Восеньскія клопаты лепяльчан

Апошнімі гадамі стаіць надзвычай сухая, прыгожая восень, болей падобная да зацягнутага лета. Прыемна, вядома. Можна спакойна ўбраць ураджай з поля. Можна забыць пра парасон. Аднак бываюць у сухой восені свае відавочныя мінусы. Пра іх і пра іншыя праблемы гутарым са старшынёй Горскага сельскага Савета Васілём Бадзяем.
— Ці ўзніклі, Васіль Аляксандравіч, праблемы, звязаныя з працяглым перыядам надзвычай сухога надвор’я?


— На жаль, праблемы ўзніклі, бо не ўсе студні вытрымалі выпрабаванне засухай. Вось і сёння паступіў трывожны званок з Будзішча. Дагэтуль аналагічная праблема ўзнікла ў Караевічах. Трэба ехаць і разбірацца на месцы. Дарэчы, сёлета па просьбах жыхароў выкапалі сіламі бароўскіх камунальнікаў дзве новыя студні ў Гарадчэвічах. Вёска ўвогуле знаходзіцца на гары. Думалі, не дакапаемся да вады. На шчасце, у выніку пошукаў натрапілі, па ўсім відаць, на крыніцы. Вада аказалася блізка.
— Якое ўвогуле становішча з забеспячэннем вадой?
— Здавальняючае. У Заслонаве, Межыцы, Горках працуюць водаправоды. Правялі водаправод і ў Бораўне. Астатнія вёскі забяспечваюцца вадой са студняў. Ёсць пэўныя праблемы са студнямі ў некаторых вёсках: трэба пачысціць, замяніць крышку, — але яны ўжо меней істотныя.
— Рана стала цямнець. Ці гатовы да наступлення міжсезоння?
— Прынялі рашэнне аптымізаваць вулічнае асвятленне: дзесьці ўрэзаць, а дзесьці і дабавіць. Напрыклад, у Заслонаве ёсць участкі, дзе асвятлення яўна занадта, а ёсць і праблемныя ўчасткі — тэрыторыя ад гандлёвага цэнтра да дома №575 і паміж дамамі №№602 і 634 праз пешаходны мосцік. Акрамя таго, з мэтай эканоміі электраэнергіі ўстанаўліваем энергазберагальныя лямпачкі.
— Ці на ўсіх могілках наведзены парадак, што асабліва актуальна напярэдадні Дня памяці.
— Сёлета выпільвалі аварыйныя дрэвы на могілках у Горках і Зорніцы. Прадпрыемства “Полацксельбуд” выканала работ на суму адзінаццаць мільёнаў рублёў. Прымаем захады па вывазцы смецця з могілак. Устанаўліваць кантэйнеры там, можа, і немэтазгодна. Смецце штодзень не назапашваецца, да таго ж, кантэйнер могуць і ўкрасці. Дастаткова вывозіць своечасова. На саміх могілках адносны парадак навялі, больш хвалююць пад’езды да іх, скажам, у Гарадчэвічах, дзе могілкі знаходзяцца ў лясным масіве, і ў першую чаргу — у аграгарадку. У Горках праблема ўскладняецца неразбярыхай, да чыйго ведамства адносяцца землі на пад’ездзе да могілак. У выніку мы не маем магчымасці праводзіць рамонтныя работы.
— Сухая восень — спрыяльны час рамантаваць дарогі…
— Сёлета, нарэшце, вырашылася праблема рамонту дарогі паміж Заслонавам і Караевічамі, якога так доўга чакалі. Летась яе перадалі на баланс філіяла “Лепельскае ДРБУ-202”. Гэта арганізацыя за кошт уласных сродкаў — сорак мільёнаў рублёў — падсыпала гравіем найбольш праблемныя ўчасткі дарогі, зманціравала трубапераезды па балоцістай мясцовасці, праз ручаі, пашырыла праезную частку шляхам падсыпкі і выкаранення дрэў і кустоўя. Зрабілі рамонт і на некаторых іншых участках дарог і дваровых тэрыторый. У Заслонаве рыхтаваліся да дня вайсковай часці 71327, падчас якога адкрылі абноўлены помнік воінам, што загінулі ў лакальных войнах і ва ўзброеных канфліктах на тэрыторыі былой постсавецкай прасторы. У сувязі з гэтым зрабілі ямачны рамонт прылеглай тэрыторыі — праезнай часткі і прыдамавой тэрыторыі. Заключылі дамовы на выкананне работ з ДЭУ-37 і КУП “Камунальнік” з Бароўкі. Замошчаны ямы, зроблены два “спячыя паліцэйскія”. У бліжэйшых планах — выразка аварыйных дрэў. Увесь пакет дазвольнай дакументацыі ўжо атрымалі. Работы будуць выконваць бароўскія камунальнікі.
— Дрэвы рэжаце, а як забяспечваецца дрывамі насельніцтва?
— Неўзабаве будзем весці планавую нарыхтоўку дроў сіламі насельніцтва і КУП “Горкісельгаспаслугі” для дастаўкі і рэалізацыі іх насельніцтву.
Гутарыў М. ВАЛОХА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>