Лепель: па шляху стварэння

У 2013 годзе забяспечана ўстойлівае развіццё народнагаспадарчага комплексу раёна і яго сацыяльная стабільнасць. Аб зробленым і намечаных сацыяльна-эканамічных мэтах на 2014 год гаварылася на чарговай сесіі раённага Савета дэпутатаў. З дакладам выступіў старшыня Лепельскага райвыканкама Барыс Яфрэмаў.

ПРАМЫСЛОВАСЦЬ: ВЫНІКІ І ПЕРСПЕКТЫВЫ

Вытворчасць прамысловай прадукцыі па індэксе фізічнага
аб’ёму па выніках работы студзеня — лістапада 2013 года павялічана на 7,3 працэнта. Прамысловымі прадпрыемствамі раёна выраблена прадукцыі з улікам давальчай сыравіны на 1313,8 млрд рублёў, што вышэй за адпаведны перыяд папярэдняга года ў 1,3 раза.
Стабільна развівалася ААТ “Лепельскі МКК” і філіял “Лепельскі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”, аб’ём вытворчасці на якіх вырас адпаведна ў 1,3 і 1,2 раза.
Развіццю прамысловага комплексу садзейнічала тэхнічнае пераабсталяванне, пашырэнне і абнаўленне асартыменту выпускаемай прадукцыі. ААТ “Лепельскі МКК” заканчвае другі этап рэканструкцыі энергетычнай гаспадаркі з пераўтварэннем кацельні ў міні-ЦЭЦ. Філіялам “Лепельскі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” завершана мадэрнізацыя элеватара, устаноўлена сістэма аспірацыі працуючага тэхналагічнага абсталявання, што значна скараціла выкіды ў атмасферу шкодных рэчываў. Рыхтуюцца даныя па вырабе тэхнічнай дакументацыі для будаўніцтва другой чаргі элеватара ёмістасцю 30 тысяч тон. Плануецца павелічэнне магутнасцей па выпуску грануляваных камбікармоў да 100 працэнтаў. Набывалася тэхналагічнае абсталяванне РУВДП “Лепельскі электрамеханічны завод”, ААТ “Лепельскі рамонтна-механічны завод”, філіялам “Лепельскі хлебазавод” РУВП “Віцебскхлебпрам”.
Усяго прамысловымі прадпрыемствамі асвоена інвестыцый у асноўны капітал па выніках студзеня — кастрычніка на 84,3 мільярда рублёў.
Абнавіўся асартымент выпускаемай прадукцыі. У 2013 годзе філіялам “Лепельскі хлебазавод” РУВП “Віцебскхлеб¬прам” асвоена звыш 20 назваў хлеба, звыш 25 — булачнай прадукцыі і звыш 20 — кандытарскіх вырабаў. Адзінаццаць відаў новай прадукцыі пачало вырабляцца на ААТ “Лепельскі МКК”, з іх тры віды сыру: Пармезан де Люкс, MAASDAMER BY, Грюнталер.
Аб’ём адгружанай інавацыйнай прадукцыі за студзень — кастрычнік у цэлым па раёне склаў 207 мільярдаў рублёў, або 20,8 працэнта ад агульнага  аб’ёму адгружанай прадукцыі.
У 2014 годзе ААТ “Лепельскі МКК” мяркуе пачаць будаўніцтва цэха па вытворчасці сухога малака з рэканструкцыяй дапаможных вытворчасцяў.
Усяго прамысловымі прадпрыемствамі плануецца накіраваць на развіццё вытворчасцяў 160 мільярдаў рублёў.
Рэалізацыя гэтых і іншых мерапрыемстваў дазволіць забяспечыць у 2014 годзе выпуск прамысловай прадукцыі па індэксе фізічнага аб’ёму 110,5 працэнта, удзельную вагу адгружанай інавацыйнай у агульным аб’ёме адгружанай прадукцыі — 21 працэнт.

