Канфіскаваны тавар на мільярд рублёў

З дзясятага па дваццатага студзеня ў раённым доме культуры працаваў кірмаш-распродаж “Усход — Захад”. Тавар вабіў таннымі коштамі. Прасціны, коўдры, вопратка прадаваліся па цэнах ледзьве не ўдвая ніжэй, чым на базары. 21 студзеня кірмаш быў закрыты, гандаль спынены. Лепяльчане і вяскоўцы недаўменна паціскалі плячыма: “Чаму закрылі, невядома. Там жа быў добры тавар, танны…” Выказваліся розныя версіі, здагадкі.
Справу разглядаў эканамічны суд Віцебскай вобласці. Згодна з матэрыяламі, 21 студзеня супрацоўнікі інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Лепельскім раёне правялі кантрольную закупку. Падчас яе было дапушчана парушэнне парадку прыёму наяўных грашовых сродкаў. У прыватнасці, пры набыцці тавару на суму больш за адну базавую велічыню не была выдадзена квітанцыя на прыём наяўных грашовых сродкаў, што і паслужыла нагодай для правядзення поўнамаштабнай праверкі.
Высветліліся наступныя абставіны. Уладальнікам тавару была індывідуальны прадпрымальнік з Віцебска Юлія Кароль. Жанчына не мела на той час дакументаў, якія б пацвярджалі набыццё, захаванне, водпуск тавараў у рэалізацыю на агульную суму больш за мільярд рублёў.
Супрацоўнікі падатковай інспекцыі западозрылі арганізатараў выставы-продажу ў выкарыстанні так званых шэрых схем для таго, каб не плаціць падаткі. Паводле папярэдніх падлікаў, урон дзяржаве мог скласці да ста мільёнаў рублёў, і нават больш. Менавіта з-за няўплаты падаткаў першапачаткова былі выстаўлены такія нізкія цэны.
Праз два дні Юліяй Кароль былі прадстаўлены копіі дакументаў, у якіх тлумачылася, што тавар быў набыты на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі на суму больш за мільён расійскіх рублёў. Аднак сабранымі ў ходзе праверкі і вядзення адміністрацыйнага працэса доказамі факт паступлення тавару на выставу па ўказаных накладных не пацверджаны.
На судовым пасяджэнні індывідуальны прадпрымальнік Ю. Кароль сваю віну прызнала цалкам, раскаялася, указвала, што парушэнне дапушчана з-за няведання заканадаўства, таму што прадпрымальніцкую дзейнасць толькі пачынала, некалькі месяцаў, як была зарэгістраванай, не мела неабходнага вопыту. Акрамя гэтага, факт адміністрацыйнага правапарушэння пацвярджаўся шэрагам рэчавых і дакументальных доказаў. На падставе прыведзенага суд пастанавіў індывідуальнага прадпрымальніка Юлію Кароль прызнаць вінаватай, пакараць яе штрафам у памеры 5,2 мільёна рублёў, а таксама канфіскаваць у даход дзяржавы тавар на суму 1.035.114.000 рублёў.
Пастанова ўступіла ў законную сілу.
Мая САМУСЕВА,
начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках
і зборах Рэспублікі Беларусь
па Лепельскім раёне.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>