Школьны мерыдыян: Бароўская СШ Лепельскага раёна

Урокі  футбола

І зноў — першыя! На гэты раз перамаглі ў рэспубліканскім аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў па папулярызацыі футбола і комплекснага фізкультурна-спартыўнага мерапрыемства “Урокі футбола”. Намеснік дырэктара Дзіяна Мысіна і настаўнік фізкультуры і здароўя Віктар Мацюшэнка даслалі на конкурс абагульненне досведу школьных заняткаў “Гадзіна футбола”. Журы, у склад якога ўваходзіў і міністр адукацыі, годна ацаніла працу.

Эмблема прызнана ­лепшай

Пасля падвядзення вынікаў у Прадстаўніцтве Нацыянальнага алімпійскага камітэта РБ у Віцебскай вобласці школа прызнана пераможцай у дзвюх намінацыях: “Пасадзі дрэва ў гонар алімпійскага прызёра” і “Інтэрактыўны конкурс на лепшую эмблему юных алім­пійцаў”. Шляхам інтэрактыўнага галасавання на сайце НАКа лепшай была вызначана эмблема, распрацаваная вучнем 11 класа Алегам Мысіным. Школьная каманда атрымала адпаведны сертыфікат, гадзіннік і вазу. Асобным прызам узнагародзілі аўтара эмблемы.

Творчасць настаўнікаў

У Санкт-Пецярбурзе ў выдавецтве “Спецыяльная літаратура” выйшла кніга “Чытанне як гуманістычная дзейнасць”. Выданне ажыццёўлена ў межах міжнароднага навукова-адукацыйнага праекта “Літаратурная творчасць у сістэме сацыякультурнага развіцця асобы”. У раздзеле кнігі “Метадычныя распрацоўкі па творах сучасных пісьменнікаў” ёсць артыкул настаўніцы пачатковых класаў Алены Яраслаўцавай “Класная гадзіна “Дружбай трэба даражыць” па апавяданні Л. Думцавай “Кожнаму сваё шчасце”. У другім раздзеле “Чытанне як сродак фарміравання маральнай культуры асобы” прадстаўлена работа дырэктара школы Віктара Азаронка “Роля чытання ў фарміраванні каштоўнасных арыентацый дзяцей 7 — 12 гадоў”.

Юныя алімпійцы

Прайшла абласная акцыя “Алімпійскія дні ў аздараўленчым лагеры”. Праект школьнага клуба юных алімпійцаў “Наперад да алімпійскіх вяршыняў!” атрымаў першы прыз. У клубе дзеці знаёмяцца з алімпійцамі Беларусі, Віцебшчыны. Праходзяць акцыі. Адна з такіх ладзілася ў падтрымку алімпійцаў. Праводзяцца спартыўныя мерапрыемствы (малыя алімпійскія гульні, спаборніцтвы па футболе, валейболе, баскетболе), віктарыны, конкурсы па алімпійскай тэматыцы. Школа заняла першае месца на раённых спаборніцтвах па футболе, баскетболе, дапрызыўнай падрыхтоўцы. Рыхтуюць флэш-моб у падтрымку нашых алімпійцаў у Сочы.

Чулае сэрца

Школа прыняла ўдзел у акцыі “Алімпійскае сэрца”, якую праводзіла Прадстаўніцтва НАК у Віцебскай вобласці. У ходзе акцыі былі сабраны падарункі дзецям Андрэеўскага дзіцячага дома ў Оршы. Сабралі таксама падарункі і для мясцовых дзяцей з малазабяспечаных і праблемных сем’яў.
Віктар ЛЯШЧЫНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>