ІНВЕСТЫЦЫІ І ЭКСПАРТ

У 2013 годзе павысілася інвестыцыйная актыўнасць прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Інвестыцыі ў асноўны капітал павялічыліся на 16 працэнтаў. Агульны аб’ём інвестыцый, асвоеных у асноўны капітал, склаў 306,3 мільярда рублёў.
У рамках Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 жніўня 2009 года №10 “Аб стварэнні дадатковых умоў для інвестыцыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь” у раёне рэалізоўваюцца два інвестыцыйныя праекты: ТАА “Бурштынавы бераг” — праект “Комплекс устаноў сямейнага адпачынку і спартыўна-аздараўленчага турызму” на азёрах Сверзна, Тартак, Цэркавішча і Полазна ў Лепельскім і Ушацкім раёнах Віцебскай вобласці”(разлічаны да 2016 года, аб’ём фінансавання — 29,7 мільярда рублёў) і ТАА “ЛОДЭ” — праект “Будаўніцтва дома адпачынку ЛОДЭ ў Лепельскім раёне, вёска Новае Лядна” (тэрмін рэалізацыі — 2012 — 2015 гады, аб’ём інвестыцый — 2,5 мільярда рублёў, ужо асвоена 0,5 мільярда рублёў).
У 2014 годзе мяркуецца забяспечыць рост інвестыцый у асноўны капітал на 30 працэнтаў, прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове складуць 1,5 мільёна долараў ЗША.
На 2014 год плануецца тэмп росту экспарту тавараў 116 працэнтаў, тэмп росту экспарту паслуг — 110 працэнтаў.
Палепшыліся якасныя параметры функцыянавання рэальнага сектара эканомікі. За дзесяць месяцаў 2013 года атрыманы чысты прыбытак у суме 57,4 мільярда рублёў, што ў 5,2 раза вышэй чыстага прыбытку адпаведнага перыяду папярэдняга года.

ГАНДАЛЬ І ПРЫВАТНАЯ ІНІЦЫЯТЫВА

У 2013 годзе атрымала далейшае развіццё сетка прадпрыемстваў гандлю і сэрвісу. Адкрыты магазін “Ганна” ААТ “Віцебская бройлерная птушкафабрыка”. Лепельскім раённым спажывецкім таварыствам уведзены ў эксплуатацыю новы магазін “Універсам” па вуліцы Чуйкова гандлёвай плошчай 246,4 кв. м, стаў працаваць магазін “Прадукты” №11 па вуліцы Веры Маргевіч гандлёвай плошчай 59 кв. м. Плануецца да адкрыцця кафэ на 60 пасадачных месцаў прыватным гандлёвым прадпрыемствам “Кафэ “Усе вятры”.
За студзень — лістапад 2013 года тэмп росту рознічнага таваразвароту праз усе каналы рэалізацыі склаў 115,1 працэнта.
На 2014 год тэмп росту гандлёвага таваразвароту ўстаноўлены на ўзроўні 125 працэнтаў. Мяркуецца ажыццявіць рамонт двух магазінаў (Поплаўкі і Двор Бабча), прадоўжыць мадэрнізацыю рэстарана “Хваля”, набыць адзін аўтамагазін і шэраг гандлёвага абсталявання.
Атрымаў далейшае развіццё недзяржаўны сектар эканомікі. У раёне дзейнічаюць 969 індывідуальных прадпрымальнікаў, 18 малых арганізацый і 117 мікраарганізацый. У іх працуюць 1183 чалавекі.
Адкрыты тры новыя вытворчасці. ПВГУП “Сёмачкін прадукт” пачало вытворчасць канцылярскіх вырабаў, ААТ “Белсотвыраб” — папяровых сотавых запаўняльнікаў у вёсцы Звязда, філіял СААТ “Стецкевіч-Спецадзенне” — швейных вырабаў. На гэтых вытворчасцях створаны 42 новыя рабочыя месцы. Васямнаццаць суб’ектаў гаспадарання пачалі дзейнасць у сферы паслуг.

