Юная спявачка

І зараз я з вялікім захапленнем успамінаю святочны канцэрт, прысвечаны Міжнароднаму жаночаму дню, які праходзіў у раённым Доме культуры два гады таму. Гледачы сустракалі шчодрымі апладысментамі юных вакалістаў, танцораў і раптам… на сцэну выходзіць пяцігадовая дзяўчынка. Дакладней, мілы, сімпатычны анёльчык у бальнай сукенцы, усмешлівы тварык якога з усіх бакоў акружалі залацістыя завітушкі.

Ці не разгубіцца яна, такая маленькая, ці хопіць ёй упэўненасці перад такой колькасцю гледачоў? — міжволі перажывала за маленькую артыстку. Аднак калі пад мілагучныя акорды паліўся яе звонкі галасок, калі ў такт музыцы дзяўчынка зрабіла некалькі грацыёзных па, зала напоўнілася радаснымі воклічамі. Юная спявачка проста заваражыла гледачоў сваім артыстызмам, дзіцячай адкрытасцю і шчырасцю.

Гэта было адно з першых выступленняў Яны Стрэльчанка, юнай вучаніцы дзіцячай школы мастацтваў. Быццам яркая зорачка, Яна пачала радаваць гледачоў сваімі спевамі на ўсіх святочных канцэртах і гарадскіх святах. Нікога не пакінула раўнадушным яе выступленне на канцэрце, прысвечаным юбілею дзіцячай школы мастацтваў, на свяце да 570-гадовага юбілею Лепеля ў летнім амфітэатры, іншых мерапрыемствах. Яна паспяхова выступала ў рэспубліканскім дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры “Жамчужына”, спявала на сцэне Палаца культуры ў Новалукомлі і г.д. Імя маленькай вакалісткі стала добра вядомае жыхарам Лепельшчыны. Яна мэтанакіравана памнажае скарбонку сваіх творчых перамог. Юная спявачка стала лаўрэатам трэцяй ступені на міжнародным конкурсе дзіцячай творчасці “Кубак Еўропы”, стала лаўрэатам завочнага міжнароднага конкурсу “Зоркі новага стагоддзя”. А ў кастрычніку Яна праславіла Лепель на рэспубліканскім конкурсе “Залатая ліра”, які праходзіў у Палацы прафсаюзаў у Мінску.

Творчай энергіяй і мэтанакіраванасцю юнай артысткі можна толькі захапляцца. У свае восем год Яна не толькі цудоўна спявае, а і выдатна вучыцца ў сярэдняй школе № 3, з задавальненнем іграе на фартэпіяна і займаецца харэаграфіяй.

* * *

Сваю першую песню “Буду каралевай” дзяўчынка праспявала, калі ёй было ўсяго пяць год. За Яначку вельмі хвалявалася ўся сям’я, а пасля канцэрта дзядуля купіў для маленькай спявачкі смачны торт. Такім чынам з’явілася добрая сямейная традыцыя — торт для Яны родныя купляюць пасля кожнага выступлення.

— Яна неаднаразова выступала на многіх канцэртах. Вельмі перажывалі за дачушку ў час яе ўдзелу ў міжнародным конкурсе дзіцячай творчасці “Кубак Еўропы”, які праходзіў у Мінску. Яна выканала дзве песні — “Буду каралевай” і “Фецюлька”. Спевы дачушкі ўразілі не толькі шматлікіх гледачоў, а і членаў журы. Яна заняла трэцяе месца і стала лаўрэатам конкурсу. Узнагародай для дачушкі сталі Кубак і мноства незабыўных уражанняў. Пазней праз Інтэрнет мы даведаліся аб правядзенні міжнароднага завочнага конкурсу «Зоркі новага стагоддзя», — адзначае Святлана Генадзьеўна. — Згодна з яго ўмовамі, неабходна было адаслаць заяўку на ўдзел і відэазапіс выступлення. Мы так і зрабілі. Прыемнай навіной стала тое, што па выні­ках конкурсу Яна стала лаўрэатам.

Немагчыма перадаць словамі хваляванне, калі мы назіралі за выступленнем Яны ў час рэспубліканскага конкурсу «Залатая ліра», у якім прынялі ўдзел юныя вакалісты з Мінска, Віцебска, Мазыра і іншых гарадоў рэспублікі, — працягвае маці Яны. — Ва ўзроставай катэгорыі ад шасці да васьмі год, у намінацыі «Эстрадны вакал, сола» спявалі 12 канкурсантаў. Яна выканала песню «Буду каралевай». Мы вельмі стараліся падтрымаць дачушку. І вось, нарэшце, надышоў той момант, калі ўзнагароджваюцца дыпламанты конкурсу. Уручаецца адзін Дыплом, другі… Як толькі паведамілі, што Яна — лаўрэат другой ступені, немагчыма было стрымаць станоўчыя эмоцыі. Прызавое месца на такім прэстыжным фестывалі — вялікі падарунак для ўсёй нашай сям’і. Узнагародай жа для Яны сталі Дыплом і статуэтка. Дарэчы, запіс музыкі да двух песень мы зрабілі на студыі ў Мінску, у вядомага гукарэжысёра Аляксандра Башарава.

Выкладчыкі школы мастацтваў складаюць нашу адну творчую сям’ю, — працягвае маці Яны. — Настаўніца пачатковых класаў Людміла Валянцінаўна Дзятко заўсёды рада пайсці нам насустрач, вызваляе Яначку ад заняткаў для ўдзелу ў канцэртах, разам з намі хвалюецца за яе ў час выступленняў. Мы ва ўсім адчуваем творчую падтрымку выкладчыкаў дзіцячай школы мастацтваў. Калі Яначка рыхтавалася да свайго першага выступлення, педагог Таццяна Мікалаеўна Ермаловіч прыдумвала сцэнічны эцюд для песні да позняга вечара.

— Кім вы бачыце сваю дачушку ў будучым?

— Зараз Яна кажа, што хоча быць спявачкай і настаўніцай харэаграфіі. Самае ж галоўнае тое, што заняткі ў дзіцячай школе мастацтваў вельмі дапамагаюць ёй развівацца творча. Гэта абавязкова спатрэбіцца ёй у далейшым.

…Са сцэны ліюцца мілагучныя спевы маленькай выканаўцы. Гледачы заварожана слухаюць звонкі, бадзёры галасок, і паступова зала напаўняецца шчодрымі апладысментамі.

Наперадзе ў Яначкі шмат яркіх выступленняў і творчых перамог. Няхай жа яе зорачка з кожным годам разгараецца ўсё ярчэй!

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

На здымку: маленькая спявачка Яна Стрэльчанка пасля чарговай перамогі.

Фота з сямейнага архіву.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>