Шакаладны фантанчык стварае лепяльчанка

OLYMPUS DIGITAL CAMERA— І што гэта была за фантазія?
— Шакаладны фантанчык, — вочы ў маёй субяседніцы загарэліся, і ад гэтага твар, здавалася, стаў яшчэ болей адухоўленым.
— Шакаладны? — здзівіўся я. — Хіба такія бываюць?
— Бываюць! — усміхнулася Алеся і пачала мне падрабязна распавядаць пра тэхналогію прыгатавання аднаго з экспанатаў музея шакаладу ў Санкт-Пецярбурзе.
Правільна, для яе, чалавека, бясспрэчна, творчага, ніколькі не дзіўныя тыя экспанаты — і конь, і зайцы шакаладныя, і — во цуд — нават фантан. Прыйшло ж вось людзям у галаву ўвекавечыць незвычайнае хараство падзення вады ў… шакаладзе.
У Піцер Алеся Січэнка ездзіла проста так — да сваякоў. Пагуляла па горадзе, падзівілася яго непаўторнай архітэктурай, кожны элемент якой — своеасаблівы помнік розных эпох. А заадно і пабачыць тое, пра што дагэтуль хіба толькі чула, чытала ў кніжках, але ж не бачыла на свае вочы. Узбагаціць сваё творчае ўяўленне.
Напэўна, вы падумалі, што пішу пра мастачку ці пра дызайнера. А вось і не адгадалі. Хаця дызайнер — гэта таксама пра яе ў нейкай ступені… Алеся працуе… кандытарам у філіяле “Лепельскі хлебазавод” РУВП “Віцебскхлеб¬прам”. Пячэ тарты. Аднак жа кожны торт — гэта, можна сказаць, мастацтва. Так, ён робіцца па пэўнай тэхналогіі, і, калі вымяраць дазіроўкамі, можна падумаць, што ўсе тарты аднаго і таго ж гатунку павінны быць аднолькавымі. Каб жа не так! Калі ты кандытар творчы, то намалюеш свой аўтарскі малюнак з тых самых вывераных грамаў шакаладу, масла ці бялка.
Я застаў дзяўчыну за прыгатаваннем торта “Чайная ружа”. Не ведаў жа, што менавіта ружа і акурат бэжавага, пастэльнага колеру ёй падабаецца больш за астатнія кветкі.
— Люблю пяшчотныя, няяркія, някідкія колеры, а яшчэ — арабінавы і бэзавы, — прызнаецца Алеся.
Творчаму чалавеку карціць зрабіць нешта новае, спазнаць нязведанае, паэксперыментаваць. Алеся Січэнка з тартамі эксперыментуе ўвесь час. То з-пад яе рук выходзяць героі дзіцячых казак ці мульт¬фільмаў — звяры розныя, машынкі. То яна заўзята бярэцца за кветкі… Увесь час нешта чытае, літаратуру спецыяльную, папаўняе свой досвед, пашырае творчы далягляд, купляе прыстасаванні для раздзелкі.
А сама купленых тартоў… не любіць. Алесі-гаспадыні падавай дамашняе печыва. Рабіць тарты дома — яе любімы занятак. І вось жа некаму пашанцавала з жонкай, якая так цудоўна забяспечвае сям’і “салодкае жыццё”!
Той “нехта” — чыгуначнік Сяргей Січэнка, машыніст цеплавоза.
Гэтаму чалавеку пашанцавала не толькі на жонку-кандытара, але і на повара. Алеся гатуе ўсё, не толькі салодкае, — хутка, лёгка і абавязкова творча. Пальчыкі абліжаш, пакаштаваўшы прыгатаваных ёю зразаў. І ўжо да чаго Алеся сціплы, патрабавальны да сябе чалавек, а вырабамі сваімі і сама паласавацца не супраць.
Дзяўчына вясковая, з Велеўшчыны. Хоць і жыве зараз на высокім гарадскім паверсе, але не цураецца гаспадарчай працы. Да маці на градкі ездзіць рэгулярна, разумее, што без “харчовага цягніка” з вёскі пражыць у горадзе будзе цяжкавата.
Кароткія станцыі на яе жыццёвым шляху — школа, Віцебскае прафтэхвучылішча №16, дзе два гады вучылася прафесіі пекара-кандытара па накіраванні. Атрымала трэці разрад. З месяц фасоўшчыцай папрацавала, а затым запрасілі на хлебазавод. Пачала з укладчыка, машыніста фармовачных машын і пякарняў. І года не прайшло — паставілі пячы булкі. А да вялікіх святаў рабіла тарты ў кандытарскім цэху. Удзельнічала ў абласным конкурсе кандытараў у Оршы і заняла трэцяе месца. Павышала кваліфікацыю на курсах у Мінску.
— А што робіш дома, калі не пячэш ды не варыш?
— Займаюся рукадзеллем: раблю сувеніры і іншыя ўпрыгажэнні са шкляных бутэлек, а таксама розныя вазы, куфэркі.
Ці ж нятворчы чалавек здолее з бутэлькі звычайнай зрабіць твор мастацтва!
Сёлета дзяўчына паступіла вучыцца далей — у Віцебскі індустрыяльна-педагагічны каледж на тэхніка-тэхнолага кандытарскай вытворчасці. Трэба ж удасканальваць сваё прафесійнае майстэрства, трэба ж расці.
На здымку: кандытар трэцяга разраду Алеся Січэнка.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>