Дэлегаты IV Усебеларускага народнага сходу

328 упаўнаважаных ад прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў горада і раёна сабраліся ў зале РДК, каб вылучыць лепшых прадстаўнікоў дэлегатамі на IV Усебеларускі народны сход. Сярод удзельнікаў мерапрыемства прысутнічалі 192 жанчыны, 131 чалавек ва ўзросце да 31 года, 184 — з вышэйшай адукацыяй, 196 інжынерна-тэхнічных работнікаў і спецыялістаў народнай гаспадаркі, 55 рабочых прамысловасці і сельскай гаспадаркі.

Старшыня райвыканкама Пётр Шыкшнян пазнаёміў прысутных з асноўнымі паказчыкамі работы народнай гаспадаркі раёна. З пачатку года створана 1400 новых рабочых месцаў. Беспра­цоўе зніжана да 1,6 працэнта. Сярэдняя зарплата складае 369,6 долара. За пяцігодку аб’ём прамысловай прадукцыі ўзрос болей як удвая, спажывецкіх тавараў — у 2,5 раза, прадукцыі сельскай гаспадаркі — удвая, рознічнага тавараабароту — у 1,5 раза, платных паслуг — у 1,6 раза. У прамысловым комплексе раёна найбольш дына­мічна развівалася акцыянернае таварыства “Лепельскі МКК”. За пяцігодку на ім асвоена вытворчасць і выраблена 4300 тон замяняльніка сухога натуральнага малака на агульную суму 13,8 мільярда рублёў.

Прадстаўнікі працоўных калектываў прапанавалі 10 кандыдатаў на Усебеларускі народны сход. Дэлегатамі ад Лепельскага раёна абраны начальнік упраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама Іосіф Бакевіч, начальнік абласнога ўпраўлення фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Мікалай Бялоў, галоўны ўрач лячэбна-прафілактычнай установы “Лепельская раённая ветэрынарная станцыя” Святлана Знарок, урач-стаматолаг УАЗ “Лепельская цэнтральная раённая бальніца” Кацярына Казлова, начальнік інвестыцыйна-будаўнічага ўнітарнага прадпрыемства “Лепельскае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва” Галіна Любімава, старшыня сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Чарэйшчына” Міхаіл Мільчанін, старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Місюра, камандзір роты в/ч 71327 Сяргей Нікіценка, аператар машыннага даення сельгас­філіяла “Заазер’е” Тамара Чарняўская, старшыня райвыканкама Пётр Шыкшнян.

Карэспандэнт папрасіў некаторых дэлегатаў выказацца адносна свайго абрання дэлегатамі на Усебеларускі сход.

— Рада прадстаўляць свой будучы родны горад на такім высокім форуме, — сказала Кацярына Казлова.

— Чаму Лепель назвалі родным у будучым часе?

— Сама віцябчанка. У Лепелі жыву і працую другі год. Горад падабаецца. Спа­дзяюся, што застануся ў ім назаўсёды.

— Непакоюся за будучыню як лепяльчан, так і ўсяго беларускага народа, — сказала Святлана Знарок. — Таму на Усебеларускім сходзе буду падтрымліваць прапановы і рашэнні, скіраваныя на паляпшэнне дабрабыту людзей, асабліва працаўнікоў сельскай гаспадаркі, сістэмы аховы здароўя, шматдзетных мацярок.

— Плённай працай апраўдаю аказаны мне давер, — зазначыў Міхаіл Мільчанін.

Уладзімір ШУШКЕВІЧ.

На здымку: дэлегаты IV Усебеларускага народнага сходу.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>