесьці, вядома, былі і непаразуменні, але гэта нармальная частка вытворчага працэсу, узаема­дзеяння ў ім. Словы ўдзячнасці адрасую і кіраўніцтву райвыканкама, ААТ “Лепельскі МКК”, якія з разуменнем адносяцца да патрэб сельгасарганізацый, часта ідуць насустрач.
Аднак заспакойвацца на дасягнутым нельга, наперадзе яшчэ большы аб’ём працы. Наступны этап на парадку дня — корманарыхтоўка. Некаторыя гаспадаркі, такія як СВФ “Заазер’е”, СВП “Пражэктар”, ААТ “Лядна”, КУВСГП “Лепельскае”, ужо вывелі касілкі і корманарыхтоўчыя комплексы ў поле. Нарыхтоўкай кармоў цяпер закладваецца трывалы падмурак для стабільнай, паспяховай працы ў наступным го­дзе, даецца гарантыя, што набраныя тэмпы не знізяцца, а, наадварот, прырастуць.
Васіль
МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>