Лепяльчанка на тылавым… фронце

Паказаўшы пасведчанне ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны, Марыя Фёдараўна як бы засаромелася, апусціла вочы:
— Я і не думала, што яны дадуць мне “ветэрана”, але далі…
А чаго тут саромецца? Так, васямнаццацігадовая Марыя Сышчанкава не ха¬дзіла ў штыкавую атаку, не сядзела ў акопах, не выцягвала параненых з поля бою пад бамбёжкамі. Але яна амаль год цярпліва і самааддана падымала на ногі нашых байцоў у палявым шпіталі, які перамяшчаўся ўслед за фронтам. На вайне не заўсёды яскрава акрэслена перадавая, на вайне перадавая там, дзе найбольш патрэбен ты. І хіба маладзенькія дзяўчаткі, якія суткамі не спалі, выходжвалі цяжка параненых, усялялі ў іх душу надзею на далейшае жыццё і Перамогу, не ваявалі?!
Родам Марыя Фёдараўна са Смаленшчыны, з-пад той самай Катыні, пра якую цяпер хто ж не чуў! Расла ў сям’і вясковага інтэлігента і калгасніцы. Бацька Фёдар Мацвеевіч працаваў старшынёй сельскага Савета, маці Дар’я Ерафееўна шчыравала ў калгасным полі. З роднай вёсачкі Барсукі сям’я пераехала бліжэй да Катыні. Марыі, адзінаму ў сям’і дзіцяці, споўнілася на той час восем гадоў. Бацька ўладкаваўся ў ваенны санаторый загадчыкам гаспадарчай часткі, маці пайшла працаваць на кухню.
Але грымнула вайна — і зноў планы памяняліся. Бацьку забралі на фронт. Што было рабіць жанчыне адной без мужа, у чужых краях? Дар’я вярнулася ў Барсукі да сваёй цёткі, у якой таксама былі дзеці. Сталі жыць упяцёх. Шаша далёка, вёсачка невялікая. Немцы не запыніліся ў Барсуках. І таму ў вайну мясцовым жылося крыху вальней. Капалі¬ся на агародах, якія ў часі¬ны ліхалецця ратавалі ад голаду. Каб галадалі, не помніць Марыя Фёдараўна, але і не багата жылі. Бацька не вярнуўся з вайны — загінуў на фронце. У сорак чацвёртым, пасля вызвалення, зноў паехалі ў Катынь, дзе была хоць якая праца — у шпіталі. Ды раптам шпіталь зняўся з месца і рушыў услед за фронтам. Марыя, якой на той час ужо ішоў васямнаццаты год, адправілася ў дарогу таксама. Спачатку спыніліся ў Снове. Пастаялі там некаторы час — і далей, у Польшчу. Там затрымаліся аж да Перамогі.
Марыя Фёдараўна не надта любіць прыгадваць тыя часіны, ды і падзабылася шмат за столькі гадоў. Помніць толькі, што працы было вельмі шмат, стамляліся — на знос. Добра, што маладыя былі, вытрымалі той цяжар, які абрынуўся на іх кволыя дзявочыя плечы. Што ж, на вайне як на вайне. Нездарма ж Марыя атрымала медаль “За Перамогу над Германіяй”.
Пасля вайны шпіталь перадыслакаваўся ў Беларусь. Так і трапіла Марыя на Лепельшчыну, у Бароўку. На аснове шпіталя быў заснаваны ваенны санаторый. Спачатку дзяўчына працавала афіцыянткай, затым пайшла вучыцца на бухгалтарскія курсы. Пасля працавала касірам, рахункаводам, начальнікам фінансавага аддзела.
Замуж выйшла ў сорак дзявятым годзе, сустрэўшы ў санаторыі электрыка Цімафея Шатыронка. Праз год нарадзілася Ала, яшчэ праз сем — Сяргей. Зараз сын плавае ў Ледаві¬тым акіяне, ён старшы механік на атамным ледаколе “Вайгач”. Сям’я яго жыве ў Вілейцы. Калі вяртаецца з рэйса, родныя прыязджаюць да маці і бабулі ў Бароўку. У Мінску працуе інжынерам-электрыкам дачка, якая таксама часта наведваецца да маці. У Марыі Фёдараўны ўжо дарослыя ўнукі, ёсць шасцігадовы праўнук Яраслаў. А вось другога праўнука яна пакуль не ведае імя, бо ён толькі што нарадзіў¬ся.
Жыве бабуля адна ў Бароўцы, у прасторнай кватэры. І, нягледзячы на свае восемдзесят сем гадоў, сама прыбірае ў хаце, гатуе есці, нават градку пад акном завяла, дзе вырошчвае моркву, агуркі. Дзесяць кусцікаў памідораў сёлета паса¬дзіла. Градка, вядома ж, каб заняць час, на жыццё Марыі Фёдараўне хапае. Не прывыкла яна сядзець склаўшы рукі.
М. ВАЛОХА.
На здымку: Марыя Фёдараўна Шатыронак.
Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>