СЕЛЬСКАЯ ГАСПАДАРКА

У 2013 годзе, які выдаўся неспрыяльным па ўмовах надвор’я, намалочана 30579 тон збожжавых і зернебабовых культур, што на 24,6 працэнта меней за ўзровень 2012 года. Ураджайнасць збожжавых і зернебабовых культур склала 21,8 цэнтнера з гектара.
Намалочана 4646 тон насення рапсу, што болей за ўзровень 2012 года на 942 тоны. Ура¬джайнасць склала 13,7 цэнтнера з гектара.
У 2013 годзе бульба вырошчвалася на плошчы 190 гектараў, валавы збор склаў 2089 тон. Сярэдняя ўраджайнасць — 110 цэнтнераў з гектара.
Для грамадскай жывёлагадоўлі нарыхтавана травяністых кармоў ў пераразліку на кармавыя адзінкі 44042 тоны, або 110,8 працэнта да ўзроўню 2012 года, на ўмоўную галаву жывёлы — 28 цэнтнераў кармавых адзінак.
У сельскагаспадарчыя арганізацыі паступілі адзін збожжаўборачны камбайн, шэсць прэс-падборшчыкаў, адзін кормаўборачны камбайн, дзевяць касілак, адзін раскідвальнік арганічных і мінеральных угнаенняў, адзін камбінаваны глебаапрацоўчы пасяўны агрэгат, шэраг іншай сельскагаспадарчай тэхнікі.
За студзень — лістапад 2013 года вытворчасць жывёлы і птушкі павялічылася на 3,1 працэнта, у тым ліку буйной рагатай жывёлы — на 2,4 працэнта, свіней — на 4,4 працэнта, птушкі — на 2,6 працэнта.
Прадуктыўнасць маладняку буйной рагатай жывёлы павялічылася на 22 грамы і склала 578 грамаў, па свіннях прывагі павялічыліся да 613 грамаў.
Валавая вытворчасць малака ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна знізілася на 1,5 працэнта, рэалізацыя — на 4,2 працэнта. Сярэдні надой малака ад каровы склаў 4045 кілаграмаў, што меней за ўзровень 2012 года на 295 кілаграмаў.
Стабільна працуюць па вытворчасці малака СВФ “Заазер’е” ААТ “Лепельскі МКК”, ААТ “Лядна”, СВП “Пражэктар” РУВП “Віцебскхлебпрам”.
Пагалоўе буйной рагатай жывёлы павялічылася на тры працэнты, у тым ліку кароў — на 5,2 працэнта, свіней — на 2,9 працэнта.
У 2013 годзе завершаны работы па будаўніцтве і рэканструкцыі малочна-таварных фермаў у ААТ “Лепельаграсэрвіс” (ферма Цаліна), СВП “Пражэктар” РУВП “Віцебскхлебпрам” (ферма Слабада), СВФ “Заазер’е” ААТ “Лепельскі МКК” (ферма Стары Лепель).
Працягваецца ўзвядзенне даільных залаў на малочна-таварнай ферме Горкі ААТ “Лепельаграсэрвіс”, малочна-таварнай ферме Чарэйшчына ААТ “Чарэйшчына”.
У 2013 годзе на будаўніцтва і рэканструкцыю малочна-таварных фермаў было расходавана 80 мільярдаў рублёў, з якіх 9,7 мільярда — сродкі сельскагаспадарчых арганізацый, 5,8 мільярда — сродкі бюджэту, 64,5 мільярда — крэдыты.
Выручка прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу раёна ад рэалізацыі прадукцыі, работ і паслуг склала 139 мільярдаў рублёў, што вышэй за ўзровень 2012 года на 7,2 працэнта.
Чакаемы фінансавы вынік ад рэалізацыі малака за 2013 год складзе 9,2 мільярда рублёў прыбытку з рэнтабельнасцю 13 працэнтаў.
Рэнтабельнасць продажу сельскагаспадарчай прадукцыі ў сярэднім па раёне склала 2,3 працэнта.
Сярэднямесячная заработная плата за 11 месяцаў 2013 года ў сельскагаспадарчых арганізацыях склала 3638 тысяч рублёў, тэмп росту да ўзроўню папярэдняга года — 144 працэнты. Рост заработнай платы напрамую залежыць ад вытворчасці валавой прадукцыі.
На 2014 год плануецца рост валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі на ўзроўні 106 працэнтаў, неабходна намалаціць зерня ў бункернай вазе 42 тысячы тон, вырасціць дзве тысячы тон бульбы, 620 тон гародніны, забяспечыць вытворчасць 30,2 тысячы тон малака пры надоі на карову 4800 кілаграмаў, дасягнуць сярэднясутачных прываг буйной рагатай жывёлы на ўзроўні 600 грамаў.

