Аўтограф на лыжах

Не хлебам адзіным жыве чалавек. Не можам мы існаваць без захапленняў, якім прысвячаем значную частку свайго вольнага часу. І вельмі добра, калі такія нашы захапленні станоўчыя, па-сапраўднаму карысныя, як кажуць, і для душы, і для цела. Да ліку такіх, напрыклад, адносіцца неадольнае жаданне рэгулярна займацца спортам, удзельнічаць у спаборніцтвах, змагацца за перамогу.

Актыўным і няўрымслівым чалавекам з’яўляецца  Сяргей Анціховіч. Яго стыхія – лыжныя гонкі. На працягу апошніх пяці гадоў пастаянна выступае ў  спаборніцтвах “Лепельская лыжня” і нязменна займае ў іх першае месца ў сваёй узроставай групе, якая раней вагалася ад 31 да 40 гадоў, а зараз сягае ўжо за 40-гадовы рубеж, што сведчыць аб выдатнай спартыўнай форме, добрым стане здароўя Сяргея Леанідавіча.

— Сёлета быў уключаны ў склад удзельнікаў спаборніцтваў адкрытага Кубка Рэспублікі Беларусь па лыжных гонках, прысвечаных 65-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, — паведаміў Сяргей Анціховіч. – Яны праводзіліся пад эгідай Міністэрства спорту і турызму ў выглядзе шэрагу этапаў, якія адбыліся ў розных гарадах нашай краіны. Напрыклад, у Гарадку на шостым этапе перамог на дзесяцікіламетровай дыстанцыі, а на сёмым у Магілёве на фініш дыстанцыі ў 15 кіламетраў прыйшоў трэцім. Усяго, улічваючы і лыжаройлерныя спаборніцтвы летняга перыяду, налічвалася 15 этапаў адкрытага Кубка Беларусі. Па суме занятых месцаў прызнаны абсалютным пераможцам. Зараз з нецярпеннем чакаю цырымонію ўрачыстага ўручэння мне Кубка Рэспублікі Беларусь.

— На якіх яшчэ спаборніцтвах давялося змагацца?

— У сакавіку ў Барысаве на 9-ым лыжным марафоне, прысвечаным памяці Міхаіла Кішкурнага, дзе дыстанцыю ў 40 кіламетраў пераадолеў за дзве гадзіны дваццаць сем хвілін 56 секунд. А пераможцам тут стаў удзельнік зімовых алімпійскіх гульняў у Ванкуверы Леанід Карніенка.

— Што ў планах на бліжэйшую перспектыву?

— У наступным годзе мяркую прыняць удзел у міжнародным лыжным марафоне ў Дзёміна, што пад Масквой. Дарэчы, сёлета ў ім спаборнічалі на 50-кіламетровай дыстанцыі больш тысячы чалавек.

— Як трапляеце на спаборніцтвы такога высокага ўзроўню?

— Звяртаюся ў Міністэрства спорту і турызму, раблю заяўку на ўдзел. Зараз для гэтага можна выкарыстоўваць і спецыяльны сайт ведамства Biatlon. by.

— Раскажыце пра сябе…

— Нарадзіўся у вёсцы Стараселле Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці, потым бацькі пераехалі ў Оршу. З пятага класа школы займаўся лыжным спортам. Затым вучыўся ў Беларускім інстытуце народнай гаспадаркі. З цягам часу лёс закінуў мяне ў Лепель, стаў прадпрымальнікам. Як вядома, шэраг гадоў пасля аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі зімы былі бясснежнымі, лыжамі амаль немагчыма было займацца,таму прызвычаіўся да гульні ў міні-футбол. Наша каманда “Бізнес-клас” аднойчы нават заняла другое месца ў чэмпіянаце раёна.

— Як адносіцца жонка да вашых спартыўных памкненняў?

— Станоўча. Яніна падтрымлівае маё захапленне спортам яшчэ і таму, што з дзяцінства сама ім займалася. У школьныя гады ў горадзе Масты Гродзенскай вобласці наведвала мясцовую дзіцяча-юнацкую спартыўную школу па веславанню на байдарках і каноэ, удзельнічала ў міжнародных і рэспубліканскіх спаборніцтвах, стала майстрам спорту. Дарэчы, сёлета ДЮСШ у Мастах спаўняецца 50 гадоў і Яніна ўжо атрымала запрашэнне на святкаванне знамянальнага юбілею гэтай спартыўнай навучальнай установы.

Вельмі любім падарожнічаць, знаёміцца з новымі мясцінамі, цікавымі людзьмі. Спорт нам у гэтым дапамагае. Напрыклад, на маіх лыжах, на якіх зараз выступаю у час спаборніцтваў, распісаўся на памяць алімпійскі чэмпіён па біятлону і пераможца сусветнага першынства па гэтаму віду спорту Сяргей Булыгін.

Мікалай ГАРБАЧОЎ.

На здымку: Сяргей Анціховіч са шматлікімі ўзнагародамі, якіх ён быў удастоены на спаборніцтвах самага рознага ўзроўню.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>