Атака брыгады «Дубава». Лепельскія рэйды

1Вераломны напад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на нашу краіну адразу зрабіў у кожнага тагачаснага жыхара Беларусі падзел яго асабістага жыцця на час да вайны і пасля яе пачатку. Не абмінула ваеннае ліхалецце і лёс Васіля Гарбачова, 1924 года нараджэння, ураджэнца вёскі Аношкі.

— Ужо зімой 1941 года ў ваколіцах Аношак з’яві¬ліся партызаны атрада Лінькова, — успамінаў Васіль Іванавіч. — У лютым 1942 года я дапамагаў ім знішчаць тэлефонную правадную сувязь уздоўж дарогі Лепель — Барысаў. Усяго яна была выведзена са строю на адлегласці каля аднаго кіламетра. Аднак у лясныя салдаты мяне тады не ўзялі, паколькі быў яшчэ малалеткам. І толькі 20 мая 1943 года я разам з іншымі сваімі сябрамі Уладзі¬мірам Васільевічам Гарбачовым, Канстанцінам Іосіфавічам Мікулёнкам, Мікалаем Яфімавічам Пшонкам і Мікалаем Кузьмічом Прускім пайшоў у партызаны.
Першыя дні знаходзіліся ў вёсцы Валова Гара ў атрадзе №6 брыгады “Дубава”. Баявыя дзеянні разгортваліся вельмі хутка. Ужо ў самым пачатку чэрвеня 1943 года мне разам з іншымі народнымі мсціўцамі давялося паміж вёскамі Адамаўка і Сялец з боем прарывацца з акружэння, паколькі дарога Лепель — Барысаў была поўнасцю блакіравана немцамі. Я быў уключаны ў атакуючую групу партызан, у якой знаходзілася каля 60 чалавек. Хоць гітлераўцы першымі нас заўважылі перад тым, як мы ўшчыльную наблізіліся да дарогі, але мы іх разбілі. Шлях наперад быў адкрыты, партызаны выйшлі з варожага кальца.
У атрадзе №6 партызанскай брыгады “Дубава” я знаходзіўся па 5 кастрычніка 1943 года, потым быў пераведзены ў атрад №4 брыгады імя Сталіна. Служыў разведчыкам. На баявыя заданні хадзіў разам з Уладзімірам Гарбачовым.
У час наступлення партызан на горад Лепель 20 кастрычніка 1943 года наш атрад дайшоў да чыгуначнага дэпо і перакрыў дарогу Лепель — Поўсвіж. У час гэтай баявой аперацыі загінуў наш зямляк Дзям’ян Кульга з вёскі Замошша.
Упартыя баі давялося весці з немцамі пры іх наступленні на Ушацкі раён у 1944 годзе. Неяк пасля чарговай атакі фашыстаў быў накіраваны ў разведку. На беразе рэчкі каля вёскі Падлобныя Лепельскага раёна натыкнуўся на шасцярых немцаў. Непрыкметна да іх наблізіўся і расстраляў з аўтамата. А 15 мая 1944 года разам з яшчэ трыма партызанамі-разведчыкамі вяртаўся з чарговага задання. Непадалёк ад вёскі Углы Ушацкага раёна ўбачылі на сасне немца-сувязіста, якога ўзялі ў палон і даставілі ў атрад. А ў канцы мая 1944 года быў вялікі бой паблізу рэчкі Ушач. Прарвалі абарону гітлераўцаў ва ўмовах начнога баявога сутыкнення і выпадкова разам з начальнікам разведкі атрада Іванам Ляхам і партызанам Уладзімірам Гарбачовым дагналі немца, які адступаў. З-за капны сена ён збіраўся адкрыць па нас агонь, аднак я яго апярэдзіў, паспеў ударыць прыкладам па галаве і забіць. Фашыст аказаўся афіцэрам. Мы забралі яго зброю і дакументы, даставілі іх у партызанскі штаб. Пасля выхаду з варожага акружэння знаходзіліся ў вёсцы Валова Гара.
17 чэрвеня 1944 года мяне разам з Уладзімірам Гарбачовым камандаванне накіравала правесці разведку сіл і ўмацаванняў гітлераўцаў на дарозе Лепель — Барысаў у раёне вёсак Дубрава і Сялец. На жаль, ноччу з 18 на 19 чэрвеня ў вёсцы Малая Уцеха мы нечакана натыкнуліся на нямецкую засаду і былі ўзяты ў палон. У фашысцкім палоне давялося знаходзіцца аж да вызвалення 1 мая 1945 года.
М. АЗЁРНЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>