Разбудзіць сонца, каб пачуць цецерука

 
Сёлета да дня нараджэння Бярэзінскага біясфернага запаведніка было прымеркавана адкрыццё абноўленага, рэстаўраванага музея. Пра тое, якія змены адбыліся ў музеі, і далейшыя планы турыстычнай галіны гутарым з начальнікам аддзела турызму, экалагічнай асветы і інфармацыйнага забеспячэння Сяргеем Марозам.— Сяргей Васільевіч, што змянілася ў музеі пасля яго рэканструкцыі?
— У першую чаргу — музейныя плошчы. Ён аснашчаны сучасным абсталяваннем. Паявілася агучванне не толькі панарамы, але і залаў першага і другога паверхаў. Зараз у нас ёсць лаўка, дзе можна набыць памятныя сувеніры. У пэўнай ступені яна існавала і раней, але цяперашняя нагадвае сапраўдны магазін — прасторная, утульная. У памяшканні музея абсталяваны санвузлы. Лепей стаў выглядаць пакой экскурсаводаў.
— Ці паболела экспанатаў?
— Пашырыліся і экспазіцыі. Асабліва гэта датычыць экспазіцыі птушак на другім паверсе. Што да экспанатаў, то я не сказаў бы, што іх істотна паболела, проста якасць іх дэманстрацыі павысілася. Праведзена новае асвятленне, падключана іншае электраабсталяванне з улікам энергаашчаднасці. Узнікла магчымасць класіфі­каваць паказ птушак па асяродку іх гнездавання, па сезонах і г.д.
— Раскажыце пра дзейнасць турыстычнага аддзела.
— Зараз максімальна імкнёмся выкарыстаць патэнцыял школьных канікулаў для правядзення экскурсій і экалагічнай асветы школьнікаў. У дзяцей ёсць магчымасць не толькі знаёміц­ца з флорай і фаўнай, але і праводзіць невялікую навукова-даследчую работу, атрымаць практычныя веды пра навакольнае асяроддзе. Гэтаму са­дзейнічае міжнародная праграма “Зялёныя школы”, па якой мы працуем.
— Якія турыстычныя маршруты?
— У гэтым турыстычным сезоне плануецца адкрыць шэраг новых турыстычных маршрутаў: “Бярэзінскае кальцо” — па самых цікавых мясцінах запаведніка, “Па месцах дыслакацыі партызанскай брыгады Жалязняка і брыгады “Дзядзя Коля” — на паўднёвай мяжы запаведніка. Маршрут распрацаваны да 70-годдзя вызвалення Беларусі. У межах гэтай жа праграмы на маршруце плануецца абуладкаваць былы лясны шпіталь. Паспрабуем паводле ўспамінаў відавочцаў і спецыяльнай літаратуры ўзнавіць тую зямлянку, у якой знахо­дзіўся шпіталь. Працягнем экскурсіі і па іншых маршрутах: “Па лясной запаведнай сцяжыне”, “Каменная пліта” — маршрут па лесе да ахвярнага валуна, паўз лёжкі дзікоў, па сцяжынках аленяў. Папулярны ў турыстаў веласі­педны маршрут уздоўж Сергуцкага канала, па населеных пунктах Кветча, Крайцы, па гістарычным накірунку, дзе злучаюцца сістэмы Балтыйскага і Чорнага мораў. Ёсць таксама і водныя маршруты: “Сакрэты запаведных азёр”, “Водны маршрут па Бярэзіне”, які доўжыцца ад некалькіх гадзін да сямі дзён, ад возера Медзазол да Паліка. Практыкуем камбінаваныя маршруты, падчас якіх туды турысты едуць на веласіпедах, а назад вяртаюцца на байдарках. Веласіпедна-байдарачны маршрут сам па сабе цікавы, бо пралягае праз старыя запаведныя сядзібы, святую крыніцу, галодныя могілкі з рубленымі крыжамі. У раёне вёскі Берулі летась закончыліся археалагічныя раскопкі кургана.
— А ці ёсць маршруты спецыфічныя?
— Я назваў бы такімі паходы па нерушавых мясцінах запаведніка, скажам, каб паслухаць глушака і цецерука, пазнаёміцца з жыццём птушак у пойме Бярэзіны. Яны не кожнаму па сілах. Трэба падняцца да сонца, ісці шмат кіламетраў, па балотах. Існуе адмысловы антрапагенны паказчык, згодна з якім цецеруковымі сцежкамі ходзяць не больш за тры чалавекі і не часцей як раз у чатыры дні. Гэта альбо фотааматары, альбо арнітолагі і г.д. Да таго ж, такі маршрут і не танны: ад усходу да захаду сонца — за мільён чатырыста тысяч.
— Ці можна на турыстычных маршрутах, скажам, палавіць рыбу?
— Толькі ў тых выпадках, калі турысты спыняюцца на начлег у нашай інфраструктуры. Ёсць гасцявыя домікі ў Плаўне, турыстычны комплекс у Ніўках, на азёрах Ольшыца і Палік, на апошнім адкрыўся гасцявы домік, а ў Ніўках у гэтым годзе — яшчэ і кафэ, у якім змогуць абедаць і аўтамабі­лісты. Увогуле ж, паляванне і рыбалка на тэрыторыі запаведніка забаронены.
В. ЛЯШЧЫНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>