БУДАЎНІЦТВА ЖЫЛЛЯ

За 11 месяцаў за лік усіх крыніц фінансавання ўведзена ў эксплуатацыю 8085 квадратных метраў жылля. Рыхтуецца да здачы 100-кватэрны дом (вуліца Чуйкова, 64) агульнай плошчай 5953 квадратныя метры.
Усяго ў 2013 годзе ў эксплуатацыю ўведзена больш за 15000 квадратных метраў жылля, што больш за ўзровень папярэдняга года на 31 працэнт.
У КУВСГП “Лепельскае” і ААТ “Лядна” будуецца па два аднакватэрныя жылыя дамы, увод якіх у эксплуатацыю з-за недахопу фінансавання перанесены на 2014 год.
На будаўніцтва індывідуальных жылых дамоў, рэканструкцыю, капітальны рамонт жылых памяшканняў грамадзянам у 2013 годзе было выдзелена 2 мільярды 89,7 мільёна рублёў крэдытаў.

ЖЫЦЬ КАМФОРТНА

Прыярытэтным накірункам дзейнасці органаў улады з’яўляецца стварэнне камфортных умоў жыцця чалавека. У 2013 годзе праводзіліся работы па капітальным і бягучым рамонце дахаў дамоў, замене сетак цепла- і водазабеспячэння, мадэрнізацыі дамоў. Усяго такія работы праводзіліся на 52 дамах.
Праведзены бягучы рамонт і тэхнічнае абслугоўванне ўсёй кацельнай гаспадаркі. Заменена шэсць кіламетраў цепласетак. Агульныя затраты прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі на работы па падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезона 2013 — 2014 гадоў склалі больш за 12 мільярдаў рублёў.
Выкананы работы па бягучым абслугоўванні і рамонце артэзіянскіх свідравін на агульную суму 53 мільёны рублёў. Пракладзена 3,8 км новага водаправода, што дазволіла прадоўжыць падключэнне да цэнтральнага водаправода прыватных дамоў. На гэтыя мэты накіравана больш за 1,5 мільярда рублёў.
На плошчы больш за 7,7 тысячы квадратных метраў выкананы бягучы і ямачны рамонт асфальтавага пакрыцця вуліц горада Лепеля і сельскіх населеных пунктаў.
У 2013 годзе прадпрыемствамі жыллёва-камунальнай гаспадаркі пасаджана 200 тысяч штук кветак, 150 — дрэў і 60 кустоў. Папаўнялася і абнаўлялася святочная ілюмінацыя. Набыта і ўстаноўлена ў гарадскім парку дзіцячая гульнёвая пляцоўка. Адрамантаваны дваровыя гульнёвыя пляцоўкі. Для паляпшэння санітарнага стану вуліц ЛКУВП ЖКГ “Лепель” набыта падмятальная машына.
У 2014 годзе неабходна прадоўжыць работы па будаўніцтве новых водаправодаў (мікрараён Залінейны, вуліца Цэнтральная і інш.), добраўпарадкаванні дваровых тэрыторый (вул. Партызанская, Мінская і інш.), далейшым азеляненні горада і сельскіх населеных пунктаў, рамонце вулічнага пакрыцця, пешаходных дарожак.
У 226 сельскіх населеных пунктах адрамантавана і палепшана 16,3 км дарожнага пакрыцця вуліц, 18,1 км праездаў, абуладкавана 35 прыпынкаў грамадскага транспарту, устаноўлена 30 малых архітэктурных формаў, прыведзены ў парадак 34 грамадзянскія могільнікі. Расходы сельскіх бюджэтаў па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, уключаючы вулічнае асвятленне, склалі за адзінаццаць месяцаў 1448,2 мільёна рублёў.

