Зімовыя клопаты лепельскіх аграномаў

Распаўсюджаны народны жарт пра тое, што “няма лепшай працы, чым у настаўніка летам, а ў агранома зімой”, вырашыў праверыць і завітаў да галоўнага агранома КУВСГП “Лепельскае” Святланы Астапенкі.
— Як праходзіць адпачынак? — пытаюся.
— Парой адпачынку зіму магу назваць вельмі ўмоўна, — рассмяялася жанчына. — Нягледзячы на снег і мароз, аграному спраў заўсёды хапае, тым больш — галоўнаму.
— Прапаноўваю пачаць з выні­каў года мінулага.
— Паколькі гаспадарка спецыялізуецца на малочнай жывёлагадоўлі, асноўная наша задача — забеспячэнне пагалоўя якаснымі кармамі. Вырошчвалі травы, кукурузу, зерне на фураж, а таксама харчовае. Валавы намалот склаў каля чатырох з паловай тысяч тон пры сярэдняй ураджайнасці каля 19 цэнтнераў з гектара. Падвяло неспрыяльнае надвор’е, ад якога асабліва пацярпелі пасевы вакол вёсак Грыгаравічы, Валосавічы. У тым баку ў асноўным пясчаныя глебы, засуха ў пачатку лета прывяла да таго, што на іх мы збіралі толькі па дзевяць — дзесяць цэнтнераў з гектара. А вось яравыя культуры, наадварот, парадавалі высокай, да 28 — 30 ц/га, ураджайнасцю.
— У сувязі з гэтым, можа, ёсць сэнс скараціць пасевы азімых збожжавых культур і за кошт іх пашырыць яравыя?
— Не згодна. Леташняя розніца паміж азімымі і яравымі, хутчэй, выключэнне, як правіла, азімыя больш ураджайныя. Таму дбайны гаспадар не кідаецца ў крайнасці, а размяркоўвае рызыкі, стараецца дасягнуць аптымальнага балансу. Восенню мы засеялі 900 гектараў азімых зерневых, з іх 570 гектараў — пшаніца, 330 га — жыта. Яравы ж клін мяркуем засеяць нашмат большы — 1625 гектараў.
— Як можаце ахарактарызаваць стан пасеваў?
— Сеяць пачалі 28 жніўня. Аптымальныя тэрміны вытрымалі. За гэты час пасевы добра ўзышлі, набралі сілу. Жыта сеялі сорта “зарні­ца” другой рэпрадукцыі, пшаніцу — сорт “кобра” першай рэпрадукцыі. Яшчэ 35 гектараў засеялі элітай сорта “капылянка”. Яшчэ на стадыі апрацоўкі глебы ўнеслі ўсе неабходныя прэпараты, мінеральныя ўгнаенні: азотныя (19 кілаграмаў на гектар), калійныя (121 кг/га), фосфарныя (34 кг/га).
Пшаніца і жыта да надыходу каляндарнай зімы набралі аптымальную форму, назапасілі дастатковую колькасць пажыўных рэчываў. Аднак прырода ўнесла свае карэктывы, паўтара месяца не прыходзілі маразы, тэмпература трымалася ад 0ОС да +5ОС. Пры адмоўных тэмпературах азімыя культуры нібыта засынаюць, вегетацыйныя працэсы ў іх амаль прыпыняюцца ў чаканні веснавога цяпла. Пры тэмпературы вышэй за пяць градусаў цяпла адбываецца рост культур, назапашванне пажыўных рэчываў. Ад 0ОС да +5ОС працэсы праходзяць вельмі марудна, пры гэтым пажыўных рэчываў для падтрымання сіл расходуецца больш, чым дастаецца з глебы, таму расліны крыху слабеюць. Незадоўга да маразоў і снегу аб’язджала палеткі. Звярнула ўвагу, што на некаторых участках зеляніна крыху пажоўкла, што кажа пра недахоп азоту. Як толькі прыйдзе вясна, адной з першых патрэбаў стане падкормка азотнымі тукамі.
Для вызначэння стану раслін у бліжэйшыя дні будуць узяты кантрольныя пробы. З палёў будуць узяты з глебай некалькі парасткаў — так званыя маналіты. Іх прагрэем, дачакаемся, пакуль прарастуць, і пабачым, колькі аджыло, а колькі загінула.
— Моцныя маразы не надта ўдарылі па азімых?
— Глеба яшчэ захоўвае раней назапашанае цяпло, тэмпература на глыбіні вузла кушчэння (тры — чатыры сантыметры) не вельмі нізкая, да трох градусаў. Вось калі б снегу зусім не было, на азімых можна было б паставіць крыж, а вясной іх перасяваць яравымі. Адзінае, чаго б хацелася ад прыроды — яшчэ крыху снегу, да дзесяці сантыметраў, каб укрыць пасевы больш на­дзейна.
— Бачу, аграному клопатна нават зімой?
— Акрамя таго, што трэба перыядычна аглядаць палеткі, зіма — пара традыцыйнага запаўнення дакументацыі, планавання працы на будучае. Ведаеце, колькі папер на новы год трэба мне аформіць? Нельга забываць і пра селекцыйную працу, трэба ж перыядычна абнаўляць насенны фонд. На сёння прыйшоў шэраг прапаноў ад спецыялізаваных насенняводчых гаспадарак, абмяркоўваем іх, выбіраем. Гэта было б лягчэй рабіць, калі б у гаспадарцы было дастаткова свабодных фінансаў. Для прыкладу, каб набыць тону элітнага насеннага зерня, нам трэба прадаць чатыры — шэсць тон зерня першай рэпрадукцыі. Хімпрэпараты таксама каштуюць дорага…
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>