Візіт Стэфана Баторыя

У вырашальных бітвах 1812 года ўдзельнічаў і корпус генерала Вітгенштэйна. Міхаіл Кутузаў выслаў яму дэпешу (тэрміновае паведамленне) аб тым, што “непрыяцель пры адступленні вымушаны будзе узяць напрамак ад Оршы праз Сянно, Лепель да Докшыц і далей у Літву”.

Вайсковыя часці Вітгенштэйна паспяшаліся пасля Полацка вызваліць ад французаў Чашнікі, Чарэю, Лепель. Акрылены выдатнымі баявымі перамогамі, генерал зрабіў кароткачасовы прыпынак у нашым разбураным, але не скораным горадзе. Ён наняў на непрацяглы час кватэру ў доме купца 1-ай гільдыі Фейтэльсона.

Аднак найбольш часта наносілі сюды візіты ў мірны час дзяржаўныя службовыя асобы, якія кантралявалі работу Бярэзінскай воднай сістэмы. Так, у 1811 годзе Лепель наведаў галоўны дырэктар шляхоў зносін Расіі прынц Георгій Гольштынскі з жонкаю, які зрабіў азнаямляльную паездку ўздоўж канала да ракі Бярэзіна і ў зваротным напрамку.

У жніўні 1814 года ў наш край прыехаў начальнік 7-ай акругі водных і сухапутных зносін Расіі Зега фон Лаўрэнберг, які ўрачыста адкрыў у Лепелі “Бярэзінскага канала школу”, невялікае вучылішча суднаходства для ніжніх чыноў, што служылі пры Бярэзінскай воднай сістэме. Заняткі пачаліся 1 верасня, школу наведвалі 15 вучняў. Гэтая навучальная ўстанова праіснавала да ліпеня 1826 года, калі ў Лепель зрабіў інспектарскую паездку генерал-маёр Родэр, які закрыў школу, а яе навучэнцаў накіраваў у аналагічную школу Санкт-Пецярбурга.

У канцы 20-ых — пачатку 30-ых гадоў XIX стагоддзя поўным ходам праводзілася рэканструкцыя Бярэзінскай воднай сістэмы, узводзіліся новыя гідратэхнічныя комплексы. Галоўнакамандуючы шляхоў зносін Расіі Аляксандр Віртэмбергскі прыбыў у Лепель у кастрычніку 1827 года. Ён спыніўся ў казённым доме, дзе жыў дырэктар Бярэзінскага канала. На наступны дзень ён агледзіў тэхнічныя збудаванні канала, ведамасны шпіталь, сустрэўся з камандай установы.

У 1837 годзе для праверкі вынікаў рэканструкцыі Бярэзінскай воднай сістэмы да нас прыязджаў галоўны ўпраўляючы шляхоў зносін Расіі граф Толь.

У кастрычніку 1842 года Лепель наведаў грамадзянскі губернатар Віцебска, сапраўдны стацкі саветнік Кляменцьеў. У гонар яго прыезду ў дваранскім вучылішчы быў наладжаны ўрачысты сход, дзе навучэнцы выказалі яму прывітальныя словы, у тым ліку ў вершаванай форме, на рускай, французскай і нямецкай мовах. Губернатар выказаў усім сваю шчырую ўдзячнасць.

17 сакавіка 1845 года архіепіскап Васілій у Лепелі ўрачыста асвяціў толькі што пабудаваны на цэнтральнай плошчы Праабражэнскі сабор. Галоўны алтар быў узведзены ў гонар Праабражэння Гасподняга, правы – ў імя Мікалая Цудатворца, левы – ў гонар нараджэння Багародзіцы. Храм быў разабраны ў 40-ыя гады XX стагоддзя.

Сумны выгляд меў Лепель у сярэдзіне XIX стагоддзя. У 1864 годзе сакратар губернскай статыстычнай камісіі Аляксандр Семянтоўскі пакінуў аб гэтым наступны водгук: “Лепель брудны, пабудовы ў ім старыя і непрыгожыя. У Лепелі адна капліца, тры праваслаўныя царквы, з якіх толькі адзін сабор каменны. Рымска-каталіцкі касцёл адзін, драўляны, але каля гандлёвай плошчы будуецца другі, каменны, вельмі прыгожай архітэктуры. Яўрэйскіх сінагог – чатыры, дамоў каменных – 38, драўляных – 562”.

І ўсё ж самым прыкметным з афіцыйных візітаў на Лепельшчыну высокапастаўленых асобаў стаў прыезд у Стары Лепель у 1580 годзе вялікага князя Вялікага княства Літоўскага, караля польскага Стэфана Баторыя. Пасля доўгачаканага вызвалення Полацка ад рускіх войскаў у 1579 годзе ён прыбыў сюды, агледзіў новы ўмацаваны замак на востраве, гандлёвы порт, местачковую забудову (звыш 300 дамоў на востраве і заходнім беразе возера Лепельскае). Задаволены ўбачаным, Стэфан Баторый пакінуў наш край.

Ілья ЯНУШ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>