Свядзіцкая трагедыя

У хаты, звычайна, век бывае значна даўжэйшы, чым у чалавека. Вось і стаяць, асабліва ў вёсках, старыя, зжыўшыя свой век хаты. Пра што ім думаецца? Магчыма, успамінаюць сваіх гаспадароў, пры якіх жылося ім хораша і весела, магчыма, шкадуюць, што назад не вярнуць тыя часіны, калі і хата была моцная і гаспадары ў сіле. Але ёсць хаты, якім успамінаецца значна большае, такое, ад чаго скаланаецца кожная маснічына на падлозе і кожная бэлька пад столлю.

Жахлівае ўспамінаецца гэтым хатам. Адна з такіх, хата-помнік, стаіць у вёсцы Свядзіца. Не пашкадаваў яе час, згніла, спарахнела, фактычна застаўся адзін шкілет. Справа ў тым, што ў студзені 1944 года тут разыгралася страшная трагедыя, пра якую расказваюць мясцовыя жыхары. Група партызан зайшла ў Свядзіцу і акурат ля гэтае хаты напаролася на варожую засаду. Кажуць, што чацвёра з іх былі тут жа расстраляныя, а пятага павесілі на студні, што стаяла побач. Пасля вайны тут паявілася імправізаваная самаробная таблічка, якая сведчыла пра трагедыю.

Фактам зацікавіліся мясцовыя следапыты з краязнаўчага гуртка “Нашчадкі” ў Слабадской сярэдняй школе пад кіраўніцтвам настаўніка Валерыя Тухты. Удалося высветліць, што таблічку павесіў брат аднаго з загінуўшых партызан. Следапыты адшукалі жывую сведку свядзіцкай трагедыі. У вёсцы жыве бабуля Елізавета Пшонка, ля хаты яе бацькоў адбылася расправа над партызанамі. Сама бабуля на той час была ўжо замужам і жыла на іншым канцы вёскі, але яна ведае месца, дзе пахаваныя народныя мсціўцы.

Елізавета Прохараўна ўспамінае, што хавалі забітых на вясковых могілках, цішком уначы, каб ніхто не бачыў. Хавалі яе маці Домна Фрол і Карбоўскі Лука. Магілы ніякай не рабілі. Таксама для канспірацыі, там проста роўнае месца.

Прыкладна тое ж засведчыла другая жыхарка Свядзіцы Надзея Шамшур, яна жыла блізка ад могілак, да яе следапыты наведваліся крыху раней. Бабуля расказвала, што ў вёску наляцелі народнікі, высачылі партызан, якія хаваліся ў хаце Домны Фрол і каго расстрэльвалі на месцы, каго вешалі.Зараз дзевяносташасцігадовая Надзея Міхееўна жыве ў Лепелі.

Зусім нядаўна Елізавета Пшонка, нягледзячы на шаноўны ўзрост і неважнецкае здароўе, згадзілася паказаць следапытам тое месца, дзе пахаваны партызаны. На жаль, там не ўстаноўлена пакуль аніякага памятнага знака. Якраз гэтым, думаецца, і варта заняцца ў бліжэйшы час. Тым больш, што сёння ўжо вядомы прозвішчы загінуўшых. Усе яны пазначаны  на таблічцы. Гэта партызаны атрада № 8 брыгады “Дубава” Якаў Гурко, Міхаіл Ермакоў, Аляксандр Казлоў, Васіль Старавойт, Віктар Шасцітка.

Цяпер крыху пра аўтара гэтай імправізаванай шыльды. Са слоў Валерыя Тухты, гэта брат Васіля Старавойта. Яго ж намаганнямі знойдзены ў архівах прозвішчы герояў. Брат партызана ўстанавіў шыльду ў 1980-ым годзе, да 35-годдзя Вялікай Перамогі. А яшчэ Елізавета Прохараўна расказала следапытам, што пасля ў Свядзіцу прыязджала з Украіны пляменніца загінуўшага партызана, яна наведала месца трагедыі і на памяць прыхапіла з сабой мяшэчак з драбком свяшчэннай зямлі. Бабуля паабяцала школьнікам пашукаць адрас гэтай жанчыны.

Як бачым, яшчэ жывыя людзі, для якіх трагедыя ў Свядзіцы – асабістая трагедыя, яна кранае за жывое.

Улічваючы няпэўную будучыню старога будынка ў Свядзіцы, Валерый Тухта часова перанёс шыльду ў школьны музей, дзе, спадзяецца, у будучым з’явіцца і макет вышэйапісанай хаты.

Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>