Рупліўцы з вуліцы Ясеніна

Першым пабудаваў дом на вуліцы Ясеніна Васіль Чарнамор. Будынак атрымаўся прыгожы, грунтоўны, на відным месцы – пясчаным пагорку.
— Чарнамор пабудаваўся, а літаральна на наступны год зрубы паставілі я, сусед з Ясеніна, 3 Пеця Жарнасек, суседзі з чацвёртага дома, — распавядае Валерый Васільевіч Правада, які жыве ў доме №2, – два зрубы сымшылі за адзін дзень, як зараз памятаю!

Маладыя мы былі, здавалася, не было такіх вышынь, якія б мы не скарылі. Весела жылі, штодня адзін да аднаго ў госці хадзілі, дзеці па вуліцы бегалі. Хаця наш мікрараён і называецца Пясчанка, тут, акрамя чысценькага пясочку, ёсць сур’ёзныя вымачкі, нават балацявіны. Такая і выявілася насупраць пятага і сёмага дамоў. Гэтыя дамы калісь збудаваў для сваіх работнікаў завод шасцерань. У адным з іх пасялілася сям’я Матыркаў. Саша працаваў на бульдозеры, дык неяк у выхадны дзень прыехаў. Горку, што была насупраць маёй хаты, ён зраўняў, частку грунту ссунуў у тую балацявіну, частку – у роў, што ляжыць за хатай. Утварыўся зручны сцёк для вады. Як праходжу, узгадваю добрым словам Сашу.
— А вы самі як пажываеце, чым займаецеся?
— Да 1994 года я працаваў у райаграпрамтэхніцы. Потым гэта прадпрыемства пачало развальвацца, рэфармавацца. Я ж вырашыў пачаць сваю справу, зарэгістраваўся як прадпрымальнік. Набыў аўтамабіль МАЗ, аказваў паслугі па грузаперавозках. Незадоўга да крызісу купіў сядзельны цягач IVEKO з фурай, меркаваў няблага зарабляць. Аднак фінансавыя ператрусы не абмінулі і мяне. Браўся за любыя рэйсы.
Развітаўшыся са словаахотлівым гаспадаром дома №2, рушыў далей. Ля дома №3 працавалі двое мужчын, сын і бацька – Алег і Пётр Жарнасекі. Пётр – пенсіянер, пасля арміі як уладкаваўся на камбінат бытавога абслугоўвання вадзіцелем, так адтуль і пайшоў на пенсію. Больш за сорак гадоў круціў баранку. На вуліцы Ясеніна паставіў ладны дом, шэраг гаспадарчых пабудоў. Заўважыў паветку, закладзеную шэрагамі сухіх дроў:
— Шмат дроў нарыхтавалі, зімы на тры, не меней. А на газ пераходзіць не збіраецеся?
— Газ – рэч выдатная, — адказаў Пётр Жарнасек, — аднак газапровады ад нас былі далекавата. Сёлета падвялі бліжэй, на нашай вуліцы падключыліся некалькі дамоў. На наступны год, спадзяюся, збяром кааператыў па газіфі¬кацыі і наступную зіму бу¬дзем сустракаць з газам. Цяпер жа дровы – асноўнае паліва. Тым больш, што я трымаю сваю гаспадарку: парася, некалькі курэй.
— Бачу, Алег – інвалід, рухаецца з цяжкасцю…
— Так, з дзяцінства. Аднак ён няблага вучыўся ў школе, зараз з ахвотай дапамагае мне па гаспадарцы.
Бацька з сынам сабраліся, узялі мяхі і рушылі да суседа. Пётр тлумачыць:
— Тут, у доме №5, кватэры №1 ужо шмат гадоў жыве Дзіма Асоўскі са сваёй сям’ёй. Вось ён прывёз дроў, распілаваў іх, а пілавінне з яго згоды я забіраю, буду падсцілаць свінням. Вось так і жывём – па-суседску, — падвёў вынік суразмоўца.
* * *
Наступным наведаў дом №8. За брамкай сабакі не было, таму на двор узышоў смялей. Дзверы адчыніла гаспадыня Зінаіда Касцюковіч, запрасіла за стол, наліла чаю. Віктар і Зінаіда, ажаніўшыся ды змяніўшы некалькі кватэр (муж служыў прапаршчыкам), вырашылі будавацца ў Лепелі. Спачатку склалі зруб, потым прыбудоўваліся. Шмат гадоў у гэтай хаце жылі некалькі пакаленняў: бацькі Зінаіды, Зінаіда з Віктарам, іх дзеці Аксана і Наташа. Дочкі зараз ладзяць самастойнае жыццё, Зіна з Віктарам (ці, як яна сама кажа, бабуля з дзядулем) жывуць адны, хаця часта наведваюцца ўнукі.
