Пераможныя фінішы

401У Лепельскім аддзяленні абласной дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы прафсаюзаў па веславанні на байдарках і каноэ “Альбатрос” зараз навучаюцца дзвесце юнакоў і дзяўчат: у горадзе — 156 чалавек, у Бароўцы — 44 . Структурныя падраздзяленні абласной ДЮСШ працуюць таксама ў Віцебску і Новалукомлі. Сёлета споўнілася 40 год, як навучальная ўстанова пачала працаваць, шырока адкрыла свае дзверы для тых, хто захапляецца веславаннем на байдарках і каноэ, з’яўляецца прыхільнікам здаровага ладу жыцця.


— У кастрычніку ў Новалукомлі на водным канале, зладкаваным каля Лукомскага возера, было арганізавана адкрытае першынство абласной ДЮСШ, прымеркаванае да гэтай знамянальнай падзеі, — паведаміла інструктар-метадыст навучальнай установы Іна Харкевіч. — У ім удзельнічалі не толькі лепшыя навучэнцы нашай школы, але і найбольш падрыхтаваныя юныя байдарачнікі і канаісты з Магілёва, Барысава, Полацка і Оршы. Усяго ў спаборніцтвах змагаліся за перамогу больш за 100 юнакоў і дзяўчат.
— Хто паказаў найлепшыя вынікі сярод лепельскіх спартсменаў?
— Сярод дзяўчат-байдарачніц, якія выступалі ва ўзроставай групе 1999 года нараджэння і маладзей, на абодвух дыстанцыях 500 і 200 метраў другое месца заваявала Наталля Ланько. А ва ўпартай спартыўнай барацьбе сярод дзяўчат 1998 года нараджэння і старэй, якія пераадольвалі на байдарках водны шлях у 500 метраў, трэцяй прыйшла на фініш Елізавета Аношка.
Шпарка рухалася па воднай гладзі вяслярнага канала і байдарка Аляксея Юшко, што дазволіла юнаму спартсмену заняць трэцяе месца на дыстанцыі 500 метраў. Ён апярэдзіў многіх сваіх равеснікаў, якія выступалі разам з ім ва ўзроставай групе 1998 — 1999 гадоў нараджэння.
На каноэ ж сярод юнакоў 1998 — 1999 гадоў нараджэння вызначыўся Васіль Кубар, які паказаў трэці вынік на 500-метровай дыстанцыі. А сярод спартсменаў 2000 года нараджэння і маладзей на дыстанцыях 1000 і 500 метраў не было роўных Ілью Дзямко, другое месца на гэтых абодвух дыстанцыях заваяваў яго сябар Ілья Харкевіч. Завяршыў жа сваё выступленне на гэтых спаборніцтвах наш канаіст Ілья Дзямко яшчэ адной бліскучай перамогай — ён быў першым на фінішы і на 200-метровай дыстанцыі.
Не падвялі і нашы канаісты-юніёры, якія змагаліся ва ўзроставай групе 1997 года нараджэння і старэй. Тут першае месца заняў на дыстанцыі 200 метраў Аляксандр Гінтофт. Такога ж выдатнага поспеху дасягнуў яго зямляк Ілья Палонскі, які вёў самаадданую барацьбу на дыстанцыі 1000 метраў. Пераможны быў фініш у Ільі Палонскага і на дыстанцыі 500 метраў. Добры вынік паказаў на гэтых спаборніцтвах яшчэ адзін наш спартсмен Дан Харкевіч, які заваяваў трэцяе месца на 500-метровай дыстанцыі.
— Ці паступалі сёлета лепяльчане ў Віцебскае вучылішча алімпійскага рэзерву?
— Залічаны ў восьмы клас гэтай навучальнай установы Ілья Дзямко. Выхаванцы тут знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні і па заканчэнні атрымліваюць сярэднюю спецыяльную адукацыю. У дзявяты клас вучылішча алімпійскага рэзерву паступіў і яшчэ адзін наш навучэнец Аляксей Юшко.
— Якую фізкультурна-аздараўленчую работу праводзіце зараз са сваімі выхаванцамі?
— Закончыўся сезон спаборніцтваў гэтага года, цяпер ажыццяўляюцца разнастайныя фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы. Асаблівая ўвага надаецца агульнафізічнай загартоўцы, выкананню розных фізічных практыкаванняў, у тым ліку падцягванню на перакладзіне. Добрыя вынікі прыносяць заняткі лёгкай атлетыкай, для чаго праводзяцца кросы, спаборніцтвы па бегу на спрынтарскія дыстанцыі. Згодна з праграмай агульнафізічнай падрыхтоўкі прадугледжана таксама арганізацыя гульняў па футболе і баскетболе, заняткаў іншымі відамі спорту з выкарыстаннем у зімовы час залы раённага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра.
У час школьных канікулаў на вяслярнай базе будзе працаваць спартыўна-аздараўленчы лагер дзённага ўтрымання.
— Як былі адзначаны супрацоўнікі навучальнай установы з нагоды 40-гадовага юбілею ДЮСШ?
— На спартыўнай базе ў Новалукомлі адбыўся сход калектыву, на якім ушаноўваліся многія нашы работнікі. Нагруднымі знакамі рэспубліканскага спартыўнага клуба прафсаюзаў былі ўзнагароджаны трэнеры-выкладчыкі Аляксандр Аношка і Дзмітрый Юшкевіч. Ганаровую грамату ўпраўлення спорту і турызму аблвыканкама атрымаў трэнер-выкладчык Валерый Харкевіч. Ганаровых грамат абласнога спартыўнага клуба прафсаюзаў удастоены інстуктар-метадыст Іна Харкевіч і вадзіцель спецмашыны для перавозкі вяслярных суднаў Анатоль Макераў. Ганаровымі граматамі абласной ДЮСШ “Альбатрос” адзначана добрасумленная праца трэнера-выкладчыка Міхаіла Гінтофта, механікаў па тэхнічных відах спорту Віктара Яршова і Віктара Місніка, апальшчыка Ларысы Кравец.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.
На здымку: на трэніровачных занятках.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>