Амплітуда намераў і рэалій

Гутарка з дырэктарам ААТ “Лепельскі рамонтна-механічны завод” Юрыем Сёмкіным
— Юрый Вітальевіч, вы года паўтара як узначальваеце завод. Ці ўдалося за гэты час выправіць сітуацыю? Што змянілася? Што не атрымалася?
— Хваліцца пакуль рана. Сітуацыя на прадпрыемстве і зараз даволі складаная, у тым ліку і з заработнай платай. Але ж ці ўсе ведаюць, што ўсяго за год сярэдні заробак на заводзе падняўся амаль у два з паловай разы — з 2 да 4,7 мільёна рублёў. Такім ён быў яшчэ ўвесну і нават летам. Праўда, пасля зноў панізіўся тысяч на васемсот і цяпер складае 3,9 мільёна рублёў.
— З чым звязаны падобныя ваганні?
— Я заўсёды кажу: заробак у вытворчай сферы — гэта аплата за фактычна выкананы аб’ём працы. Можа, не ўсе гэта разумеюць… Здолелі мы знайсці магчымасць нарасціць ¬аб’ём вытворчасці — пайшлі ўгору заробкі. Цяперашняе зніжэнне звязана ў цэлым са зніжэннем попыту на тавар, для якога мы пастаўляем камплектуючыя. Маю на ўвазе трактары. І сезонны фактар таксама сыграў сваю ролю, бо трактары больш запатрабаваныя ўвесну і летам, чым восенню і зімой.
— Давайце нагадаем чытачам, якая прадукцыя выпускаецца і куды яна ідзе…
— На 83 працэнты гэта камплектуючыя для вытворчага аб’яднання “Мінскі трактарны завод” і Віцебскага завода трактарных запасных матэрыялаў (кранштэйны, падножкі трактарныя, механізмы для здвойвання колаў, штампоўка розная). Усяго больш за дваццаць найменняў. На 17 працэнтаў — для Мінскага маторнага завода, для Крупскага прадпрыемства “Амкадор-МОЖА”, якому мы пастаўляем запчасткі для зернесушыльных комплексаў. Займаемся і вытворчасцю тавараў народнага спажывання па індывідуальных заказах — урнаў, кантэйнераў, бачкоў для лазняў, запчастак для абсталявання птушкафабрык і г.д.
— За кошт чаго вам удалося павялічыць аб’ём вытворчасці і адпаведна заробак?
— Шукаем новыя рынкі збыту, мадэрнізоўваем вытворчыя працэсы, хаця і не ў такіх аб’ёмах, як хацелася б. Сёлета закупілі новай тэхнікі на 1 мільярд 478 мільёнаў рублёў. Набылі новы грузавы аўтамабіль “МАЗ”, купілі радыяльна-свідравальны, плоскашліфавальны станкі. Зварачны апарат новы купілі і сваімі сіламі вырабілі валтовачны барабан для зняцця зазубрын на дэталях. Набылі таксама трактар камунікацыйны “Беларус”. Не кажучы пра аргтэхніку, камп’ютары, прынтары, кустарэзы і іншую драбязу, якой закупілі прыкладна на восем¬дзесят мільёнаў рублёў.
— Ці ўдалося выканаць план мадэрнізацыі? Калі не, то чаму?
— План мадэрнізацыі выканалі прыкладна на 60 працэнтаў. Планавалі болей, але не сталі браць інвестыцыйных крэдытаў па той прычыне, што па іх значна выраслі працэнтныя стаўкі. Мадэрнізацыю рабілі толькі за кошт уласных сродкаў.
— Уласныя сродкі? Але вы хіба прыбытковае прадпрыемства?
— Так, зараз мы прыбытковыя. Рэнтабельнасць продажу нашай прадукцыі складае 6,5 працэнта.
— Ці прадоўжыцца мадэрнізацыя ў будучым годзе?
— Абавязкова. Хацелася б набыць нажніцы ліставыя і прэс-нажніцы, яшчэ адзін аўтамабіль, машыну кальцавой і про¬фільнай згібкі. Нам патрэбна ўстаноўка плазменнай рэзкі, яшчэ такарны, радыяльна-свідравальны станкі, зварачнае абсталяванне. Плануем зрасходаваць уласных сродкаў на суму не меней за тры з паловай мільярды рублёў.
— Якія новыя віды вытворчасці асвоены?
— Два віды падножак для трактароў, механізм здвойвання колаў. Сярод дробнай прадукцыі па заказах арганізацый — вузлы для ўстаноўкі па змотцы-размотцы нафтавых рукавоў для беларуска-брытанскай фірмы “Сцілус”, транспарцёры для “Белкатламаша”, якія пастаўляем у Бешанковічы для вытворчасці драўняных трэсак.
— Ці збіраецеся паляпшаць умовы працы?
— Гэта пакуль ці не самае наша балючае месца. Трэба ставіць пластыкавыя вокны ў раздзявалцы, правесці касметычны рамонт бытавых памяшканняў, узнавіць душавую, перавесці сістэму ацяплення на мясцовыя віды паліва.
— Не магу не запытацца пра далейшы лёс закінутых і былых вытворчых памяшканняў экскаватара-рамонтнага завода на вашай тэрыторыі, якія толькі псуюць агульны выгляд на самым уездзе ў наш горад…
— Нерухомасць цягне на пятнаццаць мільярдаў рублёў, але каб яе прадаць, мы пралічвалі, патрэбна 80 — 100 мільёнаў рублёў. Такую ж суму таксама трэба дзесьці адшукаць, як кажуць, на дарозе не валяецца. І потым, ці хто знойдзецца ахвочы набыць гэтыя будынкі, да якіх, зрэшты, каб іх эксплуатаваць, патрэбна пракласці дарогу, узнавіць камунікацыі і г.д. Тым не менш, ужо ўвесну мы ўсё ж збіраемся выставіць іх на аўкцыён з паніжаючым каэфіцыентам.
— Як бачым, хоць і павольна, з вялікімі цяжкасцямі, але ўсё ж прадпрыемства падымаецца з калень. Амплітуду сярэдняга заробку мы ведаем. А колькі, скажыце, рэальна сёння можа атрымаць рабочы?
— Гледзячы які рабочы. Калі гэта, скажам, высакакласны зваршчык альбо слесар, якія атрымліваюць надбаўку за складанасць і напружанасць, то рэальна зарабіць і шэсць мільёнаў. Да адпачынку выплачваем надбаўку ў памеры аднаго аклада інжынерна-тэхнічным работнікам і рабочым — іх сярэдні заробак.
Гутарыў Уладзімір МІХНО.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>