Пытанне Прэзідэнту

“Паважаны Аляксандр Рыгоравіч, чалавек выхоўваецца на прыкладах з літаратуры. Кніга – скарбонка мудрасці чалавецтва. Скажыце, калі ласка, якая кніга – Ваша самая любімая, якую Вы любіце перачытваць?”

“Аляксандр Рыгоравіч, ведаю, што Вы, як Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, чалавек вельмі заняты і вольнага часу ў Вас няшмат. Аднак усё ж такі, калі надараецца вольная часіна, як вы яе праводзіце?”

“Дарагі Аляксандр Рыгоравіч, Беларусь – краіна не багатая на прыродныя выкапні, тым больш на нафту і газ. Адкажыце, у чым Вам бачыцца моцны бок нашай эканомікі, што мы павінны рабіць, каб стаць у адзін шэраг з вядучымі сусветнымі дзяржавамі?”

Гэтыя і іншыя пытанні задавалі юнакі і дзяўчаты пад час усебеларускай акцыі “Пытанне Прэзідэнту”, якая прахо­дзіла ў рэспубліцы ў красаві­ку-маі гэтага года. Моладзі, вядома, заўсёды хочацца ўсё ведаць, яе цікаўнасці няма межаў. Таму, калі было аб’яўлена аб пачатку акцыі, большасць маладых людзей успрынялі яе з энтузіязмам.

Пасланні павінны былі быць нешматслоўныя і ўтрымліваць канкрэтнае пытанне.

Усяго з Лепельшчыны на адрас Прэзідэнта было адпраўлена звыш 120 лістоў. Таму поўнай нечаканасцю сталі лісты, дасланыя ад Прэзідэнта ў адказ.

“Дарагі сябар!

Заўсёды з вялікай павагай і ўдзячнасцю адношуся да лю­дзей, якія нераўнадушна глядзяць на тое, што адбываецца навокал, імкнуцца быць карыснымі сваёй краіне, уносяць асабісты ўклад у пабудову моцнай і квітнеючай Беларусі.

Сваім удзелам у гэтай акцыі ты даказаў, што належыш да ліку менавіта такіх грамадзян нашай рэспублікі.

Пытанні ўдзельнікаў акцыі не застануцца без увагі. Па некаторых узнятых праблемах ужо прымаюцца дзейсныя меры, другія пытанні вывучаюцца.

Галоўнае зараз – не спыняцца на дасягнутым, а настой­ліва ісці наперад выбраным шляхам, пераадольваючы любыя цяжкасці. І наколькі паспяхова мы гэта зробім, у многім залежыць ад кожнага з нас.

Жадаю табе моцнага зда­роўя, поспехаў у вучобе, сапраўднай дружбы. Будзь адважным, творцам, імкніся да новых вяршыняў.

Аляксандр Лукашэнка.

22.10.2010г.”

41 чалавек атрымаў такія адказы. Нядаўна іх уручылі ва ўрачыстай абстаноўцы ў актавай зале райвыканкама. Больш за ўсё адказаў – 32 – прыйшло на адрас навучэнцаў аграрна-тэхнічнага каледжа. Лісты ад Прэзідэнта атрымалі таксама вучні Бароўскай, Домжарыцкай школ, сярэдняй школы №4. Вучні 10 ”Б” класа СШ№1 напісалі калектыўны ліст. Ім Прэзідэнт таксама адказаў. Уручаючы адказы Прэзідэнта, намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Нікіцін сказаў:

— Юнакі і дзяўчаты, ліст ад Прэзідэнта – высокая адзнака вашай актыўнай грамадзянскай пазіцыі, вашай нераўнадушнасці. Спадзяюся, што, атрымаўшы адукацыю ў навучальных установах, вы вернецеся на малую радзіму не толькі высока­класнымі спецыялістамі, а і такімі ж актыўнымі і нераўнадушнымі, якія вы зараз. У добры шлях!

Васіль МАТЫРКА.

На здымку: удзельнікі акцыі “Пытанне Прэзідэнту”.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>