На Лепельшчыне створаны рэальныя перадумовы

НА ЛЕПЕЛЬШЧЫНЕ СТВОРАНЫ РЭАЛЬНЫЯ ПЕРАДУМОВЫ аздараўлення дэмаграфічнай сітуацыі. Хоць і не так дынамічна, як хацелася б, але пакрысе нівеліруюцца негатыўныя тэндэнцыі, што назіраліся гады тры назад. Працэс не самаадвольны, а практычна скіраваны ў вызначанае рэчышча. Асвойваюцца і ўкараняюцца новыя сучасныя метады аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву, павышаецца кваліфікацыя медыцынскага персаналу, умацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы аховы здароўя “Цэнтральная раённая бальніца”.
А што вельмі хвалюе, дык гэта смяротнасць у працаздольным узросце. Часцей паміраюць мужчыны. Фактараў таму нямала. Яны агульнавядомыя. Працаздольныя грамадзяне пакідаюць гэты свет пераважна з-за хваробы сістэмы кровазвароту. Нельга скідваць з рахунку і так званыя знешнія фактары — траўмы, атручванне алкагольнымі напоямі, самазабойствы і г.д. Уносяць чалавечыя жыцці таксама даволі інтэнсіўна анкалагічныя захворванні, хваробы органаў стрававання.
З асоб, якія стаяць на дыспансерным уліку з артэрыяльнай гіпертэн¬зіяй і ішэмічнай хваробай сэрца, выдзелены пацыенты з высокай ступенню рызыкі, складзена на кожнага праграма рэабілітацыі. Больш хворых накіроўваюцца на кардыёхірургічную экспертную камісію з мэтай вызначэння аператыўнага лячэння. Для ранняй дыягностыкі закуплена медыцынскае абсталяванне, рэактывы, уве¬дзены ў эксплуатацыю сучасны рэнтгенаўскі апарат. Больш інтэнсіўна прызначаюцца базісная тэрапія, супрацьрэцыдыўнае лячэнне. Для пацыентаў з хранічнай паталогіяй выкарыстоў¬ваецца апарат «Рамонак» з пашыраным комплексам лячэбных методык.
У бальніцы фукцыянуе аддзяленне эндаскапіі. Праведзена звыш двух тысяч даследаванняў. Выяўлена больш як 20 падазрэнняў на анкапаталогію. А гэта выратаваныя жыцці. Ранняя дыягностыка і эфектыўнае лячэнне даюць шанец перамагчы каварную небяспечную немач. Людзі баяцца яе як агню. І вядома. Падпільноўвае хвароба ахвяру працяглы час і нярэдка наносіць смяротны накаут.
АБ МЕДЫЦЫНСКІМ АБСЛУГОЎВАННІ ЛЕПЯЛЬЧАН наша газета падрабязна распавядала ў шэрагу артыкулаў і карэспандэнцый. Паўтарацца няма сэнсу. Закранём хіба такі важны аспект нашай тэмы, як здаровы лад жыцця. Здароўе, кажуць, у аптэцы не купіш. Народная мудрасць. У знак згоды ўсе ківаюць галовамі. Ківаць і моўчкі пасіўна пагаджацца — адно, а зусім іншае — жыць у сем’ях па здаровых крытэрыях. Не заўсёды і далёка не ва ўсіх атрымліваецца. На ўліку з трывожным дыягназам алкагольнай залежнасці стаіць больш як 700 чалавек. Гэта яўная група рызыкі. Жанчын таксама не абмінула бяда. На жаль, шырока разрэкламаваныя методыкі кадзіравання нярэдка даюць збоі. Запрашалі славутых дактароў і на Лепельшчыну. Збіралі выпівох, бясплатна кадзіравалі, а многія бязвольна зноў апускаліся ў багну алкагольнага дурману. Трэба спадзявацца не толькі на сілу ўнушэння звонку пабочнага чалавека, а самому выкарасквацца з палону страшнай залежнасці ад напояў з градусамі. Не ўсе тыя напіткі бяспечныя. Атручванне магчыма. Выпадкаў, вобразна кажучы, мясцовага разліву, можна прывесці колькі заўгодна, асабліва калі паглядзець на праблему ў разрэзе некалькіх гадоў.
Нездаровы лад жыцця, розныя заганныя звычкі, нейкая антыпатыя да фізічнай культуры і спорту, да фіззарадкі рані¬цой імкліва зніжаюць імунітэт арганізма. Ланцужок павольна перацякае з бытавой у вытворчую сферу. Скажам, часовая страта працаздольнасці перасягнула ўжо мінулагодні ўзровень. Самыя высокія паказчыкі ў негатыўным сэнсе слова назіраюцца на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм, філіяле РУВП “Віцебскхлебпрам” “Лепельскі хлебазавод”, ААТ “Лепельскі рамонтна-механічны завод”, ДКУБП “Лепельская ПМК-75”, ААТ “Лепельскі малочнакансервавы камбінат” і інш.
