Ферма пасля рэканструкцыі

У сярэдзіне лістапада 185 кароў сельгасфіліяла “Заазер’е” перамясцілі з арандаванай фермы “Стаі” на рэканструяваную ферму “Звязда”. Першае пытанне загадчыцы фермы Клаўдзіі Фраловай тычылася прывыкання кароў да новага памяшкання.

— За два дні перавялі ўвесь статак, — адказала Клаўдзія Паўлаўна. — Жывёла асвоілася хутка. На старой ферме сярэднясутачны надой перад перасяленнем складаў 1030 кілаграмаў.

На новым месцы ён зменшыўся да 920 кілаграмаў. Асноўнай прычынай стаў запуск кароў. Хутка надоі пачнуць расці.

Здадзена ў эксплуатацыю палова фермы. У другім памяшканні працягваюцца будаўнічыя работы. Завершаны яны будуць пад канец года. На першы погляд здаецца, што працы яшчэ шмат. Аднак прыкінуўшы, што будаўнікі МКК за рэканструкцыю фермы ўзяліся ў жніўні, а ўжо ў лістападзе здалі першую чаргу, тэрмін уводу другой — рэальны. Спачатку паставяць цялушак для асемянення. Малакаправод манціруецца адразу.

Клаўдзія Фралова працавала загадчыцай гэтай фермы і асемянатарам у “ВалБіКу”. Пакінула працу тры гады таму назад, калі фермерская гаспадарка пачала збываць кароў. Перайшла асемянатарам у “Заазер’е”.

За час пуставання памяшканні прыйшлі ў крайні заняпад. Усё, што толькі можна было, былыя гаспадары разабралі і дэманціравалі. Будаўнікам давялося аднаўляць падлогу, сцены, вокны, дах, устанаўліваць малакаправод, сістэмы гноевыдалення і водапаення, халадзільнікі.

Ферма разлічвалася на 400 кароў — у кожным памяшканні прадугледжвалася паставіць па 200 рагуль. На справе ж іх у першым змясцілася 196, паколькі месца чатырох галоў занялі кабіны з лічыльнікамі і колбамі для збірання малака. Сістэма зручная і неабходная — падлічвае надой кожнай даяркі паасобку.

Воданагравальныя ўстаноўкі забяспечваюць сістэмы мыцця халадзільнага агрэгату і малакаправоду.

На ферме закладзены дзве сянажныя траншэі. Аднак пакуль яны ў рэзерве. Сянаж дастаўляюць з фермы “Юркоўшчына”. Раздаюць корм па чарзе два кормараздатчыкі “Гаспадар”, якія абслугоўваюць усе фермы сельгасфіліяла. Гэта не вельмі зручна — вялікая адлегласць. Таму мяркуюць набыць трэці кормараздатчык менавіта для фермы “Звязда”. У якасці канцэнтраванага корму прымяняецца мука мясцовага памолу, здобраныя пажыўнымі дабаўкамі.

Аператараў машыннага даення Валянціну Рондалеву, Таццяну Кажэўнікаву, Надзею Свабоду, Валянціну Быкаву і Пятра Мазго, слесараў Аляксандра і Дзяніса Свабодаў, даглядчыкаў Міхаіла Мазго і Алега Канюшкова, прыбіральшчыцу Любоў Аношку на працу са Стай падвозіць мікрааўтобус сельгасфіліяла. Начнымі вартаўнікамі ўладкаваліся жыхары навакольных вёсак Аляксандр Галоўкін і Віталь Піткевіч, дзённым вартаўніком — Васіль Крывец, качагарам — Аляксей Азаронак.

Сцены, столь, падлога галерэі паміж двума хлявамі аздоблены пластыкам і кафельнымі пліткамі. Бытоўка ўражвае чысцінёй і інтэр’ерам — сучаснага дызайну доўгі стол і лавы, мяккія канапа і два крэслы, журнальны столік, тумбачка пад тэлевізар, два электрачайнікі. Падлога з керамічнай пліткі. Ярка свецяць люмінесцэнтныя лямпы. Заспакойваюць ціхая зімовая рэчка і летняе возера на вялікіх рэпрадукцыях карцін. Ацяпленне — ад кацельні. Падведзена вада ва ўмывальнікі. Пакуль толькі завезены і ў хуткім часе будуць устаноўлены дзве душавыя кабіны, пральная машына, унітаз.

Уладзімір ШУШКЕВІЧ.

На здымку: прыбіральшчыца Любоў Аношка і даярка Таццяна Кажэўнікава за чаем у пакоі адпачынку.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>