Жанчына доўгі час адпрацавала на заводзе шасцерань. У 90-ыя гады нават была звольнілася, аднак праз некалькі гадоў, з пачаткам эканамічнага пад’ёму, зноў вярнулася на завод, і яшчэ некалькі гадоў на пенсіі працавала. Аднак з часам стаяць ля станка станавілася ўсё цяжэй. Зараз Зінаіда працуе дворнікам на спорткомплексе, наводзіць парадак на вялікай тэрыторыі.
Віктар адслужыў прапаршчыкам у розных часцях. Выйшаўшы на пенсію, без справы праседзець не можа, таму ўладкаваўся спачатку ў леспрамгас, потым у ваенізаваную ахову, зараз працуе аператарам кацельні. Задаў пытанне:
— Чаму вам не сядзіцца спакойна, грошай больш зарабіць хочаце?
— Не толькі ў грашах справа. Калі чалавек застаецца без працы, ён раскісае, ро¬біцца лянівым, перастае за сабой сачыць. Перад выхадам на працу абавязкова мужчыне трэба пагаліцца, прывесці сябе ў парадак, адзець чыстую вопратку, пачысціць абутак. Хочаш – не хочаш, а праца мабілізуе. Шмат разоў мы бачылі, як людзі, выйшаўшы на пенсію і не знайшоўшы сабе занятку, згасалі літаральна на вачах.
— Які перыяд жыцця можаце назваць яркім і запамінальным?
— У пачатку 80-ых гадоў Віктара накіравалі ў доўгачасовую камандзіроўку ў Германію, мы – я і дочкі – паехалі разам з ім, пражылі там некалькі гадоў, — працягвае Зінаіда. — Часць размяшчалася ў Крампніцы – невялікім населеным пункце непадалёк ад Патсдама. Можна сказаць, для нас гэта быў залаты час. Мы былі маладыя, дома па выхадных не сядзелі, а стараліся выехаць. З экскурсіямі аб’ездзілі ці не ўсю тадышнюю ГДР, некалькі разоў наведвалі знакамітую Дрэздэнскую карцінную галерэю, бачылі Сіксцінскую мадонну. Пабывалі ў некалькіх берлінскіх музеях, пакоі, дзе падпісвалися дакументы аб капітуляцыи Германіі ў Патсдаме. Там усё стаяла на тых жа месцах, што і пры падпісанні, на крэслах віселі шыльдачкі з подпісамі “ў гэтым крэсле сядзеў Жукаў”, “у гэтым крэсле сядзеў Эйзен¬хаўэр” і г.д. Асабліва ўразілі паездкі ў Сан-сусі. Гэта былая рэзідэнцыя прускіх каралёў уражвае сваёй велічнасцю, багаццем, пышнасцю. Яе можна параўнаць хіба з Версалем у Францыі ці Пецергофам у Расіі. Я тады захаплялася фатаграфіяй, шмат здымала, таму зараз у сямейных альбомах шмат здымкаў ГДРаўскай пары. Люблю ў вольны час іх пераглядзець, паўспамінаць.
— Якія перамены адбыліся ў вас, вашай сям’і за апошнія гады?
— Шмат чаго добрага. У Віктара, можна сказаць, залатыя рукі і настойлівы характар. Ён загарэўся жаданнем зрабіць жыццё зручным – і ідзе да сваёй мэты. Пабудаваў гараж, правёў водаправод, падключыўся да газу – гэта такая зручнасць! Зараз завяршаем рамонт у доме. Праз некаторы час прыйдзіце, паглядзіце, якая будзе прыгажосць.
Размаўляць з гасціннай, словаахотлівай і цікавай жанчынай можна было яшчэ доўга, але дарога пазвала далей.
* * *
Крайняй на старой частцы вуліцы Ясеніна сядзібу Мікалая Місніка называю ўмоўна, бо за ёй ёсць яшчэ шэраг дамоў 80-ых гадоў пабудовы. Проста з жыхарамі астатніх дамоў пагутарыць па розных прычынах не давялося.