САЦЫЯЛЬНЫЯ АСПЕКТЫ

Неад’емнай часткай дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі з’яўляецца падтрымка сацыяльна слаба абароненых катэгорый насель¬ніцтва. 299 малазабяспечаным грамадзянам, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, аказана матэрыяльная дапамога са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва на 81 мільён рублёў.
У тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва на надомным абслугоўванні ўтрымліваецца 455 чалавек. У аддзяленні кругласутачнага знаходжання “Святліца” жывуць 52 чалавекі.
У студзені — лістападзе штомесячная дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога назначана 64 сем’¬ям (254 чалавекі) на 307,3 мільёна рублёў, аднаразовую дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу атрымалі 62 сям’і (234 чалавекі) на 133,6 мільёна рублёў. Бясплатнымі прадуктамі харчавання было забяспечана 138 дзяцей першых двух гадоў жыцця з 91 сям’і на агульную суму 362 мільёны рублёў.
Намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата за студзень — кастрычнік па раёне — 4107 тысяч рублёў, у тым ліку за кастрычнік — 4467,7 тысячы рублёў. Тэмп росту аплаты працы да адпаведнага перыяду 2012 года склаў 134,4 працэнта.
На мадэрнізацыю, рамонт устаноў аховы здароўя расходавана 428 млн рублёў. Праводзілася мадэрнізацыя аддзяленняў цэнтральнай раённай бальніцы. У новае памяшканне пераведзены Старалепельскі фельчарска-акушэрскі пункт.
На набыццё медыцынскага абсталявання, цвёрдага і мяккага інвентару за лік сродкаў мясцовага бюджэту выдаткавана 527,5 мільёна рублёў. За лік рэспубліканскага бюджэту набыта эндаскапічная сістэма коштам больш за 900 мільёнаў рублёў.
У раёне налічваецца 19 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, 17 устаноў дашкольнай адукацыі, чатыры пазашкольныя і дзве спартыўныя ўстановы. Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі навучаецца 3101 дзіця, у дашкольных установах — 1220. На функцыянаванне ўстаноў адукацыі выдзелена больш за 116 мільярдаў рублёў, з іх на фінансаванне бягучага рамонту будынкаў і памяшканняў — больш за 2660 мільёнаў рублёў.
Павысілася масавасць, вырасла сацыяльная значнасць фізічнай культуры і спорту ў агульным комплексе вырашаемых раёнам народнагаспадарчых і сацыяльных задач. Выкананы работы па добраўпарадкаванні спартыўных збудаванняў на агульную суму больш за адзін мільярд рублёў.
У 2013 годзе праведзена больш за 50 фізкультурна-аздараўленчых і спартыўна-масавых мерапрыемстваў: спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы, валейболе, баскетболе, міні-футболе, гандболе, настольным тэнісе і інш.
На аддзяленнях спартыўных школ раёна займаецца больш за 475 навучэнцаў. Пяць выхаванцаў спартыўных школ раёна выканалі нарматывы майстроў спорту міжнароднага класа, дзевяць — майстроў спорту. Чэмпіёнам свету і Еўропы па барацьбе самба стаў выхаванец мясцовай спартыўнай школы Сцяпан Папоў.
2013 год быў насычаны на культурныя падзеі. Праведзена больш за чатыры тысячы тэматычных мерапрыемстваў, канцэртаў, акцый, тэатралізаваных святаў і абрадаў, выстаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і народных рамёстваў.
Творчыя калектывы прынялі ўдзел у 25 фестывалях, святах, конкурсах міжнароднага, рэспубліканскага і абласнога ўзроўняў. Знакавымі падзеямі стала прысваенне званняў “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь” узорнаму фальклорнаму калектыву “Сунічкі” і аматарскаму аб’яднанню “Скарбонка” раённага Дома рамёстваў. Лаўрэату рэспубліканскага фестывалю “Маладыя таленты Беларусі” Яне Стрэльчанка, якая вучыцца ў Лепельскай школе мастацтваў, назначана стыпендыя са спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
Праводзіліся фестывалі “Песні юнацтва нашых бацькоў”, творчасці інвалідаў і маладых інвалідаў, конкурсы маладых паэтаў і бардаў, інтэлектуальныя турніры сярод вучнёўскай, студэнцкай і рабочай моладзі, паэтычныя і музычныя вечары.
Ведаць патрэбы насельніцтва, своечасова на іх рэагаваць — важнейшая функцыя мясцовых органаў улады.
Падрыхтаваў  Мікалай ГАРБАЧОЎ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>