“Зялёныя маршруты”
Аб развіцці агратурызму на Лепельшчыне гутарым з інструктарам-метадыстам па турызму фізкультурна-аздараўленчага цэнтра аддзела спорту і турызму Вольгай Маханенка.
— Вядома, што наш рэгіён стаў адной з тых тэрыторый Беларусі, дзе актыўна развіваецца агратурызм. Ці не гэта стала падставаю для правядзення менавіта на Лепельшчыне семінара па ўстойліваму развіццю раёна?
— Праходзіла гэта мерапрыемства ў межах праекта “Праграма развіцця ААН і Еўрасаюза”, у якім мы прымаем актыўны ўдзел. Прынамсі, на семінары разглядаліся пытанні магчымасцяў рэгіёна ў развіцці малога бізнэсу і стварэнні працоўных месцаў, планавання, стварэння новых вытворчасцяў і суб’ектаў малога бізнэсу на Лепельшчыне ды іншыя. Адбыўся абмен вопытам. Справа ў тым, што ў семінары ўзялі ўдзел чатыры польскія эксперты, якія падзяліліся вопытам планавання і развіцця гміны Ланцкарона. І нам таксама было пра што распавесці.
— Якія дачыненні ў Лепельшчыны з гэтым польскім рэгіёнам?
— Плённа супрацоўнічаем. Крыху раней наша дэлегацыя наведала Польшчу ў межах развіцця міжсектарнага партнёрства на міжнародным узроўні. Заключаны шэраг дамоваў з польскім бокам: паміж асяродкам культуры “Гміны” і Валосавіцкім сельскім Саветам, паміж нашым аддзелам спорту і турызму і таварыствам выпускнікоў міжнароднай Акадэміі ў Кракаве, а таксама паміж пярвічнай арганізацыяй “Сялянка” і таварыствам “Аматары Ланцкароны” — гэтыя людзі жывуць у розных месцах, але аб’ядноўвае іх цікавасць і ўвага да роднага свайго гарадка. На чарзе — пагадненне паміж адной са школ на Лепельшчыне і ў Гміне.
— Такім чынам, палякі прыехалі з візітам у адказ?
— Так. Напярэдадні семінара ў Лепелі яны наведалі Новыя Валосавічы, дзе дэталёва азнаёміліся з ініцыятывамі мясцовага насельніцтва па ўстойліваму развіццю вёскі. Уразіла гасцей, з якім трымценнем даглядаюць вяскоўцы пахаванні на мясцовых каталіцкіх могілках.
— Па якіх накірунках развіваецца агратурызм?
— Цікава, што зараджэнне агратурызму ў Беларусі адбылося па ініцыятыве знізу яшчэ ў 2003 годзе. У той час была створана грамадская арганізацыя “Адпачынак на вёсцы”, членам праўлення якой я з’яўляюся. За апошнія гады на Лепельшчыне распрацаваны турыстычны маршрут “Край жоўтых гарлачыкаў і сівых валуноў”, працягласць яго 155 кіламетраў. Маршрут арганічна ўвайшоў у сетку еўрапейскіх зялёных маршрутаў. Супрацоўнічаем з абласным цэнтрам маркетынга, рознымі дзяржаўнымі ўстановамі, шматлікімі міжнароднымі арганізацыямі. Выйгралі тры праекты па ўстойліваму развіццю і атрымалі гранты. Першы — на ўмацаванне “зялёнага маршруту”, дзякуючы чаму паставілі тры інфармацыйныя шчыты — у Окане, Аношках і сялянска-фермерскай гаспадарцы “Люкжына”. Паднавілі разметку па маршруце, выпусцілі рэкламныя паштоўкі, каляндарыкі, буклеты. Другі — “Развіццё міжнароднага партнёрства”, аб чым мы ўжо казалі. І трэці — праект упарадкавання зоны адпачынку на возеры Люкшына.
— Ці адчуваеце падтрымку мясцовага насельніцтва?
— Безумоўна. Без яго не абысціся. “Свае людзі” ў нас паўсюль. Дарэчы, 25 лістапада можна будзе іх пабачыць па тэлебачанні. Здымачная група праграмы “Зона Х” пабывала ў Окане, дзе жыве Зінаіда Мірановіч. Ля яе хаты — “дрэва шчасця”, цесна сплеценае двума камлямі, шэрыя чапелькі, якія жывуць на падворку, амаль як куры, гарбуз-гігант, вырашчаны на агародзе. У Велеўшчыне нашы “Жэняць Цярэшку”, прымаюць гасцінна ў Аношках. Свае людзі ў нас у Вялікім Поўсвіжы, дзе створаны музей старых рэчаў хатняга ўжытку, і ў Двары Парэчча, на аграсядзібе Аляксея Часнакова. І гэта толькі некаторыя адрасы. Нам вельмі дапамагаюць вяскоўцы, гэта абнадзейвае.
— Падзяліцеся бліжэйшымі планамі.
— У снежні прымем удзел у Міжнароднай канферэнцыі па стварэнню “бізнес-інкубатараў” у падтрымку суб’ектаў агратурызму, якая пройдзе ў Мінску. Будзем прымаць турыстаў, якія ахвотна едуць да нас не толькі з Беларусі, але і з бліжэйшага, і далёкага замежжа.
Гутарыў Уладзімір МІХНО.
На здымку: у “Люкжыне” прымаюць гасцей, удзельнікаў міжнароднага кангрэса студэнцкай моладзі па пытаннях развіцця экагаспадарак і агратурызму.