Фізічная загартоўка

Футбалісты каманды “Юнацтва” сустракаліся на гарадскім стадыёне з равеснікамі з Чашнік. Лепяльчане актыўна наступалі, здавалася, вось-вось мяч уляціць у вароты нашых гасцей…

Наш галкіпер быў таксама сканцэнтраваны, гатовы ў любы момант парыраваць нечаканы ўдар сапернікаў, не прапусціць гол у свае вароты.

Стараннем, руплівасцю, уменнем добра апрацаваць мяч і своечасова перадаць яго нападаючым для чарговай атакі вы­дзяляўся адзін з ігракоў-паў­абаронцаў нашай каманды. У перапынку паміж таймамі вырашыў пазнаёміцца з ім.

— Раман Рыснік з Бароўкі, — паведаміў ён пра сябе. — Вучуся ў шостым класе Бароўскай сярэдняй школы.

— Даўно гуляеш у футбол?

— Чацвёрты год. Займаюся пад кіраўніцтвам трэнера фізкультурна-аздараўленчага цэнтра, настаўніка Віктара Леанідавіча Мацюшэнкі. Урокі фіз­культуры заўсёды праходзяць у нашай школе цікава і змястоўна. Наогул, без спорту не ўяўляю свайго жыцця. Заўсёды адчуваю сябе здаровым, бадзёрым, упэўненым у сваіх сілах.

— Акрамя фізкультуры, якія яшчэ прадметы падабаюцца?

— Беларуская мова і літататура, якую выкладае настаўніца Святлана Віктараўна Закурдаева. Яна цікава расказвае аб жыцці і творчасці пісьменнікаў, знаёміць нас з выдатнымі вершамі і празаічнымі творамі.

З задавальненнем асвойваю і матэматыку, іншыя дысцыпліны, дапамагаю сваёй малодшай сястры — трэцякласніцы Дар’і рабіць дамашнія заданні па матэматыцы.

— Як адносяцца бацькі да твайго захаплення спор­там?

— Станоўча. Тым больш, што мой бацька, Аляксандр Канстанцінавіч, служыць пажарным Каменскага пажарна-выратавальнага паста раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Маці, Іна Уладзіміраўна, працуе кіраўніком гурткоў па фларыстыцы, лепцы і кераміцы, што дзейнічаюць у Бароўскім філіяле Цэнтра дзіцячай творчасці, таксама ўхваляе гэта, паколькі рэгулярныя заняткі футболам адмоўна не адбіваюцца на маёй вучобе ў школе, адзнаках, што я атрымліваю па вучэбных прадметах.

— Куды марыш пайсці вучыцца?

— У Лужаснянскую гімназію-інтэрнат для таленавітых дзяцей. Там ужо другі год авалодваюць ведамі Кірыл Стрыжонак з Бароўкі і лепяльчанін Сяргей Носік, а сёлета паступіў вучыцца Міхаіл Маскалёнак з Пышна.

— Праз пару гадоў гэта мара Рамана можа ажыццявіцца, — уключыўся ў размову Віктар Мацюшэнка. — Толькі Раману трэба не збаўляць “абароты” як у занятках спортам, так і ў набыцці глыбокіх, трывалых ведаў у сярэдняй школе. А мэтанакіраванасць, працавітасць, выдатныя прыродныя здольнасці, несумненна, з цягам часу дадуць добры плён.

На здымку: Раман Рыснік у перапынку паміж таймамі футбольнага матча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>