Жывёлагадоўчы комплекс

Рэканструяваны комплекс сельгаспрадпрыемства “Пражэктар” у Слабадзе з’яўляецца адным з тых аб’ектаў, якія называюць знакавымі. З боку Слабады да фермы вядзе асфальтаваная дарога. Праўда, у адным месцы з-за нядаўняй аварыі на водаправодзе ўтварылася вялікая ледзяная гара, па якой усё ж можна праехаць нават на легкавіку, тым больш — на трактары. Ёсць яшчэ другая дарога, ад рамонтна-механічнай майстэрні, але яна ў дрэнным стане, у некалькіх месцах парэзана каляінамі.
Рэканструкцыя фермы блізіцца да завяршэння. Увогуле, справу зрабілі ў кароткія тэрміны, літаральна за месяцы. Паралельна з апошнімі будаўнічымі і наладачнымі работамі праходзіць і жывёлагадоўчы працэс, у памяшканнях ужо размешчана пагалоўе.
Маладняк, цялушкі ў перспектыве заменяць малочнае пагалоўе, папоўняць яго. 135 галоў гадуюцца там зараз. Метад утрымання — бяспрывязны. Расказвае вартаўнік Святлана Сямёнава:
— Я працавала тут цялятніцай. Потым хлеў быў падзелены на два ярусы, на ніжнім стаялі падрослыя цяляты, на верхнім — зусім маладняк. У памяшканне не мог заехаць ніякі транспарт, акрамя каня з калёсамі, з якіх і раздавалі корм. Сама на верхні ярус падавала корм, адчышчала гной.
Зараз догляд за жывёлай максімальна механізаваны. Памяшканне для маладняку было рэканструявана ў самую першую чаргу яшчэ два гады таму. Фактычна ад старога будынка засталіся толькі сцены, яны былі яшчэ павышаны, цялятнік атрымаў новы дах, стальныя перагародкі, жалезныя дзверы. Па праходах праязджае любая тэхніка, нават вялікі “Амкадор”, дарэчы, менавіта “Амкадорам” выдаляецца гной, рэгулярна падсцілаецца свежая салома. Корм цяпер раздае адзін чалавек на трактары з кормараздатчыкам. Паўгадзіны — і 135 галоў забяспечаны кормам на дзень, цялятніку застаецца хіба толькі пасыпаць зверху камбікормам.
Дарэчы, на кормараздатчыку ў той дзень працаваў Уладзімір Мазго. Яго трактар замацаваны за дзвюма фермамі — у Слабадзе і Свядзіцы. За дзень мужчына паспявае па некалькі разоў загрузіцца сенажом і зрабіць рэйсы.
Віктар Цыганоў на “Амкадоры” пераключыўся на ачыстку наступных памяшканняў. Там утрымліваюцца цялушкі, якія павінны прынесці прыплод недзе ў канцы лютага — пачатку сакавіка. Да таго часу павінны завяршыцца наладачныя работы, ферма пачне даваць прадукцыю.
Два будынкі рэканструяваны цалкам па той жа схеме — “засталіся адны сцены”. Новыя памяшканні зручныя як для жывёлы, так і для персаналу. Напрыклад, вада ў шлангах і паілках не перамярзала нават у моцныя маразы. Перагнаць цялушак з загону ў загон — хуткая справа.
Галоўная навіна — даільная зала. У мінулым годзе на ферме малако даілі ў бачок, не было нават малакаправоду. Для даільнай залы ўзвялі новае памяшканне, начынілі яго самым сучасным абсталяваннем. Большасць агрэгатаў беларускай вытворчасці, прадпрыемства “Прамтэхніка”, аднак электроннае начынне, тэхналагічныя вузлы — імпартныя, фірмы “AFI”. Зала за адзін раз здольная прыняць да 24 кароў. У адным з памяшканняў распараджэнні будаўнікам і наладчыкам даваў галоўны ветурач “Пражэктара” Алег Атвалка.
На новай ферме ўвогуле шмат зроблена ў плане бяспекі персаналу і камфорту працы. Найперш звярнуў увагу на цеплыню ў даільнай зале і іншых абслуговых памяшканнях. Для ацяплення пры комплексе пабудавана новая кацельня, дзе на дрывах працуюць два катлы, чаго цалкам хапала нават у траскучыя маразы. З пацяпленнем адзін кацёл адключаецца. У кацельні пазменна працуюць чатыры качагары, на дзень прыезду карэспандэнта там дзяжурыў Іван Клундук. Пластыкавыя шклопакеты ў аконных праёмах і пластыкавыя дзверы таксама спрыяюць зберажэнню цяпла, захаванню аптымальнай тэмпературы. І яшчэ адзін штрых: ходзячы па памяшканнях, налічыў больш за пяць умывальнікаў — гэта значыць, што гігіене, санітарнаму стану будзе нададзена адно з рашаючых значэнняў.
Абавязкова адзначым новае халадзільнае і кампрэсарнае абсталяванне. Побач з будынкам даільнай залы ўстаноўлены рэзервны дызель-генератар, які дазволіць не перарываць вытворчы працэс нават пры экстраным адключэнні электраэнергіі.
У аб’ект укладзена каля 50 мільярдаў беларускіх рублёў. У асноўным гэта сродкі інвестара, РУП “Віцебскхлебпрам” і крэдыты. Пуск абноўленага комплексу прызначаны на сакавік, тады, як толькі на прыёмны пункт пачне паступаць малако, пачнецца і акупляльнасць.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>