Лепельскія скарбы

OLYMPUS DIGITAL CAMERAКажуць, у кожнай рэчы ёсць душа. Глядзіш на вырабы лепельскіх майстроў — і сумнявацца не даводзіцца. Народнае адзенне, ручнікі, паясы, лялькі… Нібы насамрэч у іх схавалася душа, прычым не толькі народных умельцаў, але і тая далёкая — нашых продкаў. Аб тым, што ў справе адраджэння і развіцця традыцыйнай культуры няма ні дробязей, ні другасных дэталяў, удзельнікі народнага клуба “Скарбонка” ведаюць добра. Таму перад тым, як увасобіць выраб у рэальнасць, вывучаецца яго гісторыя: ці то каляровая гама народнага адзення, ці то характэрны прыём ткацтва. Вывучаецца дасканала, дапытліва…

І такая праца не можа быць не заўважанай. Дарэчы, два месяцы шчыравалі ўсе супрацоўнікі над вырабам касцюмаў для полацкага фальклорнага калектыву “Палата”. На рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва “Берагіня” палачане атрымалі спецыяльны дыплом за зберажэнне традыцый у касцюме. Прыемна, але што ні кажы,  гэта ўсё роўна закуліссе таленту. Праўда, лепельскіх майстроў такія абставіны не засмучаюць: свае ўзнагароды іх знаходзяць.

Рэспубліканскі фестываль-кірмаш рамёстваў “Вясновы букет”, рэспублі­канскае свята “Купалле” — “Александрыя збірае сяброў”, міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі  базар у Віцебску”, міжнародны фестываль дзіцячай творчасці “Залатая пчолка”, нацыянальная выстава “Інсіта”, “Дажынкі”, абласное свята гісторыка-культурнай спадчыны, фальклору і рэдкіх традыцыйных рамёстваў “Букет Паазер’я”… Немалы спіс конкурсаў і фестываляў, на якіх клуб “Скарбонка” неаднаразова станавіўся лаўрэатам. Акрамя таго, вырабы лепельскіх майстроў бачылі і за мяжой: майстар-класы нашы ўмельцы паказвалі не толькі блізкім сусе­дзям, але і жыхарам Дрэздэна, Нарвы, Лодзі. Удзельнічалі яны ў Днях культуры Беларусі ў Латвіі,  Эстоніі,  Германіі,  у міжнародных фестывалях у Венгрыі, Чэхіі. Больш за 200 вырабаў — такая экспазіцыя Лепельскага Дома рамёстваў дэманстравалася ў Нацыянальным музеі Рэспублікі Беларусь.

Зараз у клубе 70 майстроў, сярод іх члены Беларускага саюза майстроў народнай творчасці А. М. Чэрні­каў, В. У. Ільніцкая,  члены Беларускага саюза мастакоў А. У. Ільіноў, А. Я. Пшанко.  Клуб “Скарбонка” ганарыцца тым, што адкрыў свету такія імёны, як Васіль Жарнасек і  Зінаіда Ляйко. Сёння карціны Васіля Жарнасека і гліняныя вырабы Зінаіды Ляйко ёсць у многіх музеях краіны. У 2011 го­дзе  двум удзельнікам народнага клуба “Скарбонка” Ніне Кудзінай і Наталлі Петуховай прысвоена ганаровае званне “Народны майстар Беларусі”.

А пачыналася ўсё ў 1989 годзе. Ужо праз два гады клуб “Скарбонка” атрымаў ганаровае званне “Народны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”. І менаві­та “Скарбонка” стала фундаментам для адкрыцця клубнай установы новага тыпу “Дом рамёстваў” у 1992 годзе. З 2006 года дырэктарам з’ўляецца Алена Барадзейка.

— Высокую планку задала першы яго кіраўнік  Вольга Жукава, і мы павінны трымаць гэты ўзровень, — усміхаецца Алена Іванаўна.

Удзельнікі народнага клуба “Скарбонка” — людзі рознага ўзросту і розных прафесій. Яны займаюцца разнастайнымі відамі народнай творчасці: вышыўкай, саломапляценнем, лозапляценнем, батыкам, жывапісам, ткацтвам, вырабам народных строяў і іншымі, але ўсіх іх аб’ядноўвае энтузіязм і вялікая любоў да нацыянальнай спадчыны. Займаюцца тут народнымі рамёствамі нават цэлымі сем’ямі. Творчых пар усяго пяць. Напрыклад, Смірновы захапляюцца пляценнем з лазы, абрэзкавым шыццём, сям’я Ганчар распісвае шкло, тчэ паясы, габелены. Сям’я Чэрнікавых пляце з саломы, а сям’я Камека спалучае захапленні ткацтвам, вышыўкай, макрамэ, вязаннем кручком.

