На лінейку гатоўнасці

IMG_3203Поўным ходам вя­дзецца падрыхтоўка тэхнікі да вясенніх палявых работ у СВП “Пражэктар”. На момант візіту карэспандэнта ў рамонтна-механічнай майстэрні стаялі пяць трактароў “Амкадор” і МАЗ.
На “Амкадоры” замянялі кампрэсар. Так атрымалася, што штатны кампрэсар не спраўляўся з нагрузкай, даводзілася ўстанаўліваць больш магутны. Добра, што пасадачныя месцы былі ідэнтычныя.
Пяць МТЗ розных мадыфікацый стаялі разабраныя. На некаторых проста была знята кабіна, іншыя ж увогуле раскатаны надвое. Адзін трактар прыцягнуў увагу. З яго былі зняты капот, кабіна, адкрыты доступ да ўсіх вузлоў і агрэгатаў. Гэта быў стары, заслужаны МТЗ-82, амаль дзесяцігадовага выпуску, калі не старэй. Вакол яго завіхаўся малады мужчына.
— Дзмітрый Гаспадарык, слесар, — прадставіўся ён. — Заданне было адрамантаваць трактар. Зазвычай ён задзейнічаны на самых розных работах: летам — на палетках, зімой — на фермах. Зараз раблю яму комплексны рамонт. Заменены масляная помпа, гідраўлічны размеркавальнік, іншыя вузлы. Хочацца зрабіць усё, што патрэбна па максімуму, каб потым сезон тэхніка спакойна, без збояў працавала. Калі ўсё будзе добра, калі будзе дастаткова запчастак, то праз лічаныя дні трактар вые­дзе з майстэрні.
Дарэчы, запчастак для ўзнаўлення тэхнікі ў асноўным хапае, за гэтым сочыць галоўны інжынер сельгаспрадпрыемства Аляксандр Дзямко.
Рыхтуецца да выезду ў поле глебаапрацоўчая і пасяўная тэхніка: культыватары, плугі, бароны, пасяўныя агрэгаты. Вялікі кавалак справы быў зроблены яшчэ з восені, тады ж тэхніку паставілі на доўгатэр­міновае захоўванне. Рабочыя элементы былі зафарбаваны грунтоўкай, каб не пашкодзіліся карозіяй, шлангі — загорнуты ў полі­этылен.
Зараз на адным з першых планаў — рамонт і аднаўленне баронаў. Паколькі глебы ў “Пражэктары” ў асноўным камяністыя, то рэжучыя элементы, зубы бязжаласна счэсваюцца. Пасля сезона напружанай працы барану трэба разабраць, зубы рассартаваць. Якія немагчыма аднавіць — у металалом, іншыя — у аднаўленне. Гэтай справай займаецца Сяргей Гардзеенка, каваль. Зубы адаграваюцца ў горне, выцягваюцца, пасля чаго могуць яшчэ год паслужыць.
— Прывезлі новых зубоў некалькі дзясяткаў, — кажа Сяргей Пятровіч, — можна камплект барон — пяць штук — аднавіць, якраз да аднако культыватара-чызеля. Астатнія бароны будуць з адноўленымі зубамі, не з новымі.
Варта заўважыць, што наканечнікі, баронныя зубы, увогуле металічныя вырабы ў апошнія гады вельмі дорага каштуюць, таму ў сельгасарганізацыях вельмі ўважліва падыходзяць да іх аднаўлення.
С. БАЗЫЛЬ.
На здымку: Дзміт­рый Гаспадарык рамантуе трактар.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>