На лепельскім базары

Адразу пры ўваходзе з боку кафэ “Аліса” жанчына прадавала журавіны. Ягады былі буйныя, прыгожыя. Пацікавіўся коштам. “Дваццаць пяць тысяч рублёў за літр”, — быў адказ. А побач пажылы мужчына прапаноў¬ваў самаробныя мётлы па такой жа цане. Відаць, што інструмент зроблены па-майстэрску: ручкі да белізны адшліфаваныя, іх прыемна ўзяць.

Як заўсёды, у першую чаргу скіраваўся на сельскагаспадарчую пляцоўку. Прадаўцоў на той час было не так і шмат, хаця ўжо каля дзесяці гадзін. У двух месцах прадавалі капусту. З агародаў сабраны апошнія качаны, надышоў час засольваць яе, таму гараджане актыўна набываюць. Дарэчы, цана на гэты тавар не змянілася — 3,5 тысячы рублёў за кілаграм. Не змянілася і цана на збожжавыя. Як і ў мінулыя выхадныя, прадаўцы прасілі па 25 тысяч за дзесяцілітровае вядро ячменю ці пшаніцы. Хаця базар ёсць базар, можна было і патаргавацца.
А вось цана на бульбу крыху паднялася. Дзесяцілітровае вядро вялікіх клубняў прадавалі ўжо па 35 тысяч рублёў. Прадаўцоў гэтага тавару ў нядзелю было няшмат, заўважыў толькі тры машыны. Пабачым далей, наколькі будзе трывалай заўважаная тэндэнцыя. Цалкам верагодна, што на наступныя выхадныя кошт на бульбу вернецца на ранейшае значэнне.
Вельмі шмат на базар прывозіцца яблыкаў. Відаць, што садоўніцтва на Лепельшчыне падымаецца на якасна новы ўзровень. У ранейшыя гады сады пладаносілі раз на два гады. Цяпер жа яблыкамі і грушамі можна ласавацца штогод. Завезены новыя сарты, якія ўстойлівыя да перападаў надвор’я, хутка прыжываюцца на новых месцах. У нядзелю яблыкі прадаваліся па цане ад шасці да дзесяці тысяч рублёў за кілаграм.
У мясным павільёне значных перамен не адбылося. Свініну прадавалі ў некалькіх месцах, тавар разыходзіўся бойка, цэны на яе з часу мінулага наведвання базару засталіся тыя ж. А вось цяляціны ці бараніны не заўважыў.
Павільён малочны быў ажыўлены, як і ўвесь базар, дарэчы. Месцамі прайсці да заўважанага тавару было праблематычна. Аднак і тут кошты на асноўныя прадукты засталіся без зменаў. Хіба што тварог крыху падаражэў, у мінулую нядзелю яго прапаноўвалі ўжо па 35 — 40 тысяч рублёў. Вельмі шмат было малака, прадуктаў з яго, а таксама мёду, яек. Дарэчы, цэны на апошні тавар не былі адназначнымі. Дзве суседкі побач прадавалі курыныя яйкі: адна — па 15 тысяч рублёў за дзясятак, другая — па 20. Асаблівай розніцы не заўважыў.
Набор экзатычнай садавіны быў амаль стандартны: вінаград некалькіх сартоў, хурма, прывезеныя з далёкіх краёў яблыкі ды грушы. А вось арбузаў і дыняў не было. Напэўна, скончыўся іх сезон, развітаемся з імі да наступнага жніўня.
У прадчуванні хуткага наступлення зімы пацікавіўся такім важным таварам, як зімовыя курткі і паліто. Апошні тавар на базары чамусьці не знайшоў. Можа, таму што шукаў не дужа пільна, а магчыма, таму што не надта ён папулярны ў лепяльчан. Курткі ж прадаваліся ў больш як дзясятку месцаў, прычым самых розных коштавых катэгорый. У залежнасці ад патрэбы, можна было выбраць жаночыя і мужчынскія мадэлі ад 600 тысяч рублёў да 1,8 мільёна, і нават вышэй.
На завяршэнне звярнуў увагу на снегавыя лапаты, падумаўшы, што хутка яны стануць вельмі патрэбнымі і актуальнымі. Яны прадаваліся ў некалькіх кропках, прычым кошты розніліся. Пластмасавая на драўлянай ручцы каштавала 55 тысяч, фанерная — 65 тысяч.
У панядзелак упэўніўся ў ранейшай выснове. Неба сыпанула снегам, які тэрмі¬нова трэба было чысціць. Пайшоў даставаць з кладоўкі сваю старую снегавую лапату.
Б. САНЕЎ.
На здымку: сустрэча на базарных радах.
Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>