 

У творчых майстэрнях

 Дарэчы, “Скарбонка” мае статус абласнога базавага калектыву па аказанні метадычна-кансультацыйнай дапамогі па традыцыйных рамёствах і народным выяўленчым мастацтве. Заняткі, выступленні, кансультацыі з мэтай папулярызацыі народнага мастацтва праводзяцца як з работнікамі культуры іншых раёнаў, спецыялістамі адукацыі, так і з жыхарамі раёна. Актыўна вядзецца прапаганда беларускай нацыянальнай культуры праз арганізацыю лекцый, семінараў, майстар-класаў і экскурсій па Доме рамёстваў і мастацкім салоне “Скарбонка”. У сярэднім за год  праводзіцца каля  70-ці  экскурсій,  60 майстар-класаў па розных відах рамёстваў, лекцыі, лекцыі-кансультацыі. Гэтыя мерапрыемствы ладзяцца на платнай аснове. Актыўна наведваюць іх студэнты і вучні.

Насельніцтву горада і раёна прапаноўваецца для навучання 12 накірункаў традыцыйнага беларускага рамяства: кераміка, роспіс па шкле, ткацтва паясоў, беларуская лялька, ткацтва на кроснах, ганчарства, саломапляценне, вышыўка, вязанне на прутках, выраб нацыянальных галаўных убораў, стварэнне беларускага нацыянальнага касцюма, выцінанка.

Творчыя майстэрні зарыентаваны на адра­джэнне і развіццё традыцыйных рамёстваў, рэканструкцыю аўтэнтычных рэчаў і стварэнне калекцый сучасных вырабаў на аснове народных традыцый. Народнае адзенне “Белая русь”, “Тканае адзенне”, “Віцебскі ручнік”, “Беларускі пояс”, “Традыцыйная лялька” — такія калекцыі былі створаны ў выніку іх калектыўнай працы. Так, 47 адзінак касцюмаў уключае калекцыя “Белая русь”. Гэта ­адзенне беларусаў розных сацыяльных груп, гістарычных перыядаў і рэгіёнаў. 187 адзінак налічвае калекцыя “Беларускі пояс”. Выканана ў розных тэхніках, у тым ліку “на дошчачках” — тэхніцы, характэрнай для Лепельшчыны. Калекцыя “Беларуская лялька” зроблена згодна з народнымі строямі Беларусі з выкарыстаннем ручных вышыўкі і ткацтва па аўтарскай тэхналогіі народнага майстра Беларусі Наталлі Петуховай. Ёсць сярод іх і традыцыйныя лялькі-закруткі, трапічныя і абрадавыя лялькі, якія народным умельцам апісвалі мясцовыя жыхары. Маецца калекцыя этнаграфічных вырабаў (ганчарства, ткацтва, вышыўкі). Зараз  ідзе работа над калекцыяй “Тканіны Віцебшчыны”.

Фонд аўтэнтычных прадметаў быту і вырабаў народных майстроў папаўняецца  ў час  этнаграфічных экспедыцый па раёне. Сабраны  звесткі аб тэхналогіях вырабу традыцыйных рэчаў, адшуканы старадаўнія посцілкі, ручнікі, тканыя дарожкі, знойдзены цікавыя ўзоры ткацтва. Фондавая калекцыя аўтэнтычных рэчаў налічвае  450 адзінак вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і 100 карцін самадзейных мастакоў Лепельшчыны. З 2008 года былі праве­дзены экспедыцыі па многіх сельсаветах — Лядненскім, Баброўскім, Слабадскім, Стайскім.

Асноўнай мэтай экспедыцыйных паездак па Лепельшчыне з’явіўся збор матэрыялаў па традыцыйным касцюме. Старанна і дакладна фіксаваліся яго абрадавыя функцыі, асноўныя атрыбуты, значная ўвага надавалася выяўленню тэхналагічна-арнаментальнай, абрадавай спецыфікі побытавых тканін. І пачалася рэканструкцыя касцюма. Зараз у фондзе 17 камплектаў касцюмаў традыцыйных строяў Віцебшчыны, у тым ліку 13 камплектаў традыцыйных касцюмаў Лепельскага строю: жаночы і мужчынскі, касцюм лепельскіх мяшчанак, галаўныя ўборы, тканыя паясы.

Распрацавана праграма  курсу навучання рамяству  вучняў пачатковых класаў  “Самабытная практыка народа”, сумесна з БелІПК, для вучняў старэйшых класаў — праграма “Традыцыйныя рамёствы Беларусі”. Праграмы арыентаваны  на лепшыя дасягненні ў народным мастацтве, пры вывучэнні якіх фарміруюцца духоўныя каштоўнасці асобы. Раскрыццё багацця і разнастайнасці народных рамёстваў, навучанне азам саломапляцення, вышыўкі, лепкі з гліны, знаёмства з эвалюцыяй адзення і беларускімі строямі — усё гэта са­дзейнічае фарміраванню беражлівых адносін да духоўнай спадчыны беларускага народа. У працэсе навучання рамяству і знаёмства  з творамі,  вырабленымі майстрамі, вучні глыбей пазнаюць сваю індывідуальнасць.