Між тым для арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай і спартыўнай работы функцыянуюць спартыўныя і трэнажорныя залы, лёгкаатлетычныя бегавыя дарожкі, баскетбольныя, валейбольныя і комплексныя спартыўныя пляцоўкі, міні-футбольныя палі. Традыцыйна праводзяцца конкурсы на лепшую арганізацыю актыўнага адпачынку ў летні перыяд, акцыі «Лепельшчына — за здаровы лад жыцця», «Усе на старт», дні зда¬роўя, дэкады здаровага ладу жыцця. Дынамічнага пашырэння, на маю думку, патрабуюць сумесныя заняткі дзяцей і бацькоў. Яны не толькі даюць зарад бадзёрасці і фізічнай трываласці, але і садзей¬нічаюць пераемнасці здаровых традыцый. Сямейныя каманды актыўна прымаюць удзел у штогадовых спаборніцтвах па летніх і зімовых відах спорту.
Кіраўнікі суб’ектаў гаспадарання павінны тварам павярнуцца да стварэння аптымальных умоў працы падначаленных. Лабараторна абследавана 67 прадпрыемстваў і арганізацый. Занята тут каля дзвюх тысяч чалавек. Летась выдадзена 31 прадпісанне. З 299 пунктаў рэалізавана 289. Відавочныя зрухі. І яны на карысць чалавека працы. Супыняць хаду недаравальна. Пад ляжачы камень вада не цячэ. Планамернае аздараўленне вытворчых працэсаў, асабліва са шкоднымі ўмовамі, прывядзе і да аздараўлення ўсяго народнагаспадарчага комплексу. На гэта нельга шкадаваць сродкаў. Яны акупяцца шматкратна. Да таго ж скупы плаціць двойчы.
Дарэчы, пазітыўныя змены ў рэчышчы аховы працы садзейнічалі захаванню жыцця і здароўя кадраў. Летась чатыры чалавекі атрымалі цяжкія траўмы на вытворчасці (ААТ “Лепельскі рамонтна-механічны завод” — тры работнікі, ДРАЦ “Жамчужына” — адзін), а сёлета, каб не сурочыць, няма такіх выпадкаў. Між тым супакойвацца нельга. Размова ж ідзе не аб нейкай другараднай дробязі, а аб найвышэйшай каштоўнасці — чалавеку, яго існаванні ў грамадстве.
З пачатку года на 29 працоўных месцах палепшаны ўмовы працы з перавышэннем дапушчальнага ўзроўню шуму, вібрацыі, запыленасці, асветленасці. Лепей працаваць стала на 18 працоўных месцах, якія прыведзены ў адпаведнасць з патрабаваннямі гігіенічных нарматываў. Зараз на прадпрыемствах і ў арганізацыях ідзе працэс планавай атэстацыі рабочых месцаў па ўмовах працы. Адцянім мэту — ацэнка фактараў вытворчага асяроддзя, цяжару і напружанасці працоўнага працэсу, якія аказваюць уздзеянне на працаздольнасць і зда¬роўе работніка, распрацоўку і рэалізацыю плана мерапрыемстваў па паляпшэнні ўмоў тэхналагічных працэсаў.
СТАТЫСТЫКА ЗАСВЕДЧВАЕ: штогод на тэрыторыі раёна адбываецца прыблізна 40 пажараў, агонь знішчае матэрыяльныя каштоўнасці, пакідае людзей без прытулку. Пры тым самае страшнае — у пажарах гінуць людзі, якія сталі закладнікамі ўласнай нядбайнасці. За мінулы перыяд агонь забраў шэсць чалавечых жыццяў. Найбольшая колькасць пажараў са смяротным зыходам адбываецца ў начны час, калі людзі не могуць своечасова выявіць пажар і прыняць меры па яго ўтаймаванні. Аўтаномны пажарны апавяшчальнік (АПА) рэагуе на задымленне і падае гукавы сігнал, які разбудзіць нават тых, хто моцна спіць. За 2011 — 2013 гады былі ўсталяваны АПА ў 220 домаўладаннях і кватэрах. Сігналы аб спрацоўванні апавяшчальнікаў выведзены на святло-гукавыя прылады ў 169 грама¬дзян.
Зараз зіма. Лепяльчане паляць у печы. Трэба ж абаграваць сваё жытло. Трэба, але з улікам праві-лаў супрацьпажарнай бяспекі. Адрамантаваны печы ў 89 домаўладаннях, даведзена да ладу электраправодка ў 46. З мэтай прафілактыкі гібелі людзей на пажарах раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях узята на ўлік жыллё шматдзетных сем’яў, іншых катэгорый грамадзян з групы рызыкі.
Вядома, у адным артыкуле нельга ахапіць усе аспекты дэмаграфічнай бяспекі ў рэгіёне. Пра многія раённая газета ўжо інфармавала чытачоў. І далей падобная практыка будзе працягвацца, набываць новыя абрысы ў святле новых рэалій. Варта помніць, што паўнацэнны дэмаграфічны пульс функцыянуе толькі ў камфортных умовах пражывання і працы грама¬дзян. І клапаціцца аб яго напоўненасці павінна не толькі дзяржава, але і сам грамадзянін. Кожны ў першую чаргу адказны за ўласную бяспеку і здаровы быт, за жыццё сваіх нашчадкаў. Прапісная ісціна, скажаце. Не буду пярэчыць. Прапісная. Дык не будзем забываць пра яе.
Уладзімір  ШАЎЧЭНКА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>