Мікалай пачаў будавацца адразу, як толькі вярнуўся з арміі і ажаніўся. Выбраў, як сам кажа, самы недарагі варыянт — дом са шлакабетону. Грошы ішлі толькі на цэмент ды іншыя расходныя матэрыялы. Шлаку было багата, бо амаль кожная кацельня тады паліла каменны вугаль. Замешваў шлакабетонны раствор, заліваў у апалубку – слой сцяны гатовы. Так у хуткім часе і паставіў сцены, накрыў дах, уставіў вокны. Хата атрымалася прасторная, зручная для жыцця вялікай сям’і. У хуткім часе ў Мікалая Мікалаевіча і яго жонкі Валянціны Мікалаеўны нарадзіліся старэйшы сын Віталь, дачка Наташа і малодшы сын Коля – Мікалай трэці, як яго яшчэ жартам завуць у сям’і.
Мікалай дваццаць гадоў адпрацаваў у сельгастэхніцы і зараз не менш пятнаццаці год працуе ў “Прамшвеймэблі”. Спецыяльнасць – электрык. Коля пасля дзевяці класаў паступіў у Віцебскі каледж сувязі, а потым – у Мінскі вышэйшы каледж сувязі, зараз вучыцца на чацвёртым курсе.
Валянціна Мікалаеўна ўжо шмат гадоў працуе галоўным бухгалтарам электрамеханічнага завода. Віталь, Наташа жывуць і працуюць у Мінску, стварылі свае сем’і, у іх па дзве дачкі.
Дзеці раз’ехаліся, ладзяць сваё жыццё, аднак не пусцее вялікая хата, рэгулярна наведваюцца да бацькоў сыны і дачка. Летам унучкі некалькі месяцаў гасцявалі ў бабулі з дзядулем.
Дом Міснікаў ужо шэсць гадоў, як газіфікаваны, а вось водаправода да мінулага года не было, даводзілася карыстацца студняй. Летась некалькі жыхароў бліжэйшых дамоў аб’ядналіся і сумесна правялі сабе ваду. Мікалай падлічвае, што на падвод вады ўсяго затраціў каля 500 тысяч рублёў. Згодзен, грошы не маленькія, аднак і зручнасць не меншая. Так што цяпер толькі жыць – не тужыць.
* * *
Новая частка вуліцы Ясеніна ўмоўна пачынаецца ад дома №37, дзе зараз пражывае маладая сям’я Міхно. Алег служыць у міліцыі, маёр, жонка Алена – у дэкрэтным водпуску па догляду малодшага сына Максіма, якому толькі два гады. Старэйшы Ілья, якому ўжо 14, вучыцца ў школе.
Калі сям’я вырашыла будаваць уласнае жыллё, былі розныя варыянты. Напрыклад, ім прапаноўвалі пляц ля Мінскай шашы. Аднак, параіўшыся, Алена і Алег вырашылі будавацца тут. Паблізу ж пачалі свае будоўлі браты Алега. Маладой сям’і дзяржава дала крэдыт. У 2007 годзе справілі наваселле.
Дом збудавалі прыгожы, вялікі. Усе работы вялі комплексна: узводзілі сцены, падводзілі ваду і газ.
Наступным, хто сустрэўся на Ясеніна, стаў начальнік участка добраўпарадкавання КУВП ЖКГ “Лепель” Уладзімір Галай. Дзе будавацца, доўга не меркаваў — толькі на Пясчанцы, тым больш, што паблізу, на вуліцы Марунькі жывуць бацькі. Вялікі, прыгожы, абкладзены белай цэглай дом, падведзены газ і вада. У бліжэйшых планах – паставіць лазню і гараж.
— Ці даўно тут жывеце?
— Тыдні тры. Да гэтага мы з жонкай Алёнай, нашы дзеці Жэня і Паша жылі на кватэры.
Усяго на вуліцы Ясеніна 51 дом. У самым канцавым жывуць Мікалай Васільевіч і Таіса Маркаўна Карабані. Засяліліся ў гэту хату ў 1994 годзе.
— Як вам тут, наводшыбе, жывецца?
— Нармальна. Залетась правялі ваду, летась – газ, — адказвае Таіса Маркаўна. — Так што жыць стала весялей. Нядаўна стараннямі мужа і суседа Уладзіміра Галая зрабілі па вуліцы адсыпку жвірам.
На тым вандроўка па Ясеніна завяршылася. Вуліца ўжо сфарміраваная, у бліжэйшай перспектыве яе далейшага росту не прадбачыцца. У наступныя гады жыхары мяркуюць заняцца далейшым добраўпарадкаваннем, газіфікацыяй, падвядзеннем водаправода.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках:
Валерый Правада.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>