“Лепельшчына любая мая…”

  З 2012 года ў Доме рамёстваў можна ажаніцца. “Абрад “Вяселле” — паслуга платная, але ж традыцыя так адзначыць знамянальную падзею ў сваім жыцці знаходзіць прыхільнікаў. Апранутыя ў рэканструяваныя строі свацця, дружкі праводзяць абрад згодна з ўсімі правіламі старадаўняга народнага звычаю.

З 2009 года новай, цікавай формай работы клуба стала правядзенне пленэраў мастакоў. Па іх выніках адбылася выстава “Лепельшчына любая мая”. Добрай традыцыяй для клуба стаў удзел у раённай выставе “Фарбы Лепельшчыны”,  якая адбываецца адзін раз у два гады.  Гэта выдатная магчымасць  пабачыць новыя творы вядомых мастакоў — Ігара Бу­дзіча, Анатоля Чулкова, Аляксандра Саўчанкі, Анатоля Ільінова, Паўла Жарнасека, Уладзі­міра Пшонкі.

Народны клуб “Скарбонка” наладзіў творчыя стасункі з майстрамі Глыбоччыны, Ушач, Полаччаны. Прайшлі сумесныя творчыя сустрэчы, ладзяцца выставы. Так, у Глыбокім адбылася выстава “Таямніцы дрэва” І. Будзіча, а ў Лепелі —  “Мелодыя маляванкі” С. Скавырка. Зусім нядаўна завяршылася выстава глыбоцкага мастака Дзмітрыя Літвінава. З Глыбокага на радзіму вярнулася выстава габеленаў і нацыянальных лялек.

Вельмі  папулярнымі застаюцца такія формы працы,  як майстар-класы (ла­дзяць іх, дарэчы, не толькі для дзяцей, але і дарослых), экскурсіі, лекцыі-кансультацыі. Падчас іх можна не толькі ўбачыць работу майстра, але і самому зрабіць рэч, якая падабаецца. Майстры клуба супрацоўнічаюць з Інстытутам фальклору і этнаграфіі АН Беларусі, Беларускім інстытутам культуры. Яны актыўна ўдзельнічаюць у канферэнцыях, семінарах, дзе ўзнімаюцца пытанні ўзнаўлення і захавання традыцыйнага мастацтва.                                                          Адны з апошніх — навукова-практычны семінар у БелДІК “Традыцыйная культура беларусаў: ахова, тэхналогія захавання і міжпакаленныя трансляцыі”, канферэнцыя “Мастацтва прымітыву і яго формы ў сучаснай культуры”.

Шчыра сустракаюць майстры і гасцей, нала­джваюць кантакты. У мінулым годзе Лепельскі Дом рамёстваў наведала дэлегацыя Мінскай вобласці — завязаліся новыя знаёмствы, новае супрацоўніцтва з установамі культуры Мінскага рэгіёна. Устанавіліся сяброўскія адносіны з Данскім ваенна-гістарычным музеем (Расія),  які шмат працуе над рэканструкцыяй касцюма.

Клуб “Скарбонка” цесна супрацоўнічае з Лепельскім краязнаўчым музеем, працуе з іх фондамі, а музейныя работнікі, у сваю чаргу, звяртаюцца да майстроў, каб вызначыць тэхніку неабходных экспанатаў, падрабязна іх апісаць.

Своеасаблівай візітоўкай раёна ўжо паспеў стаць салон-магазін. Заўсёды параіць патрэбную рэч пакупнікам яго гаспадыня, метадыст Ірына Гаўрыленка. З году ў год павялічваецца таваразварот магазіна, што сведчыць аб папулярнасці і прызнанні старання майстроў. За апошні год магазінам зароблена грашовых сродкаў  40287364 рублі. Акрамя таго, арганізоўваецца і выязны гандаль. Гэта дае  не толькі дадатковы даход майстрам, але і  пэўную  рэкламу Дому рамёстваў, і наогул Лепельшчыне.

Шырокая выставачная дзейнасць калектыву, удзел у фестывалях розных узроўняў дазволілі майстрам не толькі праявіцца ў лепшых сваіх мастацкіх вартасцях, але і бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй, геаграфіяй роднай Беларусі, параўнаць асаблівасці рэгіянальных культур. Але самае галоўнае — клуб “Скарбонка” захоўвае традыцыйныя рамёствы і дае магчымасць навучыцца ім моладзі. Згадзіцеся, нібы дапамагаюць пераадолець “часавую яму” паміж продкамі і патомкамі. Дарэчы, годная мэта — годнае выкананне…

Падрыхтавала Кацярына АСОЎСКАЯ.

 На здымках: метадыст-майстар Дома рамёстваў Таццяна Размысловіч са сваёй вучаніцай; народны майстар Беларусі Ніна Кудзіна; запрашае “Лепельскі панадворак”; беларуская лялька.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>